“Збожжам мы забяспечым краіну без праблем”

У Беларусі ў разгары ўборачная кампанія. Ход яе правя-дзення знаходзіцца на кантролі ў Прэзідэнта. На гэтым тыдні кіраўнік дзяржавы пабываў на палях 1-й Мінскай птушкафабрыкі і ў Міёрскім раёне (Віцебская вобласць), дзе асаблівая ўвага была ўдзелена ўборцы збожжавых у гаспадарках і краіне ў цэлым, выкананню дзяржаўнага заказу па продажы збожжа, забеспячэнню кармамі жывёлагадоўчай галіны і прымяненню прагрэсіўных тэхналогій пры іх нарыхтоўцы.

“Развіваць сваю сельскую гаспадарку танней, чым імпартаваць прадукты харчавання”

Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў, размаўляючы з журналістамі ў час наведвання палёў 1-й Мінскай птушкафабрыкі. Прэзідэнт адзначыў той факт, што адзін аграрый дае работу сямі-васьмі людзям, паколькі проста ўбраць збожжа недастаткова, каб атрымаць свежаспечаны хлеб або якасны камбікорм. «Калі мы гэта спынім, уявіце: паўкраіны будзе хадзіць без работы», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Акрамя таго, заўважыў ён, пад сельскую гаспадарку ў многім заточана і прамысловасць Беларусі: ад вытворчасці плугоў да суперкамбайнаў.
«Мы пераканаліся на практыцы, што гэта ў цэлым нам танней абыходзіцца, чым купляць імпартнае малако, мяса», – падкрэсліў Прэзідэнт. На думку кіраўніка дзяржавы, нездарма з’явіўся і сам тэрмін «харчовая бяспека». «Калі ў цябе няма свайго і табе хтосьці пастаўляе, ён у любы момант можа ўзяць цябе за горла. І ўсё – няма незалежнасці, няма суверэнітэту, – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. – Усё трэба мець сваё, на што мы здольныя. Гэта паднімае нацыю, людзей, дае магчымасць ім зарабляць».
З іншага боку, дадаў Прэзідэнт, стаіць пытанне: ці трэба сёння Беларусі вырабляць значна больш сельгаспрадукцыі, чым цяпер. «Мы не будзем фарсіраваць гэта, таму што прадаць цяжка. Вы бачыце, як мы прабіваемся на кітайскі рынак, дыверсіфікуем продажы харчавання па ўсім свеце, каб не залежаць ад аднаго расійскага рынку. Мы ідзём ва ўсе кропкі для таго, каб прадаць тое, што мы сёння вырабляем з лішкам», – канстатаваў беларускі лідар.
Аднак у перспектыве, упэўнены кіраўнік дзяржавы, прадукты харчавання будуць запатрабаваны ў свеце ўдвайне. «Афрыка паднімаецца, той жа Кітай будзе спажываць нямала. Як толькі ўбачым, што трэба больш, мы павялічым», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Сабраць да зернетка тое, што вырасцілі”

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэтым годзе з-за гарачага надвор’я ў многіх краінах чакаецца вялікі недабор збожжа. Так, загінулі збожжавыя ў Германіі і Польшчы, не лепшым чынам складваецца сітуацыя ў Францыі і Іспаніі. У Расіі прагназуюць 25 працэнтаў недабору да ўзроўню мінулага года.
«Вядома, і мы штосьці страцілі, але не настолькі: нас яшчэ Гасподзь мілаваў. Таму трэба мець на ўвазе, што мы асабліва не кінемся недзе закупляць збожжа. На рынку яно будзе. Але, па-першае, будзе вельмі ў цане, а па-другое, зразумела, якія мы будзем купляць кармы па якасці. Таму максімум напружання для таго, каб сабраць да зернетка тое, што мы сёння вырасцілі, і кукурузу», – сказаў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўмовы надвор’я хоць былі і неідэальныя, але і не зусім сапсавалі сітуацыю на палях. «На надвор’е ківаць няма чаго, яно было нядрэннае. Вядома, хацелася, каб вясна была менш засушлівай, асабліва па поўдні, дзе ішло наліванне зерня, не хапала вільгаці, – канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. – Але трэба аддаць належнае, што першы ўкос траў быў добры, бо ў нас прайшлі ліўні. Мы нарыхтавалі больш, чым калі-небудзь, сена».
У той жа час, заўважыў Прэзідэнт, умовы надвор’я былі складаныя не ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. У многіх раёнах будзе вельмі добры ўраджай, калі яго своечасова ўбраць.
Паводле папярэдніх разлікаў, у бягучым годзе ўраджай у Беларусі будзе меншы на паўмільёна тон у параўнанні з мінулагоднім. Аднак запасы збожжа ў краіне складаюць 1,5 млн тон, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. «Нам гэтага дастаткова для таго, каб забяспечыць вытворчасць малака, мяса, птушкі і іншага. Таму тут няма ніякіх пытанняў наконт забяспечанасці насельніцтва», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі плануецца сабраць каля 7 млн тон збожжа

Аб гэтым паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення – начальнік упраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Ядлоўскі. «У свірнавай вазе мы ў гэтым годзе чакаем каля 7 млн тон збожжа разам з кукурузай. На харчовыя мэты нам трэба толькі 850 тыс. тон. Асноўны аб’ём збожжа – 5 млн тон – ідзе на фуражныя мэты», – сказаў Васіль Ядлоўскі.
У Беларусі ў маі пачалася працяглая засуха. «У гэтым годзе ўборку збожжавых мы пачалі рана, таму што з-за спёкі адбылося апераджальнае развіццё сельгаскультур. Пры гэтым яны ў перыяд росту адчувалі вострую няхватку вільгаці, з-за чаго не набіралі плануемую масу і ўраджайнасць. Таму ў нас назіраецца некаторы недабор збожжа. Але прагназуемы ўраджай забяспечыць выкананне дзяржзаказу, патрэбнасці ў харчовым збожжы, патрэбнасці перапрацоўшчыкаў і жывёлагадоўлі», – адзначыў прадстаўнік Мінсельгасхарчу.

…і не менш як 23 млн тон зялёнай масы кукурузы

«Валавы збор зялёнай масы кукурузы ў гэтым годзе прагназуецца не менш як 23 млн тон, што на 2 млн тон больш, чым у мінулым годзе. Гэта дасць нам прыбаўку 0,5 млн тон кармавых адзінак. Такім чынам за кошт кукурузы мы часткова кампенсуем недабор травяных кармоў і збожжа, – сказаў Васіль Ядлоўскі. – Акрамя нарыхтоўкі кармоў цяпер мы паралельна сеем пажніўныя і паўкосныя культуры. У жніўні пачнём сеяць азімы рапс, азімую свірэпіцу, азімыя на зялёны корм. Рыхтуемся і да асенняй сяўбы».
БелТА.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.