ЖАБІНКА — СТАЛІЦА ФОРУМУ

У пятніцу, 22 ліпеня, Жабінкаўшчына прымала І Рэспубліканскі форум гарадоў–спадарожнікаў. У ім прынялі ўдзел дэлегацыі са Смалявічаў, Лагойска, Скідзеля, Рудзенска, Заслаўя, Фаніпаля, Дзяржынска. Форум наведалі міністр эканомікі Беларусі Аляксандр ЧАРВЯКОЎ і намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый ГАРАДЗЕЦКІ. Ініцыятарам правядзення сустрэчы на высокім узроўні выступіў Жабінкаўскі райвыканкам.
— Хочацца абмяняцца вопытам, выпрацаваць адзіныя падыходы і сумесна сфармуляваць прапановы па развіцці нашых гарадоў. Спадзяюся, што форум стане традыцыйным і дасць новы штуршок для росту гарадоў-спадарожнікаў, — адзначыў, адкрываючы сустрэчу, кіраўнік раёна Вадзім КРАЎЧУК.
Вадзім Васільевіч выступіў з прэзентацыяй нашага горада-спадарожніка. Ён расказаў аб рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, будаўніцтве новага мікрараёна з дзіцячым садам, дзевяціпавярховымі дамамі і сучасным гандлёвым цэнтрам, пра абнаўленне паркавай тэрыторыі, з’яўленне ў будучым новага лагістычнага цэнтра, пуску аўтобуса “Брэст-Жабінка” і “Белавежская пушча-Жабінка-Мінск”, ды інш.
— Мы правялі вялікую працу, каб высветліць, якія пытанні ключавыя для жыхароў абласнога цэнтра і могуць паўплываць на выбар Жабінкі як месца для жыцця, — паведаміў кіраўнік раёна.У Брэсце каля 28 тысяч чалавек стаяць у чарзе на атрыманне жылля, яны — нашы патэнцыяльныя жыхары. Як вынік, дзесяткі брастаўчан атрымалі ключы ад новенькіх кватэр у першай дзевяціпавярхоўцы.
Прагучала таксама ідэя ствараць у гарадах-спадарожніках студэнцкія гарадкі з філіяламі вышэйшых навучальных устаноў. Міністр эканомікі, са свайго боку, паабяцаў, што гэтая і іншыя ідэі будуць прапрацаваныя ва ўрадзе.
Аляксандр Чарвякоў (на здымку злева) назваў гарады-спадарожнікі Брэста і Гродна цэнтрамі, якія трэба сістэмна падтрымліваць:
— Важна зразумець, якія там ёсць станоўчыя практыкі, што можна прымяняць у іншых гарадах. Ёсць і праблемы, якія стрымліваюць развіццё.Таму хацелася б пачуць, якія яшчэ патрабуюцца рашэнні з боку ўрада, каб палепшыць дзейнасць сацыяльных служб, прадаставіць людзям больш камфортныя ўмовы для пражывання на гэтых тэрыторыях. Варта адзначыць: Указ кіраўніка дзяржавы
№ 214 “Аб развіцці гарадоў-спадарожнікаў” спрацаваў. З васьмі такіх гарадоў у шасці адзначаецца рост насельніцтва. Зараз стаіць задача паскорыць гэтыя працэсы. У гэтым, думаю, дапаможа форум.
Пасля абмеркавання прэзентацый гарадоў-спадарожнкаў, іх кіраўнікі і прадстаўнікі некаторых
арганізацый падпісалі пагадненні аб супра-цоўніцтве ў сферах эканомікі, адукацыі і культуры, будаўніцтва і добраўпарадкавання.
Затым удзельнікі форуму мелі магчымасць наведаць у Жабінцы першы дзевяціпавярховы дом, новы дзіцячы сад на 240 месцаў, суд, завод па вытворчасці прэміксаў “Консул”, будучы транспартна-лагістычны цэнтр.
Святлана КІСЛАЯ. Фота аўтара