Пра тое, як жыў Жабінкаўскі раён у першы свой год, нярэдка пісала “Зара” (дарэчы, абласная газета тады была цалкам беларускамоўная). Дзякуючы гэтым нататкам сёння маем магчымасць, так бы мовіць, адчуць подых часу, калі будаваўся наш раён. Пры гэтым захоўваем мову і граматыку першакрыніцы.
На жніве
Яшчэ ўвечары жнеяры калгаса імя Сталіна Владзіслаў Томчак і Якім Струк агледзелі і змазалі свае жнеяркі. Назаўтра з усходам сонца яны былі на нагах. Выспеўшае жыта, пасеянае былымі батракамі ўжо без пана Бабінскага, стаіць густой сцяной. Калгаснікі старанна падрыхтавалі ўчасткі для машыннай уборкі, акуратна зроблена абжынка вуглоў.
У ранішняй цішыні застракаталі жнеяркі. Круг за кругам агібаюць яны 10 га участак ураджайнага жыта. Услед за жнеяркамі калгасніцы вяжуць збожжа ў снапы.
На вачах мяняецца выгляд калгаснага поля. Там, дзе раніцай хвалявалася ад лёгкага ветру густое жыта, к поўдню вырастаюць бабкі акуратна звязанага ў снапы збожжа. Рэзультатамі работы задаволены калгаснікі:
— Такой выпрацоўкі ніхто не даваў у фальварку, — з радасцю гаворыць Владзіслаў Томчак.
— Хіба тады стараліся працаваць, — адклікаецца загарэлая дзяўчына Насця Прашчуровіч. — Працавалі ж на паноў, а зараз убіраем свой ураджай.
Калі ліпеньскае сонца пачынае хавацца, калгаснікі гурбой вяртаюцца з поля. Бадзёрыя, яны не адчуваюць стомы і пяюць радасныя песні.
За пяць дзён калгаснікі закончылі жніво. Жыта на плошчы 48 га. Зараз разгарнулася звозка збожжа з поля. Добра высушанае збожжа складаецца ў скірды.
У першыя 15-20 дзён работы на ўборцы калгаснікам, якія выканаюць і перавыканаюць нормы выпрацовак, трэба налічваць працадні ў двайным памеры. (Старшыня калгаса імя Сталіна — Оленюк, сакратар райкама партыі — Кароткін, старшыня райвыканкама тав. Давыдаў).
Ал. Махнач (24 ліпеня 1940 г.).
Падрыхтоўка да навучальнага года ў Жабінцы
Раён стаіць на адным з першых месц. Жабінкаўскі раённы аддзел асветы рацыянальна выкарыстоўвае і эканоміць кожную дзяржаўную капейку. Намеснік загадчыка раённага аддзела народнай адукацыі тав. Філіпук і сам загадчык тав. Коржыч нямала працавалі ў гэтым плане.
Пры панскай уладзе ў Жабінкаўскім раёне налічвалася 32 школы, выкладанне вялося на польскай мове. Не ўсім дзецям было даступна вучыцца ў гэтых школах. Многія, закончыўшы 4 класа, кідалі школы, бо не было сродкаў вучыцца далей. Аб гэтым сведчыць тое, што ў раённым цэнтры раней быў толькі адзін пяты клас. З прыходам Чырвонай Арміі ў Жабінцы адкрыты шэсць паралельных класаў. Адкрыты родныя беларускія школы. Іх у Жабінкаўскім раёне 47. Ёсць 3 украінскіх і адна яўрэйская школа.
Нашай дзяржавай адпушчана Жабінкаўскаму раёну
10 тысяч рублёў на пабудову новых школ. У Франопалі, Сычове, Лісаўцы будуюцца 3 няпоўныя сярэднія школы. 28 школ Жабінкаўскага раёна зусім гатовы да навучальнага года. Для школ закуплена 1248 кубаметраў дроў. Заказана 378 парт, 40 класных дошак і 30 сталоў.
Навучальнымі дапаможнікамі школы забяспечаны на 50 %.
У Жабінцы не хапае педагагічных кадраў. Па 1-4 класах не хапае 72 настаўнікаў, у 5-7 не хапае 9 настаўнікаў.
Самай узорнай школай у раёне лічыцца Жыцінская (загадчык школы Міхальковіч).
Л. Барысава (16 жніўня 1940 г.).
