ЗАЎСЁДЫ ПОБАЧ!  альбо “Нашы паслугі патрэбны кожнаму”

“Заўсёды побач!” – гэты дэвіз “Беларусбанка” здаўна напоўнены вялікім сэнсам. На мяжы гадоў яго супрацоўнікі мелі падвойнае свята: напрыканцы снежня яны атрымлівалі віншаванні са слаўным юбілеем – стагоддзем з часу заснавання, а ў першы дзень 2023-га разам з Новым годам адзначалі і прафесійнае свята – Дзень банкаўскіх і фінансавых работнікаў Беларусі.

Праца, вартая ўзнагарод

Мабыць, ведае кожны: сёння ў нашай краіне не існуе рэгіёна без прадстаўніцтва “Беларусбанка”. Ён бясспрэчны лідар у айчыннай фінансавай сістэме па ўзроўні ўласнага капіталу і актываў, крэдытаў і дэпазітаў. На Жабінкаўшчыне “Беларусбанк” прадстаўлены Цэнтрам банкаўскіх паслуг № 109, калектыў якога штогод працуе вельмі зладжана і прыбыткова. Прадстаўнікі ЦБП № 109 перакананы: надзейны складнік іх поспеху – давер людзей, які складае найвялікшы капітал для тых, хто працуе ў фінансавай сферы. Таму і гучаць з вуснаў дырэктара ўстановы Валянціна КУШНЯРЭВІЧА перакананыя словы: “Нашы паслугі патрэбны кожнаму”.

Агульныя ўзнагароды ЦБП № 109 уражваюць. Цалкам заслужана ў 2008, 2009, 2010, 2012, 2017 гадах калектыў святкаваў перамогі ў рэспубліканскіх спаборніцтвах, пазалетась жабінкаўцы мелі “серабро” на гэтым узроўні. Такім чынам, пераходзячы кубак, што ўручаецца па выніках года найлепшым банкаўскім установам краіны, ужо пяць разоў аказваўся на нашай зямлі. Яшчэ тройчы – у 2013, 2015 і 2016 гадах – яны прызнаваліся найлепшымі ў абласных спаборніцтвах. Акрамя таго, тры разы нашы землякі займалі першае месца ў аглядзе-конкурсе “Лепшы па прафесіі”, які праводзіць Беларуская федэрацыя прафсаюзаў банкаўскіх і фінансавых работнікаў. Гэтыя высокія ацэнкі – за годную працу, надзейнасць і бясспрэчны прафесіяналізм.

Уласна для Валянціна Кушнярэвіча сённяшні час прынёс два юбілеі: агульны – стагоддзе роднага “Беларусбанка” і ўласны – чвэрць веку жыцця ён прысвяціў банкаўскай справе, прычым апошнія 15 гадоў узначальвае ўстанову, якая знаходзіцца ў Жабінцы. Кіраўніка вызначае ўменне дасканала сфармуляваць задачы і прасачыць за іх выкананнем, што неабходна, каб увесь калектыў упэўнена рухаўся ў фарватары сённяшняга дня і пры гэтым нязменна дабіваўся поспехаў на сваім шляху. Шмат разоў праца самога дырэктара адзначалася Ганаровымі граматамі за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў і высокі ўзровень арганізацыі агульнай дзейнасці.

Валянцін Міхайлавіч прыгадвае, як напрыканцы мінулага года святкаваўся надзвычай паважаны юбілей “Беларусбанка”. Спачатку – у сталіцы, дзе “згуртаваную, матываваную, зараджаную на вынік каманду” віншаваў прэм’ер-міністр Раман ГАЛОЎЧАНКА, а затым і ў Брэсце, у галоўным офісе абласнога ўпраўлення “Беларусбанка”, на якую завітаў са словамі падзякі намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый ГАРАДЗЕЦКІ. На ўрачыстасць былі запрошаны дырэктары ўсіх цэнтраў банкаўскіх паслуг са сваімі найбольш значнымі кліентамі. Для Жабінкаўшчыны гэта цукровы і камбікормавы заводы, якія ўзначальваюць Аляксандр ПАЗНАНСКІ і Ігар ЛАБАДА.

