Выхадныя —
у дыме і полымі
Няпростая выдалася мінулая субота для жыльцоў інтэрната па вуліцы Цэнтральнай у Жабінцы, бо спакой выхаднога дня парушыў пажар на другім паверсе.
Паведамленне аб узгаранні паступіла ў Жабінкаўскі РАНС у 11.59. Таксама спрацавала сістэма “Маланка”, і пачалася хуткая эвакуацыя жыхароў на вуліцу. Самастойна змаглі выбрацца 30 чалавек, яшчэ траіх выратавалі з дапамогай трохкаленнай лесвіцы.
У раённую бальніцу былі дастаўлены чатыры жабінкаўцы, двое з іх з дыягназам “атручэнне прадуктамі чаднага газу”. У 42-гадовага жыльца інтэрната, у пакоі якога разгарэлася полымя, маюцца апёкі лба. Ён змог самастойна выбрацца з палаючага пакоя ў калідор, дзе яго і знайшлі выратавальнікі. Зараз мужчына знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленні бальніцы. Пажар быў ліквідаваны за 18 хвілін падраздзяленнямі МНС. У выніку была знішчана маёмасць у адным з пакояў, а таксама пашкоджаны сцены і столь у калідоры. Пакуль прычына ўзгарання высвятляецца і будуць праводзіцца рамонтныя работы, некаторым пацярпелым часова прадастаўлена жыллё ў інтэрнаце ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”.
Сунуў руку…
На адным з прадпрыемстваў Жабінкаўшчыны 45-гадовы рабочы падчас начной змены заняўся чысткай станка. Праўда, апошні быў уключаны, і ў выніку левую руку зацягнула ў працуючыя механізмы абсталявання. На дапамогу пацярпеламу прыйшоў яго калега — ён выклікаў медыкаў. Вядзецца праверка.
А днём раней сур’ёзную траўму атрымаў работнік адной з ферм раёна. Ён рамантаваў акно, не ўтрымаўся і ўпаў на плітачную падлогу з вышыні пяці метраў. Яго таксама даставілі ў раённую бальніцу. У момант інцыдэнту мужчына быў нападпітку.
