“Здзіўляць і радаваць — вось наш дэвіз”

Апетытныя булачкі, пірожныя, пірагі… Хто стаіць за іх стварэннем і сочыць, каб яны своечасова апынуліся на вітрыне і парадавалі жыхароў Жабінкі? У жаночым калектыве кандытарскага цэха 14 чалавек: тэхнік-тэхнолаг, два кладаўшчыкі, упакоўшчыца, чатыры майстры, уборшчык, пяць кандытараў. Пазнаёмімся з імі бліжэй.

Жыхарка Жабінкі Ала Самайлюк з дзяцінства марыла быць кандытарам, таму пасля школы пайшла вучыцца ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “інжынер-тэхнолаг грамадскага харчавання”. Яна сочыць за працэсамі ў кандытарскім цэху, кантралюе якасць вырабаў, вядзе дакументацыю. Майстрамі змен у цэху рупяцца Святлана КАЗАК і Наталля ТРАФІМУК, Таццяна КЛАПОЦКАЯ і Галіна ТРАЦЬКО. Ала Анатольеўна адзначае, што Святлана Казак ведае ўсе рэцэпты на памяць, Таццяна любіць тварыць і шмат чытае, Галіна падыходзіць да работы з матэматычнай дакладнасцю, а Наталля Трафімук вельмі адказная. Галіна НЕСЦЯРОВІЧ і Жанна ПІЛІПОВІЧ — добрыя і шчырыя, Таццяна МЕЛЬНІЧУК і Ганна ПАЦУК могуць зрабіць любыя ўпрыгожанні і малюнкі на тортах і пірагах, а Таццяна ЖАРНАСЕК з педагагічнай цярплівасцю навучае маладых усім хітрыкам кулінарнай справы. Кладаўшчыца Святлана ЗАВАДСКАЯ адпраўляе прадукцыю на рэалізацыю. За чысціню і парадак адказвае Алена ЛІТОШЫК, якая раней працавала кандытарам. Упакоўшчыца Лідзія Пятрынчык таксама не навічок у кандытарскай справе.
Кандытарскі цэх працуе ў дзве змены. Частка выпечкі адпраўляецца ў гандлёвую сетку ў восем раніцы. Штодня работніцы цэха вырабляюць прыкладна 800 булачак, 15 кілаграмаў пірожных, да 50 кілаграмаў пячэння, 70 боханаў хлеба. Уся гэтая смаката гатуецца ўручную — механізаваны толькі працэс замешвання цеста і ўзбівання крэма.
— Сметанковае масла і мука — га-лоўныя інгрэдыенты. Няма спрэдаў, замяшчальнікаў, паляпшальнікаў. Мы адмовіліся ад хімічных дадаткаў, самі распрацавалі фірменныя торты, каб было смачна і карысна, — расказвае Ала Самайлюк. — Самае галоўнае — не парушаць рэцэптуру. Заварное цеста, напрыклад, адразу гатуецца на пліце, потым узбіваецца і фармуецца пры пэўнай тэмпературы для неабходнага аб’ёму. Пры падрыхтоўцы пясочнага цеста важна не перабольшыць з мукой.
Сфарміраваныя вырабы адпраў-ляюцца ў духавыя шафы, печы. На кандытарскія лісты ўмяшчаецца 10-12 булачак, якія выпякаюцца 20 хвілін, як і пячэнне. А вось на пірагі і піцу патрэбна ўдвая больш часу.
Асартымент вырабаў даволі вялікі. Напрыклад, пячэнне “Хвілінка”, “Пяшчота”, “Хатняе”, “Загадка”, “Ласунак посны”, “Разынка”. Палюбіўся многім хлеб “Крынічны” і “Хутарскі”. Смачныя тут рулеты: “Бісквітны”, з арахісам, са згушчаным малаком, бісквітна-фруктовы, з шакаладнай паліўкай. Маленькім жабінкаўцам даспадобы пірожныя “Прынцэса”, “Бульба”, “Карзінка-сняжынка”, заварныя з малочнай начынкай, “Кальцо заварное”, “Любімае”. Выдатным упрыгажэннем святочнага стала стануць торты “Казка”, “Графскія разваліны”, “Мядовік”, “Слоены”. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца “Казка”. Кандытарскі цэх, дарэчы, прымае папярэднія заяўкі на выраб вясельных караваяў, велікодных кулічоў, кексаў, бісквітаў, пірагоў з макам, карыцай.
— Якім адным словам можна было б апісаць наш калектыў? Каманда! — лічыць Ала Самайлюк.
— Разумеем адзін аднаго з паўслова. Усё пабудавана на ўзаемадапамозе і даверы. Пашанцавала, што сабраліся аднадумцы. Па-сапраўднаму сябруем, цікавімся справамі калег, іх дзецьмі, унукамі… Мы не проста калектыў — адна сям’я, — дадае Таццяна Клапоцкая, стаж якой у кандытарскай справе налічвае 27 гадоў. — Спыняцца на дасягнутым наш калектыў не збіраецца. Мы яшчэ зможам здзівіць ласуноў разнастайнай смакатой. Здзіўляць і радаваць — вось наш дэвіз!
Кацярына ЦІТОВА
Фота Святланы КІСЛАЙ
На здымку: Галіна ТРАЦЬКО, Ала Самайлюк, Таццяна ЖАРНАСЕК, Наталля ТРАФІМУК.