– Гэта не толькі градаўтвараючыя прадпрыемствы, якія даюць працу сотням жабінкаўцаў і прадстаўнікам іх сямей, але і нашы надзейныя партнёры, – падкрэсліў Валянцін Міхайлавіч. – Яны і многія іншыя нашыя кліенты спрыяюць таму, што ЦБП № 109 удала спрацаваў у 2022 годзе. Хоць канчатковыя вынікі будуць падведзены крыху пазней, але ўжо зараз відавочна: нашы асноўныя паказчыкі выкананы, а па прыбытках нават перавыкананы. Міжволі прыгадваецца наш дэвіз “Заўсёды побач!”, паколькі ўзаемаадносіны банка з кліентамі заўсёды грунтуюцца на прынцыпе: пры любых абставінах неабходна заставацца надзейнымі партнёрамі.

Кожны на сваім месцы важны

Гэтая думка неаднойчы гучала падчас размовы з кіраўніком Цэнтра банкаўскіх паслуг. Час бліжэй пазнаёміцца з тымі, хто непасрэдна напаўняе сэнсам згаданы вышэй банкаўскі дэвіз.

Штодня супрацоўнікі робяць усё неабходнае, каб пашыраць свае паслугі для жыхароў раёна. У калектыве ўсяго два дзясяткі чалавек, аднак задачы, якія стаяць перад імі, сапраўды значныя, рознабаковыя, адказныя. На абслугоўванні ў ЦБП № 109, між іншым, больш за трыста кліентаў: юрыдычных асоб розных формаў уласнасці, у тым ліку прыватныя прадпрымальнікі і грамадскія аб’яднанні. Іх непасрэдным абслугоўваннем займаюцца галоўныя спецыялісты Наталля ЛАБАДЗІНСКАЯ і Таццяна СВАРЦЭВІЧ.

Зараз сетка банкаўскай установы аб’ядноўвае аперацыйную службу, якую ўзначальвае Людміла ЛАРЧЫК, і пяць аддзяленняў, што прадастаўляюць свае паслугі ў райцэнтры і трох аграгарадках.

– Дарэчы, работнік аддзялення ў мікрараёне цукровага завода Таццяна ПАРАСЕВІЧ па выніках года ўзнагароджана Падзякай начальніка абласнога ўпраўлення, – заўважае Валянцін Кушнярэвіч. – Добрымі вынікамі адзначаецца праца і Святланы ОЛІНАЙ з Ленінскага і Таццяны ГРЫШЧЭНІ з аграгарадка Ракітніца.

Сапраўднымі лакаматывамі банкаўскіх паслуг, на думку дырэктара, з’яўляюцца бізнес-месцы, дзе працуюць Ганна ШПАК, Аксана ІГНАЦЮК і Ірына КІЧКАЙЛА. Апошняя ўзнагароджана рэспубліканскай Ганаровай граматай ашчаднага банка.

Не прамінем таксама нагадаць, што вельмі важным накірункам дзейнасці ў нашу імклівую эпоху становіцца праца кансультанта Людмілы ШЛЯГА, якая непасрэдна праводзіць у жыццё фінансавую пісьменнасць для ажыццяўлення аперацый у лічбавых каналах. Увогуле, увесь калектыў падпарадкаваны ідэі адукацыі насельніцтва ў банкаўскай сферы. Бо надзвычай неабходна, каб кожны разумеў, наколькі важна і адказна мець на ўзбраенні веды, неабходныя ў наш лічбавы час.

Нельга забываць, што акрамя бізнес-месцаў, існуюць і ўніверсальныя працоўныя месцы, дзе шчыруюць спецыялісты, якія шмат гадоў аддалі роднай арганізацыі. Тут проста неабходна назваць Аксану ЛІСАВЕЦ і Алу БАКУН, Юлію ЯКІМУК і Святлану ЛІТВІНЕЦ, Алену КУЗНЕЦ і Жанну РАСТОЎСКУЮ, Любоў ДЗЕМ’ЯНЮК і Наталію САМАЛЮК. Кожная з іх – прызнаны прафесіянал сваёй справы, пры гэтым яны не толькі вызначаюцца адданасцю, але і ветлівасцю да кожнага, хто пераступае парог банкаўскай установы.

