Што галоўнае ў працы работнікаў гандлю? З такім пытаннем напярэдадні іх прафесійнага свята мы звярнуліся да прадаўца 6-га разраду магазіна № 2 “Прадукты” філіяла “Жабінкаўскі” Брэсцкай міжрайбазы Наталлі Брышчук.
— Сумленнасць, адказнасць, уменне наладжваць адносіны з людзьмі, з усмешкай сустракаць кожнага наведвальніка, — адказала Наталля Фёдараўна.
Упэўнены, усімі гэтымі якасцямі яна валодае ў поўнай меры, таму што за выдатную працу ў мінулым годзе занесена сёлета на раённую Дошку гонару. Больш за тое, і ўвесь калектыў другога магазіна адзначаны дыпломам Брэсцкай міжраённай гандлёвай базы як пераможца па выніках леташняй работы прадаўцоў і калектываў гандлёвых аб’ектаў спажывецкай кааперацыі Брэстчыны.
Пад кіраўніцтвам Наталлі Брышчук рупяцца прадаўцы Ірына Лешчанка (былы загадчык магазіна), Ларыса Кавальчук і Людміла Беларус. Гэта прафесіяналы сваёй справы са шматгадовым вопытам. Наталля Фёдараўна сцвярджае, што, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, у іх склалася дружная, згуртаваная каманда. А прадавец Ларыса Кавальчук пажартавала, што для іх, без пяці хвілін пенсіянерак, маладая загадчыца як глыток маладосці, свежага паветра і крыніца энергіі.
Мо нехта з чытачоў падумае, што Наталля Брышчук — малады спецыяліст-пачатковец. Гэта не
так. Са сваіх 35 гадоў жыцця 15 яна працуе ў сферы гандлю. Пачынала прадаўцом, затым шчыравала загадчыкам магазіна № 1 на вуліцы Леніна, з 2019-га ўзначальвае калектыў другой крамы на Кірава.
Вопытныя прадаўцы магазіна № 2 ужо добра вывучылі густы і перавагі многіх сваіх пастаянных кліентаў і нават заяўкі пастаўшчыкам робяць з улікам іх пажаданняў. Сярод тых, хто пастаўляе тавары, — “Берасцейскі пекар”, “Савушкавы прадукт”, “Брэсцкі мясакамбінат”, “Санта” і іншыя.
— Заўсёды прыемна заходзіць у гэтую краму, — кажа пастаянная пакупніца Вольга. — Адчуваецца, што прадаўцы ўкладваюць душу ў сваю работу. Ветліва сустракаюць, падкажуць-пакажуць патрэбны тавар. На паліцах — вялікі асартымент хлебабулачных вырабаў, малочнай прадукцыі, сокаў-водаў, у вітрынах — смачныя каўбасы на любы густ. У памяшканні заўсёды парадак і чысціня.
Вось чаго ніколі не пабачаць пакупнікі на паліцах другога магазіна, дык гэта прадуктаў з тэрмінам прыдатнасці, які падыходзіць да заканчэння, або пратэрмінаваных. За гэтым прадаўцы сочаць вельмі ўважліва. Таму і верных пакупнікоў не губ-ляюць, хоць побач “Еўраопт” ды іншыя крамы.
— Хацелася б, каб наведвальнікаў было больш, таму што ў сувязі з пандэміяй каранавіруса летась іх колькасць значна зменшылася, — дзеліцца Наталля Брышчук. — Хоць, трэба сказаць, сёлета сітуацыя ўжо палепшылася, у параўнанні з мінулым годам павялічыўся тавараабарот, вырасла выручка.
Па адукацыі Наталля Фёдараўна эканаміст, скончыла Гомельскі гандлёвы ўніверсітэт, аднак больш даспадобы ёй усё ж такі праца з людзьмі, а не з паперамі і сухімі лічбамі. Хоць і гэтага ў яе рабоце хапае: дакументацыі — мора. Акрамя таго, зараз усё аўтаматызавана, камп’ютарызавана — усімі пра-грамамі патрэбна прафесійна валодаць, каб заказаць неабходныя тавары.
— Вось зараз, у сезон нарыхтовак, вялікім попытам карыстаецца воцат, — кажа мая суразмоўніца. — Але на складзе яго няма і заказаць немагчыма. Пакупнікі ідуць па яго да нашых канкурэнтаў. Шкада…
Будзем спадзявацца, сітуацыя выправіцца, і гэтая воцатная “кіслінка” не сапсуе настрой прадаўцам другога магазіна напярэдадні прафесійнага свята. Наталля Фёдараўна будзе адзначаць яго ў коле сям’і: разам з мужам Валерыем, сынам Жэнем і дачушкай Палінай. Дзяўчынка часта прыходзіць да мамы ў краму і марыць, як і матуля, стаць прадаўцом.
Віншуем усіх работнікаў гандлю з надыходзячым святам! Няхай паміж імі і пакупнікамі заўсёды пануюць разуменне і добразычлівасць.
Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара
Главные новости
