Запаветныя тысячы вадзіцеляў і камбайнераў

Малады вадзіцель з ААТ «Хмелева» Яўген ЗІМІН стаў першым у раёне ў сваёй кагорце, хто перавёз тысячу і болей тон збожжа ад камбайнаў. Дарэчы, на 1 жніўня ва ўсёй краіне налічвалася толькі 13 маладых вадзіцеляў, што пераадолелі такі рубеж. І вельмі прыемна, што сярод іх — хмелевец!

Павіншаваць Яўгена Сяргеевіча з такім прыемным уласным дасягненнем на мехдвор прыехалі госці — старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Любоў КАБЕРНА, сакратары абкама БРСМ Юрый СЕГЯНЮК і Максім ХАРЫТОНІК, а таксама прадстаўнікі раённага камітэта маладзёжнай арганізацыі. Любоў Антонаўна ўручыла Яўгену Зіміну Пісьмо падзякі, кепку і футболку, а таксама каштоўны падарунак — набор гаечных ключоў. Дасталіся герою жніва прыемныя сувеніры і ад гасцей з горада над Бугам.
— На Брэстчыне нямала моладзі задзейнічана на жніве, — падчас віншавання казаў Юрый Сегянюк. — І вельмі прыемна, што маладое пакаленне дэманструе высокія вынікі работы на камбайнах, аўтамашынах, на зернетаках. Традыцыйна ў перыяд уборачнай кампаніі спаборніцтвы прахо-
дзяць у дзвюх намінацыях: “Маладзёжны экіпаж камбайнераў, што дасягнуў найвышэйшага намалоту” і “Малады вадзіцель, які перавёз найбольшую колькасць зернебабовых культур”. Вельмі здорава, што вы на Жабінкаўшчыне сталі лідарам у сваёй намінацыі і падаяце цудоўны прыклад другім маладым людзям!
Яўген Зімін падзяліўся, што вырас у Брэсце, а жыць перабраўся ў вёску. У Хмелеве пабудаваў сямейнае жыццё. Тут яму падабаецца: спакойны, размераны тэмп жыцця, няма гарадской мітусні, садавіна-гародніна прама з градкі. У дачушкі процьма сябровак, ёй падабаецца вучыцца ў школе, летам часам просіцца пракаціцца ў кабіне з татам.
— Выходжу з дому рана, дачка яшчэ спіць, развожу кармы для жывёлы, а потым — да камбайнаў, — кажа Яўген. — “Нарасціў” кузаў, так што яго ўмяшчальнасць павя-лічылася амаль удвая. Рэкордны дзень быў, калі перавёз 110 тон збожжа! Тады столькі рэйсаў зрабіў і зараз стараюся не губляць набраны тэмп. Каб не дажджы, ужо завяршылі б жніво. Прыемна, што менавіта я стаў першым маладым вадзіцелем-тысячнікам. Буду старацца і далей трымаць марку! Вы да нас праз некалькі дзён зноў прыязджайце — у нас тысячнікі намячаюцца і сярод вадзіцеляў, і сярод камбайнераў.

***

Аднак хмелеўскіх камбайнераў усё ж такі апярэдзілі азяцкія: першы экіпаж-тысячнік сёлетняга жніва ў складзе Сяргея БУЦЬКО і Міхаіла КОЗІЧА вызначыўся ў “АграАзятах”.
— Прыемна, што ні кажы, стаць лідарам у сваёй намінацыі, — пасміхаецца ў вусы Сяргей Міка-лаевіч. — У Міхаіла гэта ўвогуле першае жніво ў ролі камбайнера, а я апошні раз сядзеў за штурвалам “карабля палёў” амаль 20 гадоў таму. Мы намалацілі ўжо амаль 1700 тон збожжа (улічваючы рапс). Нарэшце пасля дажджоў усталявалася цёплае надвор’е і можна зноў да расы абмалочваць каласы. Учора, прынамсі, выдалі з бункера 170 тон збожжа, а нашы сябрукі і калегі Сяргей АНДРАСЮК з Віктарам ПЕТРЫКАМ крыху менш — 150 тон.
— Давялося праводзіць наладку некаторых настроек камбайна, — падхоплівае Віктар Васільевіч.— Усяго некалькі гадзін і 20 тон аддзялялі нас ад пераможцаў. Ну, нічога, ужо раніцай дагналі Сяргея і Міхаіла — цяпер і мы тысячнікі (разам з рапсам на нашым рахунку 1520 тон)!
Настрой у механізатараў выдатны: два новыя камбайны “Нью Холанд” лёгка могуць замяніць тры аналагічныя КЗСы, бо шырыня жняяркі ў іх у 1,5 раза большая за беларускіх “сабратоў”. Бартавы камп’ютар падкажа, дзе няроўнасці на шляху, калі час выгружацца, якая вільготнасць збожжа ў бункеры і многае іншае.
— Убралі ўжо 61 працэнт плошчаў. Учора ўсе пяць экіпажаў намалацілі 457 тон з 80 гектараў пасеваў, — расказвае кіраўнік гаспадаркі Святаслаў АЛЯШКЕВІЧ. — Сёлета ўбіраць азімую пшаніцу адно задавальненне: урадзіла 52 цэнтнеры на круг. Не падвёў таксама і рапс — атрымалі 36 цэнтнераў з кожнага гектара. Калектыў падабраўся добрасумленны, руплівы. Кожны стараецца выканаць сваю работу на выдатна.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара
На здымках: Віктар ПЕТРЫК, Сяргей АНДРАСЮК, Сяргей БУЦЬКО, Міхаіл КОЗІЧ. Яўген ЗІМІН.