Анатоль РОСТАЎ. Фота Святланы БЯЛЯК.
“Працаваць патрэбна на карысць людзей”. Гэтыя словы, прамоўленыя старшынёй абласнога Савета дэпутатаў Юрыем Наркевічам, сталі лейтматывам семінара, што ладзіўся 2 лістапада на Жабінкаўшчыне з удзелам кіраўнікоў распарадчых органаў пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню, якія сёлета ўпершыню былі абраны на свае пасады.
І. Край годных людзей і кветак цудоўных
МІНУЛА БОЛЬШ ЗА ВОСЕМ месяцаў з часу, калі ў Беларусі прайшлі выбары ў мясцовыя Саветы. Склад іх за гэты перыяд прыкметна змяніўся, таму і ўзнікла неабходнасць у сустрэчах, падобных на гэтую. Можа, у народных абраннікаў і бракуе пакуль вопыту ў новым для сябе відзе дзейнасці, але тое самае жаданне працаваць дзеля людзей прысутнічае дакладна. Прынамсі, гэта адчувалася і пры наведванні аб’ектаў, і ў час пленарнага пасяджэння.
Раней сустрэчы ўжо ладзіліся на Кобрыншчыне і Берасцейшчыне, зараз месцам для семінара-вучобы стаў наш край. У ім паўдзельнічалі новыя старшыні сельскіх Саветаў з Баранавіцкага і Бярозаўскага, Ганцавіцкага і Жабінкаўскага, Івацэвіцкага і Камянецкага, Кобрынскага і Ляхавіцкага раёнаў.
Першым месцам, адкуль пачалося знаёмства з Жабінкаўшчынай, стаў Ракітніцкі сельскі Дом культуры, дзе гасцей сустракалі гожай народнай песняй ды хлебам-соллю артысты ансамбля “Вярбічанька”. З дзейнасцю ўстановы падрабязней пазнаёміла яе кіраўнік Алена Фядыніч, а бібліятэкар Надзея Давідзюк расказала пра знакамітых ураджэнцаў сельсавета, кім па праву ганарацца ракітчукі.
Гэта, найперш, заслужаны артыст Беларусі Іван Герасевіч, пісьменнікі Альбін Дзяконскі і Расціслаў Бензярук. Дарэчы, гасцей зацікавіла радаводнае дрэва шляхетнай сям’і Дзяконскіх, што некалі жылі і тварылі ў Пятровічах. Не засталіся абыякавымі і ад наведвання пакоя сялянскага быту, заняткаў гуртка “Бусинки”, які ўзначальвае Ганна Працук. Удзельнікі семінара з прыемнасцю адзначылі выдатны стан тутэйшай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Па яе светлых абсталяваных кабінетах, якімі актыўна карыстаюцца вяскоўцы, атрымліваючы належнае медыцынскае абслугоўванне, правёў намеснік галоўнага ўрача райбальніцы Леанід Карповіч. З развіццём усяго раёна гасцей пазнаёміў старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк.
І ў культурнай, і ў медыцынскай установах наведвальнікі цікавіліся, наколькі шчыльна ўзаемадзейнічаюць іх спецыялісты з сельвыканкамам. Прыкладаў добрых, нават сяброўскіх, адносінаў дастаткова: тут і святы вёсак, якія праводзяцца з дапамогай сельскага Савета, і праца з самымі рознымі катэгорыямі людзей, і наладжванне прышчэпачнай кампаніі, ды інш. Яўнай адзнакай клопату пра самых маленькіх стала дзіцячая пляцоўка паблізу Ракітніцкай школы. Увогуле, аграгарадок, на аднаўленне якога сёлета было выдаткавана каля 50 тысяч рублёў, пакінуў у наведвальнікаў найлепшыя ўражанні. Прычым, як падкрэслівалася, жыхары бяруць удзел у жыцці свайго населенага пункта, а таму хвалююцца за ягоны стан, усведамляючы, што гэта зроблена для іх і іх рукамі.
Старшыня сельвыканкама Валерый Андраюк заўважыў, што нават Дошка гонару ў Ракітніцы крыху адрозніваецца ад ранейшай. Калісь, як правіла, на ёй змяшчаліся партрэты выключна прадстаўнікоў сельскагаспадарчай галіны. Цяпер жа побач з імёнамі лепшых працаўнікоў ААТ “Ракітніца” можна пабачыць і педагога, і выхавальніцу, і медыка, і гандляра, і прадстаўніка лясніцтва — адным словам, усіх, хто сваёй працай сёння ўслаўляе гэтую зямлю.
Сярод такіх асобаў — кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Ева-Лэнд” Анастасія Кухарчук. Ужо праз лічаныя хвіліны Анастасія Паўлаўна (нібыта сышла з Дошкі гонару!) вітала дэлегацыю ў сваіх кветкавых уладаннях, што размясціліся на 16 гектарах у Стрыганцы на вуліцы Палявой. Гаспадыня не хавала сакрэтаў свайго поспеху, у аснове якога — штодзённая карпатлівая і вельмі цяжкая праца. Яна, прынамсі, сказала:
— Хацелася б, каб нашы кветкі квітнелі не толькі ў вялікіх і малых гарадах, але радавалі вока і вяскоўцаў. Сваю фермерскую гаспадарку назвалі ў гонар унучкі. Яна нарадзілася ў той самы год, як атрымалі зямлю. І цяпер дакладна памятаем: Еве — дванаццаць і “Ева-Лэнду” — таксама. Хочацца, каб усе ўнукі, як падрастуць, працягвалі нашу справу, працуючы на сваёй зямлі.
ІІ. Паблізу хуткаснай дарогі жыццё не можа плыць павольна
НІБЫТА ПРАЦЯГ ГЭТЫХ слоў пачулі ўжо ў аграгарадку Ленінскі, куды далей накіраваўся аўтобус з удзельнікамі семінара. Дырэктар мясцовай школы Ірына Гурская, распавядаючы пра выхаванне дзяцей, заўважыла:
— Прывучаем сваіх школьнікаў жыць і працаваць на зямлі. Гаворым ім: нават калі вы не станеце вялікімі вучонымі, усё роўна любіць-шанаваць родную зямлю будзеце абавязкова.
Школа, як і ўвесь аграгарадок, заўжды навідавоку. Інакш і не атрымліваецца: паблізу хуткаснай аўтатрасы, што злучае цэлыя краіны, жыццё не можа ісці павольна. Гасцей у Ленінскім бывае шмат, у тым ліку сёлета 1 верасня школу наведаў старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс. Ведаюць і ганарацца ва ўстанове сваімі выпускнікамі. Многія з іх звязалі свой лёс з працай на зямлі. Асаблівай пашанай карыстаецца колішні вучань Ленінскай СШ Валерый Мігель, які загінуў восенню 1982 года ў Афганістане. Яму прысвечаны мемарыяльны куток у роднай школе.
Ірына Фёдараўна з задавальненнем распавядала пра сённяшнія поспехі іх вучняў, якія паказваюць добрыя вынікі ў алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях. Ганарыцца школа і спартыўнымі дасягненнямі (дарэчы, гэта адзіная навучальная ўстанова, дзе ўсе заняткі па фізкультуры праводзяцца раздзельна ў хлопчыкаў і дзяўчынак). У пацвярджэнне добрых вынікаў — цэлы “іканастас” грамат і дыпломаў, прывезеных дзецьмі са спаборніцтваў і алімпіяд. Яшчэ адна “разынка” Ленінскай СШ — амаль кожны трэці педагог некалі заканчваў гэтую школу, а потым вярнуўся сюды ўжо ў якасці настаўніка. З ліку былых педагогаў і сённяшні старшыня Ленінскага сельвыканкама Мікалай Лугаўскі.
Мікалай Васільевіч на правах гаспадара пазнаёміў удзельнікаў семінара з развіццём сельсавета, расказаў пра тое, што здзейснена, падзяліўся планамі на будучыню.
Калі ішла гаворка пра дапамогу школе, неаднойчы гучалі добрыя словы ў адрас падшэфнай гаспадаркі — ААТ “Рагазнянскі”. Прадпрыемства вызначаецца як адно з найбольш моцных не толькі ў вобласці, але й ва ўсёй краіне. Пагэтаму цалкам лагічнай стала сустрэча ўдзельнікаў семінара з дырэктарам гаспадаркі Аляксандрам Семенюком. Аляксандр Васільевіч не толькі распавёў, але і паказаў, у якіх умовах працуюць вяскоўцы ў адкрытым акцыянерным таварыстве.
Затым госці вярнуліся ў аграгарадок, дзе атрымалі інфармацыю ад кіраўніка жыллёва-камунальнай гаспадаркі Паўла Заграя пра тое, як аднаўляецца і добраўпарадкоўваецца Ленінскі, што зроблена, каб умовы жыцця ягоных жыхароў яшчэ больш наблізіліся па якасці да гарадскіх. У гэтую справу і ўдзельнікі сённяшняга семінара ўнеслі сваю лепту, пасадзіўшы елачкі недалёка ад помніка землякам, што загінулі на палях Вялікай Айчыннай вайны.
ІІІ. Размова пра справы надзённыя
ПЛЕНАРНАЕ ПАСЯДЖЭННЕ, што ладзілася ў будынку Ленінскага сельскага Савета, распачаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Юрый Наркевіч. Між іншым, адзначаючы добрыя захады кіраўніка сельсавета Мікалая Лугаўскога ў першыя месяцы ягонай працы на новай пасадзе, Юрый Іосіфавіч заўважыў:
— Мне даспадобы, калі ў маладога старшыні гараць вочы, ён актыўны, працавіты, заўсёды прапануе нешта слушнае і не толькі прапануе, але і робіць. Так, рэсурсаў у нас малавата, таму важна будаваць дзелавыя ўзаемаадносіны са школай, кіраўніцтвам гаспадаркі, медычнай установай, размешчанымі на вашай тэрыторыі. У гэтым плане Жабінкаўскі раён дае добры прыклад.
У тэарэтычнай частцы семінара-вучобы, якая хутка набыла абрысы дыялогу, прынялі ўдзел прадстаўнікі розных структур і арганізацый, што завіталі з горада над Бугам.
Так, намеснік галоўнага ўрача абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Таццяна Васільеўна Корчык з дапамогай слайдаў прадэманстравала, як мясцовыя органы ўлады падтрымліваюць належны стан у сваіх населеных пунктах, наколькі хутка і якасна ліквідуюцца недахопы, якія выяўляюцца падчас маніторынгаў.
Вельмі вострым зараз становіцца пытанне аб пустуючых і старых дамах на сяле. На гэтым засяродзіў увагу прысутных начальнік упраўлення жыллёва-камунальнага камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Аляксей Мартысюк.
Пра тое, як павінны дзейнічаць сельвыканкамы, каб выконвалася заканадаўства пры знішчэнні аб’ектаў расліннага свету ў населеных пунктах, распавяла намеснік начальніка адзела кантролю за аховай і выкарыстаннем зямель, нетраў, біяразнастайнасці, асабліва ахоўваемых прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзіяна Нічыпарук.
Са свайго боку, першы намеснік начальніка абласнога ўпраўлення МНС падпалкоўнік унутранай службы Аляксандр Сычоў падзяліўся сваімі поглядамі, як павінны ўзаемадзейнічаць, каб прадухіляць пагрозы пажараў, прадстаўнікі ягонай службы з сельвыканкамамі. Акрамя таго, кожны мог узяць на памяць друкаваную прадукцыю, якая спрыяе фарміраванню ў насельніцтва культуры бяспечнай дзейнасці. Гэтую тэму працягнуў і начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС аблвыканкама палкоўнік міліцыі Генадзь Вайтовіч.
Непадробную зацікаўленасць у прысутных выклікала выступленне дырэктара ЗАТ “Брэсцкі навукова-практычны парк” Дзмітрыя Макарука. Ён расказаў, якія магчымасці існуюць у атрыманні замежных грантаў, што дазваляе ажыццявіць розныя сацыяльна значныя праекты ў сельскай мясцовасці. Сапраўднай жывой ілюстрацыяй да прамовы Дзмітрыя Георгіевіча стаў вопыт, назапашаны Батчынскім сельсаветам Кобрынскага раёна. Яго старшыня Святлана Гангала падзялілася сваім досведам удзелу ў праграме “Тандэм-ІІІ”, рэалізаванай у 2016-2017 гадах. У выніку праект “Востраў дзяцінства”, распрацаваны Святланай Сямёнаўнай і яе аднадумцамі, атрымаў сродкі на ўзвядзенне паблізу Кобрына цудоўнай дзіцячай пляцоўкі. Прычым — і гэта вельмі важна — людзі настолькі загарэліся ў час агульнай працы, што працягваюць і зараз ствараць нешта новае, яркае, карыснае для сябе ды сваіх дзяцей.
