Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Амаль 60 гадоў таму ў Савецкай краіне ўпершыню былі створаны дабравольныя народныя дружыны. Працяг сваёй гісторыі яны маюць і ў сённяшняй незалежнай Беларусі. Адна з найбольш актыўных, што дзейнічае на Жабінкаўшчыне, існуе пры аддзяленні Дзяржаўтаінспекцыі. Пра яе справы расказвае камандзір дружыны Уладзімір Верацёлка.
І Ў СВАЕ СЕМДЗЕСЯТ Уладзімір Іванавіч захоўвае жвавасць рухаў ды розуму. Гаворыць пра сур’ёзнае з усмешкай:
– Пакуль сэрца б’ецца, трэба жыць з карысцю. Часам пытаюцца знаёмыя: навошта табе дружына? каму гэта патрэбна? Здаецца, і ўзрост ужо далёка не юначы, можна ж і пажыць спакайней. А я так лічу: калі за даміно прысядзеш, з лавачкі аднойчы ўжо і не ўзнімешся. А так, побач з маладымі, міжволі сам сябе адчуваеш маладзейшым, быццам сілкуешся іх энергіяй. За гады мы настолькі згуртаваліся! Хлопцы добрыя, з такімі, як гаворыцца, і ў разведку пайшоў бы. Вы больш пра іх пішыце, калі ласка, а пра мяне навошта?
Яно, канечне, так. Ды без кіраўніка, які сапраўдны заўзятар сваёй справы, было б многае інакш. І ў тым, што дружына, так бы мовіць, сапраўды “баявая адзінка”, існуе не на паперы, а ў сапраўднасці, без перабольшвання вялікая заслуга Уладзіміра Верацёлкі.
…ЗВЫЧАЙНА Ў ВЕЧАРОВУЮ пару пасля працоўнай змены дружыннікі пад кіраўніцтвам інспектараў ДАІ выходзяць на дзяжурства. І ў выхадныя ды святочныя дні ім нярэдка даводзіцца ўдзельнічаць у захаванні парадку. Бо ў кожнага ёсць разуменне: каб свята не азмрочыла нейкая непрыемная сітуацыя ды ўсё прайшло па-сапраўднаму бездакорна, патрэбна дапамога іх рук. Асабліва карыснымі бываюць дзяжурствы на жабінкаўскіх вуліцах у значныя святы: 9 Мая, падчас Дня Незалежнасці, чарговай гадавіны вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, на мерапрыемствах, прысвечаных Дню горада.
Вось усяго некалькі лічбаў, што могуць характарызаваць іх дзейнасць. Толькі ў мінулым годзе сябры дружыны адпрацавалі 1606 гадзін, здзейснілі амаль чатыры сотні выхадаў на дзяжурствы, паўдзельнічалі ў выяўленні больш за тысячы парушэнняў правілаў дарожнага руху.
З чаго ўсё пачыналася для Уладзіміра Іванавіча і ягоных сяброў?
Каб расказаць пра тое, патрэбна перанесціся больш чым на два дзясяткі гадоў назад. У 1995-м падпалкоўнік Верацёлка, якому давялося паслужыць не толькі ў Савецкім Саюзе, але і ва Усходняй Германіі, выйшаў у запас і пераехаў на малую радзіму жонкі – у жабінкаўскую вёсачку Сенькавічы. Як старшыні раённага савета Беларускага таварыства аўтамотааматараў Уладзіміру Іванавічу даводзілася шчыльна кантактаваць з супрацоўнікамі мясцовага ДАІ. Неўзабаве выспела ідэя даць у раёне новае жыццё руху дабравольных народных дружын.
– У 1997–1999 гадах стварыўся касцяк нашай будучай арганізацыі, – працягвае ўспамін кіраўнік дружыны. – У яго ўвайшлі, можна сказаць, на сённяшні дзень ветэраны-дружыннікі Анатоль Васільевіч Засімук, Міхаіл Міхайлавіч Катовіч, Андрэй Іванавіч Ляўковіч, Аляксей Уладзіміравіч Панасік і Віктар Мікалаевіч Якімавец.
Значна паспрыяла развіццю руху дружыннікаў пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якая выйшла восенню 2003 года. Гэткім чынам на падставе закона краіны “Аб удзеле грамадзян у ахове правапарадку” зацвярджалася Палажэнне аб дабравольнай народнай дружыне. Наступным крокам стала прыняцце адпаведнага рашэння райвыканкама. Дзеля папярэджання і прафілактыкі дарожна-транспартных здарэнняў было вырашана стварыць пры райаддзеле міліцыі добраахвотную дружыну па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху. З гэтага моманту рух дружыннікаў на Жабінкаўшчыне набыў заканадаўчы статус і па-сапраўднаму атрымаў другое сваё нараджэнне.
У выніку шэрагі дружыннікаў пачалі папаўняцца новымі сябрамі па рэкамендацыях арганізацый і прадпрыемстваў, найперш цукровага завода (да слова, сёння ў дружыне пры ДАІ, якая аб’ядноўвае тузін асоб, палову складаюць менавіта цукравары, у іх ліку – Юрый Вавін, Павел Казак, Уладзімір Дэц, Юрый Алясюк).
СВАЮ ДЗЕЙНАСЦЬ Уладзімір Верацёлка і яго каманда арганізуюць пад кіраўніцтвам раённага штаба добраахвотных дружын, які ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама Ала Ануфрыюк. Арганізацыя знаходзіцца пад непасрэдным кіраўніцтвам АДАІ. Як падкрэслівае суразмоўца:
– У аснове нашай дзейнасці – пытанні, звязаныя з кантролем парадку на дарозе, выкананнем ПДР кожным з удзельнікаў руху, а таксама ўсталяванне разумнага дыялогу ды кантакту кіроўцаў і пешаходаў з інспектарамі Дзяржаўтаінспекцыі.
Галоўнае ўсё ж не пакаранне, а прафілактыка, лічыць Уладзімір Верацёлка, бо патрэбна турбавацца, каб падзеі на шашы не прывялі да бяды. На жаль, людская бесклапотнасць часам спрыяе непазбежнаму. Даводзілася назіраць страшныя вынікі. Згадваецца выпадак, што адбыўся некалі каля Сенькавічаў. Запомніўся ён не толькі тым, што было свята “на Юр’я”, а аднаго з загінулых звалі Юрыем, але найперш узрушыла ўсведамленне: гэтай аварыі магло б не быць, калі б хоць нехта спыніў п’янага кіроўцу таго “Мерседэса”, не дазволіў яму сесці за руль (а тое, што вадзіцель нападпітку, як высветлілася пазней, бачылі многія)…
– Як сутыкаешся непасрэдна з выпадкамі, калі гінуць людзі, не можаш заставацца абыякавым. Нездарма ўсё ж гавораць: правілы дарожнага руху напісаны крывёю. Каб кожны выконваў іх, не паўтараючы чужых памылак, нічога дрэннага не здаралася б на нашых дарогах, – упэўнены кіраўнік дружыны. – Трэба, каб гэта пачыналі разумець з самага маленства.
Таму дружыннікі гэтак шмат увагі ўдзяляюць адукацыі падрастаючага пакалення. Не толькі выступаюць перад школьнікамі, але й штогод актыўна ўдзельнічаюць у арганізацыі і правядзенні раённага спаборніцтва юных інспектараў дарожнага руху. Акрамя таго, сябры дружыны праводзяць прафілактычную работу і сярод саслужыўцаў, на месцах сваёй паўсядзённай працы. Нездарма ў арганізацыю аб’ядналіся людзі з вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай, часам і юрыдычнай адукацыяй, што маюць адносіны да кіравання аўтатранспартам.
– Значны стымул для нашай дзейнасці, – падкрэслівае Уладзімір Іванавіч, – гэта наяўнасць у працоўных дагаворах арганізацый і прадпрыемстваў заахвочвальных момантаў. Напрыклад, на ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” (генеральны дырэктар Віктар Міронаў) работнік, які ўваходзіць у ДНД, мае дадатковыя дні да сацыяльна аплачваемага водпуску з разліку адзін дзень за тры выхады на дзяжурства дружыны (але не больш за тры дні). Было б вельмі добра, каб і ў іншых арганізацыях з’явіліся такія дамоўленасці.
ПАДЧАС ДЗЯЖУРСТВАЎ дружыннікі ўдзельнічаюць у затрыманні парушальнікаў заканадаўства, аказваюць дапамогу на дарозе ў час ДТЗ, ствараючы ўмовы для эвакуацыі пацярпелых і транспартных сродкаў.
За сваю карысную дзейнасць пяцёра жабінкаўцаў адзначаліся Ганаровымі граматамі Упраўлення Дзяржаўтаінспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў краіны. У ліку ўзнагароджаных – Аляксей Грыцук, Анатоль Засімук, Павел Казак, Міхаіл Катовіч, Яўген Смалюк. Пра апошняга – асобная размова.
Прынцыпова добрасумленны чалавек. Такімі словамі характарызуе свайго калегу Уладзімір Верацёлка. І ў гэтым ён мае вялікую рацыю. Доўга яшчэ будзе помніцца гучная справа, што мела месца некалькі гадоў таму. У ёй Яўген Уладзіміравіч праявіў сябе з найлепшага боку.
…Каля апоўначы ў Жабінкаўскі РАУС прыйшло паведамленне пра дзёрзкае злачынства ў суседнім Камянецкім раёне. На фермерскую сядзібу ўварваліся рабаўнікі. Пагражаючы расправай, трое невядомых прымусілі малалетняга сына гаспадароў паказаць, дзе схаваны сямейныя грошы. Са сваёй здабычай злодзеі кінуліся наўцёкі. Каб не даць ім збегчы, неадкладна быў абвешчаны план-перахоп. На затрыманне выехалі супрацоўнікі міліцыі, а з імі – і дружыннік. Неўзабаве на дарозе Камянец – Федзькавічы праваахоўнікі спынілі іншамарку. Пакуль інспектар ДПС правяраў дакументы ў кіроўцы, Смалюк заўважыў, як пасажыр нешта кінуў пад машыну. Аказалася, гэта быў пакет, а ў ім – долары, скрадзеныя рабаўнікамі. Зламыснікі былі затрыманы і пазней на падставе закона панеслі заслужанае суровае пакаранне.
Яўген Смалюк як надзвычай актыўны сябра дружыны і цяпер працягвае надзейна выконваць свае абавязкі. З ягоным удзелам летась затрыманы тры вадзіцелі ў нецвярозым стане, у гэтым годзе – яшчэ адзін. Гэткім чынам Яўген Уладзіміравіч у чарговы раз ліквідаваў пагрозу, што нясе не толькі сабе, але й акаляючым яго людзям п’яны, не зусім адэкватны кіроўца.
Нібыта падводзячы рысу пад расповедам, Уладзімір Верацёлка гаворыць на развітанне:
– Я чалавек старой загартоўкі, адношуся да пакалення, што адыходзіць. Хочацца ўсё ж, каб ішлі на змену маладыя, актыўныя, дужыя, гатовыя ўзяць адказнасць за парадак на роднай зямлі. Калі кожны на сваім месцы будзе рабіць для гэтага хоць невялікі ўнёсак, тады абавязкова на ёй наступіць росквіт.
На здымку: Анатоль ЗАСІМУК і Міхаіл КАТОВІЧ.
