Інфекцыя COVID-19 змяніла жыццё людзей на ўсёй планеце. І пакуль масава не запушчана вакцына ад новай, малавывучанай хваробы, давядзецца жыць, вучыцца і працаваць з “аглядкай” на каранавірус, выконваючы пэўныя меры перасцярогі.
Жабінкаўскі рэстаран “Вясёлка” — не выключэнне. Калектыў яго па-ранейшаму гатовы рыхтаваць разнастайныя стравы і карміць наведвальнікаў: ніхто не пакідае рэстаран галодным. Праўда, каб паесці, прыходзіць сюды можна з дзесяці раніцы да сямі вечара (у пятніцу, суботу — да 23 гадзін) і абавязкова ў масцы.
Прымаюць заказы ад наведвальнікаў афіцыянты Марына Казусік і Тамара Федарэнка. Дзяўчаты заўжды выходзяць у залу з някідкім макіяжам, сабранымі ў пучок валасамі, у барвова-белых касцюмах, масках і пальчатках.
— У нашы абавязкі ўваходзіць не толькі абслугоўванне кліентаў, — кажа Марына. — Патрэбна таксама сачыць за парадкам: абрусы і сурвэткі на сталах павінны быць ідэальна адпрасаваныя, посуд і прыборы — блішчаць. Зроблены рамонт стварае нам і наведвальнікам добры настрой. Выдатна “ўпісваюцца” ў інтэр’ер нашага рэстарана вазы з кветкамі, прыгожыя сурвэткі.
Афіцыянт заўважае: шмат хто зараз заказвае журавінны морс. Многія жадаючыя паабедаць аддаюць перавагу стравам нацыянальнай кухні: адных толькі дранікаў у меню 10 відаў: фаршыраваныя мясам, грыбамі, сырам, са свінінай і смятанным соусам, з дамашнімі каўбаскамі, ласосем. Часта ў заказах салата “Вежа”, свініна з сюрпрызам, бульбяныя долькі.
— Гэтыя стравы сытныя і пры гэтым незвычайныя, — расказвае Марына Казусік. — Таксама жабінкаўцы часта заказваюць салодкую страву “Жэле са смятанай і какавай”. Прыемна, калі за столікі садзяцца сямейныя пары, маладыя людзі, дзелавыя партнёры і заўжды дзякуюць за прыгатаваныя абеды, некаторыя пакідаюць станоўчыя запісы ў кнізе водгукаў і прапаноў.
Па словах Марыны, праца афіцыянта хоць і няпростая, але цікавая. Ёй ёсць з чым параўноўваць: вывучылася на плітачніцу, папрацавала па спецыяльнасці год. Зразумела, што не ляжыць душа да будаўнічай прафесіі, і пасля дэкрэтнага адпачынку ўладкавалася ў міжрайбазу. Дый калектыў склаўся з аднадумцаў дружны і добразычлівы — заўжды адчувае падтрымку дырэктара Жанны Рак, начальніка сектара грамадскага харчавання Ганны Літвінюк.
“Вясёлка” стварае адпаведны настрой. Завітайце на абед у рэстаран — не пашкадуеце!
Лідзія Іваніхіна
Фота Святланы Кіслай
Главные новости
