Запаветная тысяча

У панядзелак, 26 ліпеня, на Жабінкаўшчыне з’явіліся першыя тысячнікі. Гэта ганаровае званне заваявалі вадзіцелі ААТ “Вазнясенскі” Сцяпан Кандрацюк і Уладзімір Дземідовіч. Сцяпан Мікалаевіч становіцца першым тысячнікам далёка не ўпершыню, у мінулыя гады перавозіў ад камбайнаў і звыш дзвюх тысяч тон збожжа (рэкорд — 2700). Яго малодшы калега Уладзімір Дземідовіч таксама не раз браў планку ў тысячу тон, летась і сёлета быў тым перадавіком, які прывозіў першую машыну збожжа новага ўраджаю на камбікормавы завод.
У гэты ж дзень ушаноўвалі першых тысячнікаў і ў ААТ “Рагазнянскі”. Імі сталі аператары КЗС Аляксандр Макаед, Віктар Арапчук, Аляксандр Данялюк і Мікалай Давідчук, якія прасушылі дзве тысячы тон збожжа.
Абедзве гаспадаркі наведала дэлегацыя ў складзе кіраўніка раёна Віталя Кулака, яго першага намесніка, начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандра Кучынскага, спецыяліста ўпраўлення Аляксандра Чэрніка і старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Любові Каберна з цёплымі віншаваннямі і ўручэннем заслужаных узнагарод.
Лідары жніва атрымалі Пісьмы падзякі райкама прафсаюза работнікаў АПК і ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, камплекты ручнікоў у падарунак, майкі, кепкі і букеты кветак.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта Віталь Кулак, віншуючы перадавікоў, пажадаў, каб дасягнуты імі рэзультат на ўборцы зерневых культур стаў чарговай прыступкай да новых працоўных дасягненняў і вяршыняў, каб надвор’е і тэхніка не падводзілі, каб дакладная арганізацыя работы спрыяла далейшым поспехам.
Тысячнікі, у сваю чаргу, паабяцалі не спыняцца на дасягнутым. І “Вазнясенскі”, і “Рагазнянскі” якраз знаходзяцца на экватары жніва, таму ў перадавікоў ёсць цудоўная магчымасць падвоіць паспяховы вынік.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота аўтара