Ён цябе сагравае і аберагае, але калі пра яго не дбаеш і парушаеш, чакай адказнасці. Гэтая думка чырвонай ніццю праходзіла праз размову, якая ладзілася днямі ў ЦБП
№ 109 ААТ “Беларусбанк”. Тут адбыўся прыём, у якім паўдзельнічалі прававы інспектар Брэсцкай абласной арганізацыі прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў Святлана ТАРАСЕВІЧ і пракурор Жабінкаўскага раёна Дзмітрый МАРАЧУК. На сустрэчы прысутнічалі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна КАЛЫБСКАЯ, дырэктар установы Валянцін КУШНЯРЭВІЧ, кіраўнік прафкама Сяргей ПЛАТОНАЎ, прадстаўнікі раённых і пярвічных прафсаюзных арганізацый.
Падчас прававога прыёму па кансультацыю звярнуліся чатыры чалавекі, працаўнікам банкаўскай сферы і іншым грамадзянам былі дадзены тлумачэнні па пытаннях прадастаўлення працоўных і сацыяльных адпускоў, рэжыму працы і адпачынку. Адначасова праводзіўся Дзень прававой асветы і культуры на тэму “Умовы і парадак прыцягнення работнікаў да матэрыяльнай адказнасці”.
Святлана Тарасевіч патлумачыла парадак вяртання стратаў наймальніку пры выкананні работнікам працоўных абавязкаў.
— У выпадку, калі парушаны закон, прафсаюзы маюць права на бясплатнай аснове прадстаўляць інтарэсы сваіх членаў у судзе, — заўважыла Святлана Іванаўна. — У вобласці досыць шмат падобных прыкладаў. Але трэба заўважыць, што ў нашым галіновым прафсаюзе закон парушаецца вельмі рэдка, таму, як правіла, да судовых разбірацельстваў справы не даходзяць.
Тэму на жыццёвых прыкладах працягнуў пракурор раёна. Дзмітрый Юр’евіч, між іншым, асабліва засяродзіўся на пытаннях, звязаных з Дэкрэтам № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядбалых сем’ях”. Акрамя таго, Дзмітрый Марачук паведаміў пра вынікі расследавання справы аб генацыдзе беларускага народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны і першыя пасляваенныя гады:
— У красавіку 2021 года Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь узбудзіла адпаведную справу. На мэце — выяўленне падзей, звязаных са знішчэннем мірных грамадзян, і асоб, якія здзяйснялі гэтыя злачынствы. Да нас звяртаюцца сведкі, што распавядаюць пра генацыд беларускага народа, які не мае тэрміну даўніны. Напрыклад, нядаўна жанчына расказала пра знішчэнне вяскоўцаў у Малых Сяхновічах, а іншая грамадзянка прынесла аўдыязапіс пра падзеі ваеннай пары ў Старым Сяле. Кожнае сведчанне ўважліва вывучаецца. Калі вы маеце падобныя дадзеныя, звяртайцеся ў пракуратуру раёна. Вашы сведчанні абавязкова будуць разгледжаны.
Такім чынам, кожны прававы прыём, які сумесна праводзяць спецыялісты прафсаюзаў і пракуратуры, прыносіць абавязковы плён.
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара
