ЖАБІНКА ХУТКА ЗАЗЗЯЕ АГНЯМІ

Каля месяца застаецца да часу, калі куранты абвесцяць змену каляндарных гадоў, а працаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўжо шчыруюць, каб свята было прыгожым і радасным.

У Брэсце ў некаторых месцах ужо запаліліся святочныя агеньчыкі. А як справы з гэтым у горадзе-спадарожніку? …На паркавай алеі, якая вядзе да летняй эстрады, спынілася аўтамашына камунальнікаў. Заданне ў іх адначасова прыемнае і адказнае: раней у зімнія вечары ды ночы ў гэтым месцы панавалі цемень ды прыцемкі — цяпер будзе святло! І не проста святло, але святочная ілюмінацыя. Бо рабочыя ўчастка саначысткі і добраўпарадкавання пад кіраўніцтвам прараба Уладзіміра КАЛІШУКА ўладкоўваюць на паўсотні метраў менавіта яе, шматколерную ілюмінацыю. Разумеючы, што гэта людзям у радасць, з ахвотаю працуюць рабочыя Іван БАРАНЧУК, Эдуард ПАНАСЮК і вадзіцель Дзмітрый БАКУН (на здымку).
— Як толькі мы зробім сваю справу, сюды прыйдуць электрыкі, — гаворыць прараб. — Тады і зазіхаціць рознымі колерамі вясёлкі куток парку, дзе любяць прагульвацца жыхары горада. Такі падарунак, вядома, узніме святочны настрой многім жабінкаўцам.
Акрамя таго, упрыгожванні да Новага года па даўняй добрай традыцыі з’явяцца на галоўнай гарадской плошчы, паміж
вуліцамі Францыска Скарыны і Лесапаркавай у мікрараёне райбальніцы, уздоўж Кірава ды Піянерскай…
Адным словам, Жабінка хутка заззяе агнямі — агнямі свята, багатага на цуды.
Антон БЕРАСТОК
Фота аўтара