Адразу на некалькіх важных накірунках рупіцца Сяргей ПЛАТОНАЎ, які, да слова, працягвае ў банку працоўную сямейную дынастыю. Ён узначальвае службу карпаратыўнага ды рознічнага бізнесу, акрамя таго, Сяргей Платонаў яшчэ і прафсаюзны лідар.

На аддаленых працоўных месцах у Цэнтры банкаўскіх паслуг у Жабінцы шчыруюць таксама некалькі важных асоб, чыю дзейнасць цяжка пераацаніць. Напрыклад, крэдыты на жыллё выдае Іна ДУБІНА, адказным за бесперабойную дзейнасць праграмнага забеспячэння, інфакіёскаў і банкаматаў ва ўсім раёне з’яўляецца Сяргей Леанідавіч КАРПУК, а ягоны цёзка Сяргей Андрэевіч КАРПУК назірае за дзейнасцю відэа і сістэм забеспячэння банка. Акрамя таго, за бытавую жыццядзейнасць установы адказны Мікалай САМАЛЮК.

Калі падвесці рысу пад агульным партрэтам калектыву, кожны мае кваліфікаваныя веды, надзелены ўменнямі не толькі ў банкаўскай сферы, але й у псіхалогіі чалавечых адносін, што, згадзіцеся, таксама вельмі важна, калі ты працуеш з людзьмі, якія табе давяраюць.

Віншаванні і пажаданні

Пачэснае месца ў Цэнтры банкаўскіх паслуг на вуліцы Савецкай займае стэнд з партрэтамі тых, чыя шматгадовая праца, багаты жыццёвы і прафесійны вопыт дасюль выклікаюць павагу ў сённяшніх працаўнікоў – прадаўжальнікаў традыцый, закладзеных былымі супрацоўнікамі банка.

Стала добрай нагодай віншаваць іх са значнымі датамі і святамі. Напярэдадні юбілею, пад зоркай якога завяршаўся 2022 год, і ў дзень прафесійнага свята, з якога распачаўся год сённяшні, з асаблівай павагай прамаўляюцца імёны ветэранаў банкаўскай сферы. Зараз ветэранскую ячэйку ЦБП № 109 узначальвае Галіна Мікалаеўна НОР, якая рупіцца, каб не слабелі повязі пакаленняў, каардынуе працу спецыяльнай праграмы “Клопат”, што дзейнічае дзеля падтрымкі тых, хто аддаў працы ў банку значную частку свайго жыцця.

Гэткім чынам, і тыя, хто быў раней у страі, выхоўваючы сабе годную змену, і тыя, хто сёння прысвячае сваю дзейнасць банкаўскай сферы, на памежжы гадоў адзначылі з радасцю векавы юбілей роднага “Беларусбанка”. Вядома, для чалавека 100 год – вельмі значны ўзрост, далёка не ўсялякі да яго дацягнецца. А вось для ўстановы – гэта толькі нагода падвесці вынікі, каб крочыць больш упэўнена далей – у новае стагоддзе, да новых здзяйсненняў.

Такі настрой і ў жабінкаўцаў. Нездарма, завяршаючы размову, Валянцін Кушнярэвіч падкрэслівае:

– Увесь наш калектыў настроены на тое, каб як мага якасней і лепш ажыццяўлялася абслугоўванне людзей. Менавіта так – людзей: хочацца зараз не ўжываць сухія ды афіцыйныя тэрміны “кліенты” ці “партнёры”. Мы хочам, каб кожны пакідаў сцены нашага Цэнтра банкаўскіх паслуг з адчуваннем задаволенасці. Усім жадаю міру і стваральнай працы. Тым больш, што ў годзе, які надышоў, вызначальнымі будуць менавіта гэтыя словы, за якімі вельмі важны і глыбокі сэнс.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара