Чараду кастрычніцкіх святаў замыкае ў нашай краіне Дзень аўтамабіліста і дарожніка. Дзякуючы дарожнаму рамонтна-будаўнічаму ўпраўленню № 103 Жабінкаўшчына за апошнія гады істотна папрыгажэла. Менавіта яго працаўнікі “апранаюць” у асфальт дарогі, праводзяць рэканструкцыю вуліц
і пуцеправодаў, добраўпарадкоўваюць тэрыторыю вакол новабудоўляў. Галоўнае ва ўсім гэтым — каб хапала людскіх рук і каб тэхніка не падводзіла. А як паламаецца, напрыклад, асфальтаўкладчык, яму на дапамогу тут жа спяшаецца механік Жабінкаўскага ДРБУ № 103 Віктар ГАЛАВЕЙКА.
Віктар Васільевіч — прафесіянал сваёй справы, “доктар Айбаліт” для тэхнікі дарожнікаў. А яшчэ калегі называюць яго мясцовым кулібіным і самадзелкіным. Ён можа змайстраваць і адрамантаваць што заўгодна. Неяк на базе трактара МТЗ зрабіў разметачную машыну, якая карысталася попытам не толькі на Жабінкаўшчыне, але і ў суседніх раёнах.
Пры ўсім пры гэтым Віктар Галавейка — вельмі сціплы чалавек.
— Пра чалавека павінны гаварыць яго справы, а не словы, — лічыць ён.
Пагаджаюся і цікаўлюся, дзе Віктар Васільевіч набываў прафесію тэхніка-механіка. Аказваецца, у Ленінградскім Арктычным вучылішчы, якое на сённяшні дзень ужо не існуе і зараз там знаходзіцца рэзідэнцыя прэзідэнта Расіі.
Пасля Паўночнай сталіцы Віктара Галавейку чакаў яшчэ больш паўночны і халодны Мурманск. Там ён працаваў у марскім параходстве, хадзіў на суднах.
Аднак снілася і клікала малая радзіма — Жабінка, і наступнай прыступкай працоўнай біяграфіі стала воінская часць у родным райцэнтры.
У 1991-м Віктар Васільевіч уладкаваўся механікам у ДРБУ-103. На працу прымаў начальнік Ігар СЕЛІВАНЮК. Давялося папрацаваць і пры Уладзіміру Свірыдаве ды Алегу Марчанку. Сённяшні калектыў жабінкаўскіх дарожнікаў узначальвае Яўген ХАМЮК.
Віктар Галавейка ганарыцца тым, што родная арганізацыя па выніках работы за мінулы год занесена на раённую Дошку гонару.
А сам ён, між іншым, узнагароджаны сёлета да пра-фесійнага свята Ганаровай граматай Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі.
— Абсалютна заслужаная ўзнагарода, — лічыць начальнік аддзела механізацыі Аляксей ГРЫЦУК. — Мы ў адной звязцы, у працоўным тандэме рупімся з Віктарам Васільевічам больш за тры дзясяткі гадоў. І я не ўяўляю нашай арганізацыі без гэтага высакакласнага спецыяліста, прафесіянала з вялікай літары. Віктар надзей-ны, сур’ёзны чалавек, не мае шкодных звычак, ніколі не падвядзе, якую б справу яму не даручылі, якую б задачу перад ім не паставілі. Ён тэхнар ад Бога, рацыяналізатар! Паспяхова рамантуе электрапрывады, гідраўлічныя прывады і механізмы, на 40-50 працэнтаў прадаўжаючы ім жыццё.
На балансе Жабінкаўскага ДРБУ-103 зараз 50 адзінак тэхнікі. З усімі яе відамі Віктар Галавейка на ты, можа адрамантаваць любы аўтамабіль і агрэгат.
Ганарацца залатым сэрцам і залатымі рукамі бацькі яго двое дзяцей. Старэйшая дачка Алена працуе педагогам у трэцяй гарадской школе, сын Мікалай узначальвае Жабінкаўскі сельвыканкам.
Верная памочніца Віктара Васільевіча па жыцці — жонка Ганна Мікалаеўна. Галаве сям’і падабаецца рэалізоўваць шматлікія яе задумы і планы па ўпрыгажэнні інтэр’ера дома і падворка. Яго рукі і дома не ведаюць стомы.
Паколькі наша размова з Віктарам Галавейкам адбывалася напярэдадні прафесійнага свята аўтамабілістаў і дарожнікаў, ён папрасіў перадаць праз газету віншаванні калегам і пажаданні моцнага здароўя, паспяховай і безаварыйнай працы, новых прафесійных дасягненняў, невычэрпнай энергіі, шчасця і міру.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота аўтара
Главные новости
