Нездарма адна з апошніх творчых сустрэч у чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі мела назву “Давайце гаварыць вершамі”. Паэзія лілася тут ракой, пад дахам храма кніг яна лунала. Бо ладзілася фінальнае мерапрыемства фестывалю-конкурсу “Жабінка паэтычная”, прымеркаванага да Міжнароднага дня паэзіі. Ініцыятарам творчага спаборніцтва выступіў мясцовы паэт і прадпрымальнік Аляксандр ЛЕВАНЮК.
У конкурсе прынялі ўдзел 28 чалавек, на суд журы былі прадстаўлены 48 работ. Дарэчы, фестываль “Жабінка паэтычная” можна смела назваць міжнародным, бо геаграфічна ён закрануў беларускія і расійскія гарады ды вёскі: Санкт-Пецярбург і Варонеж, Івацэвічы і Пінск, Брэст і Жабінку, аграгарадкі Ленінскі і Ракітніца, Хмелева і Крыўляны, вёскі Старое Сяло, Замошаны і Грабаўцы. За званне лепшых змагаліся паэты і чытальнікі ад маленькага росту і пяцігадовага ўзросту да сталага веку вопытнага чалавека.
Па выніках конкурсу дыпломамі І ступені ў намінацыі “Аўтар” узнагароджаны Вольга ДРУШЧЫЦ з вёскі Старое Сяло і Вячаслаў ФЯДОТАЎ з Замошанаў. У намінацыі “Чытальнік” — Ала МІКУЦ з Хмелева, Аляксей РАДКЕВІЧ з Жабінкі і Ульяна ДЫНЬКО з Ракітніцы.
Дыпломы ІІ ступені ў намінацыі “Аўтар” уручаны Святлане РАМАНЮК з аграгарадка Ленінскі, Алене КОРНЕВАЙ з Крыўлянаў, жабінкаўчанкам Таццяне НЯМЕНЬШАЙ і Ірыне СІМАНОЎСКАЙ. У намінацыі “Чытальнік” — ракітчукам ДАВІДЗЮКАМ: Паліне і Андрэю, Сафіі МЕЛЬНІЧУК з Ленінскага ды Ясеніі ГАРУСТОВІЧ з Жабінкі.
Усе пераможцы атрымалі ў падарунак сертыфікаты ад магазіна “Кнігалюб”.
Вядучая Ірына ГАНЧАР адзначыла, што паэзія — адно з самых геніяльных дасягненняў чалавецтва. Яна натхняе, акрыляе, душу спаталяе… А пісаць вершы — вялікае мастацтва.
Гэта яшчэ раз пацвердзілі, прадэкламаваўшы ўласныя творы, Аляксандр Леванюк і Вячаслаў Фядотаў. Парадавалі прысутных сваімі чытальніцкімі здольнасцямі і юныя ўдзельнікі конкурсу.
— Фестываль “Жабінка паэтычная” — гэта адзін з крокаў на шляху стварэння згуртавання таленавітых людзей з цэнтрам прыцягнення ў Жабінцы, — сказаў Аляксандр Леванюк.
Напрыканцы арганізатары выказалі пажаданне, каб падобныя сустрэчы сталі трады-цыйнымі, каб юныя і сталыя паэты, мастакі ды іншыя творчыя людзі Жабінкаўшчыны знаёміліся паміж сабой, абменьваліся вопытам, уражаннямі, натхненнем, цеплынёй сэрцаў і палётам душы.
Наталля ВАЛОШКА