Рыхтуюцца да выбараў
Працоўныя Жабінкаўскага раёна рыхтуюцца да выбараў у мясцовыя Саветы. У раёне закончана вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты абласнога і раённага Савета. Кандыдатамі ў абласны Савет высунут старшыня перадавога калгаса імя 17 верасня т. Малешак П.А., старшыня райкама Давыдаў В.С. 31 чалавек высунуты і зарэгістраваны ў дэпутаты райсавета. Сярод іх старшыня Азяцкага сельскага Савета Багдановіч Л.М., які ў 1933 годзе за рэвалюцыйную дзейнасць быў прыгавораны польскім судом на пажызненную катаргу. Якімук Анастасія — работніца–стаханаўка промкамбіната.
Кандыдаты ў райсавет сакратары РК КПбБ тав. Кароткін Н.П., Басаў Г.Н., старшыня калгаса імя Варашылава Макарук М.С., старшыня калгаса імя Чырвонай Арміі Лаўрынюк Г.М. Усяго па раёну будзе выдзвінута кандыдатамі ў сельскія Саветы 267 чалавек (на 16.11.1940 г. — 150). У Азяцкі сельскі Савет — звеннявыя калгаса імя Варашылава — Лаўрынюк А.Г., Міранюк Дуня Антонаўна. З вёскі Бараны Зелька Пётр Нікіфаравіч. Працуе 110 гурткоў па вывучэнню Канстытуцыі і выбарчага закона. Агітатарамі праведзена 870 групавых гутарак. Цікава праводзіць заняткі настаўніца–камсамолка Радваніцкай школы Маслюкова Марыя.
Усяго на тэрыторыі раёна работае 15 выбарчых участкаў.
(19 лістапада 1940 г.).
У Маскву на Усесаюзную сельскагаспадарчую выстаўку
У Маскву на Усесаюзны агляд калгасных перамог — сельскагаспадарчую выстаўку — упершыню ў гэтым годзе ў якасці ўдзельнікаў выстаўкі едуць дзесяткі перадавых калгаснікаў вобласці, якія заваявалі гэта пачэснае права стаханаўскай работай на сацыялістычных палях.
22 мая на адкрыццё выстаўкі ў Маскву ў якасці госця выехала калгасніца калгаса імя Варашылава Жабінкаўскага раёна Марыя Байдоўская. Яна з’яўляецца ў калгасе знатнай стаханаўкай, кіруе звяном.
К. Ром (25 мая 1941 г.).
Аб рабоце райпартарганізацыі
Жабінкаўская партыйная арганізацыя праводзіць вялікую агітмасавую работу сярод працаўнікоў, арганізуе вытворчы і палітычны ўздым насельніцтва. На аснове гэтай работы ўзрасла актыўнасць сялян. У раёне закуплена да 1000 тон хлеба. Працаўнікі вёсак і сёл з вялікім энтузіязмам удзельнічаюць у будаўніцтве Днепра-Бугскага канала.
Аднака, мы яшчэ недастатачна развярнулі работу к будучаму севу, не стварылі надзейных умоў для работы МТС, а гэтыя промахі мы павінны ізжыць неадкладна.
Наркомзем БССР зусім мала ўдзяляе ўвагі забеспячэнню заходніх раёнаў гаручым. Плоха гэтым пытаннем займаюцца і абласныя арганізацыі.
У раёнах да гэтага часу не створаны газеты. Неабходна прасіць ЦК КПбБ аб арганізацыі ў раёнах газет і забеспячэнні рэдакцый кадрамі.
Тав. Кароткін (19 красавіка 1940 г.).
На здымках: такою была Жабінка напрыканцы 30-х — пачатку 40-х гадоў мінулага стагоддзя. Фота вуліцы Касцюшкі (цяпер — Леніна), зробленае ў 1937 годзе; першы сакратар Жабінкаўскага райкама КПбБ Мікіта Кароткін — яго імя носіць адна з гарадскіх вуліц (фотаздымак з асабістай справы, аформленай у 1940 годзе).
P.S. Апошняя прапанова Мікіты Пятровіча Кароткіна так і не была пачута. Толькі пасля вызвалення ў раёнах з’явіліся раёнкі, у іх ліку — “Ленинский путь” — папярэднік сённяшняй “Сельскай праўды”. Таму наша газета крыху маладзейшая за раён, і ў сёлетнім кастрычніку адзначыць сваё 75-годдзе.
Старыя “зароўскія” падшыўкі гартаў Анатоль РОСТАЎ.
