ЖАБІНКА ВІТАЛА СВЯТОЧНЫ ПОЕЗД ПАМЯЦІ

Па-рознаму можна вымяраць адлегласці. У суботу, 12 сакавіка, незвычайны “Поезд гістарычнай памяці” адолеў 340 кіламетраў ад Мінска да Брэста і адначасова — 80 гадоў, што аддзяляюць нас ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Зусім нядаўна праваахоўнікі краіны адзначалі сваё прафесійнае свята — 105-я ўгодкі беларускай міліцыі. Сярод мерапрыемстваў, запланаваных Міністэрствам унутраных спраў да юбілейнай даты, адным з найбольш яркіх стала гэтае падарожжа ў адлегласці і часе на святочным “Поездзе гістарычнай памяці”. У ім на спатканне з мінулым рухалася прыблізна тысяча праваахоўнікаў з усіх куткоў Беларусі, у тым ліку курсанты Акадэміі МУС.
Падарожжа на гістарычным цягніку, паводле задумы арганізатараў мерапрыемства, мацавала павагу да афіцэрскіх традыцый і захоўвала памяць пра подзвіг айчынных міліцыянераў у гады Вялікай Айчыннай.
На шляху святочны лакаматыў маглі вітаць жыхары не толькі сталіцы, але й Койданава і Стоўбцаў, Баранавічаў і Івацэвічаў, Бярозы і Жабінкі.
На падыходзе да нашай станцыі цягнік крыху запаволіў рух, каб яго пасажыры, а таксама жабінкаўцы, што завіталі на вакзал, маглі павітаць адзін аднаго. На пероне поезд сустракалі супрацоўнікі Жабінкаўскага РАУС, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, аддзялення Дэпартамента аховы, сябры грамадскіх арганізацый, прафсаюзаў, моладзь і школьнікі (на здымку).
Канцавой кропкай на шляху “Поезда гістарычнай памяці” стаў горад над Бугам. У ім была адкрыта мемарыяльная дошка ў памяць воінаў, якія стойка абаранялі Брэсцкі вакзал летам сорак першага года, а затым у легендарнай крэпасці адбыўся ўрачысты канцэрт-рэквіем.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Андрэя ШЫМАНСКАГА