Закон рухаецца следам за жыццём

Напярэдадні Дня Канстытуцыі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Стаціўка ў чарговы раз наведала Жабінку. На гэты раз месцам сустрэчы стала раённая бальніца, дзе Жанна Уладзіміраўна падзялілася сваімі ўражаннямі ад VI Усебеларускага народнага сходу і распавяла пра дзейнасць айчыннага парламента.
Прадстаўляючы госцю, галоўны ўрач Жабінкаўскай ЦРБ Іосіф Арлавец нагадаў, што Жанна Уладзіміраўна ўжо двойчы абіралася ў беларускі парламент ад Белавежскай акругі. У яе ўваходзіць і Жабінкаўшчына, таму ў адносінах да Жанны Стаціўка пасуе вызначэнне “наш дэпутат”. Увогуле, акруга ахоплівае Камянецкі, Маларыцкі і Жабінкаўскі раёны, дзе налічваецца каля 61 тысячы выбаршчыкаў. Падчас апошняга волевыяўлення ў лістападзе 2019 года большасць іх зноў аддалі свае галасы за Жанну Уладзіміраўну, чым пацвердзілі яе мандат на наступны тэрмін.
Затым Іосіф Юзэфавіч зазначыў: жабінкаўскія медыкі прымаюць актыўны ўдзел у барацьбе з кавідам. У выніку яны зай-мелі ўзнагароды на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях. Хоць небяспечная хвароба, на думку галоўнага ўрача раённай бальніцы, і ідзе на спад, але расслабляцца няма часу, тым больш, што на тэрыторыі Беларусі выяўлены новы, так званы брытанскі, штам віруса.
Гэтыя словы, са свайго боку, падтрымала госця, якая прыгадала, як на VI Усебеларускім народным сходзе мінулы год слушна быў названы годам мужнасці айчынных медыкаў.
Нагадаем, у Палаце прад-стаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны Жанна Стаціўка непасрэдна займаецца сацыяльнымі пытаннямі, з’яўляецца намеснікам старшыні адпаведнай парламенцкай камісіі. Таму выступоўца засяродзілася на блізкай для сябе тэме, прынамсі, працы парламентарыяў у адносінах да медыцынскай сферы.
Вядома, што сацыяльны напрамак заўсёды быў і застаецца прыярытэтным у дзейнасці народных абраннікаў. Чырвонай ніццю праз заканадаўчую працу праходзяць пытанні стварэння камфортных умоў для жыцця грамадзян, іх дабрабыту, адукацыі і, вядома, аховы здароўя — адным словам, усё тое, што перш-наперш хвалюе гараджан і вяскоўцаў.
Жанна Уладзіміраўна падзя-
лілася, як далей будзе ажыц-
цяўляцца заканатворчая дзейнасць. Прынамсі, на верасень запланаваны разгляд прававога рэгулявання дыстанцыйна аддаленай працы. Карэкціроўкі патрэбныя, лічыць дэпутат, да гэтага падштурхнуў, між іншым, аналіз няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі. Канечне, урачам праводзіць аперацыі на адлегласці не атрымаецца, аднак існуе дастаткова шмат спецыяльнасцяў, якія могуць паспяхова выконваць работу дома.
Асаблівую зацікаўленасць у медыкаў выклікалі каментарыі дэпутата, якія тычыліся новага Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове здароўя”. Ён прыняты парламентарыямі напрыканцы мінулай восені і ўступае ў сілу менш чым праз паўгода. Відавочна, час не стаіць на месцы, і ў такую важную сферу, як медыцына, прыйшло столькі змен, што новы закон стаў проста неабходным. Ён адпавядае найноўшым зменам, рухаецца следам за жыццём.
Жанна Стаціўка коратка пералічыла толькі некаторыя палажэнні, якія былі адкарэкціраваны або істотна дапоўнены і перапрацаваны. Назавем некаторыя.
Пасля таго, як закон стане часткай нашага жыцця, дзённыя стацыянары пачнуць забяспечвацца медыкаментамі за кошт рэспубліканскага бюджэту. Уводзіцца працэдура акрэдытацыі медыцынскіх устаноў. Нават у раённых бальніцах і паліклініках у век інтэрнэту стане магчымым праводзіць кансультацыі са свяціламі айчыннай навукі. Узнікне сацыяльны дзяржаўны заказ, які пачнуць праводзіць на конкурснай аснове. Гэта дазволіць, напрыклад, аказваць медыка-сацыяльную дапамогу дома не толькі дзяржаўным медыцынскім арганізацыям, але й прадстаўнікам некамерцыйных грамадскіх арганізацый. Разам з тым, плануецца пашырэнне колькасці арганізацый (найперш на прадпрыемствах), якім будзе дазволена аказваць медыцынскую дапамогу і праводзіць медагляды.
Выпускнікоў медыцынскіх ВНУ цяпер будзе чакаць не інтэрнатура, а рэзідэнтура, што дасць ім магчымасць перавучыцца на іншую спецыяльнасць. Такое ўжо назіралася на практыцы ў час пандэміі, калі ўрачы розных спецыяльнасцяў па волі абставінаў, змагаючыся з хваробай, станавіліся інфекцыяністамі.
На заканадаўчым узроўні будуць замацаваны навацыі апошніх гадоў, у тым ліку такія цывілізаваныя формы абслугоўвання, як электронная медкарта ды электронны талон. Гэта дазволіць і старым, і малым не стаяць у чэргах, як цяпер. Стане звычайнай з’явай так званая “Клапатлівая паліклініка”, здольная, так бы мовіць, дайсці да кожнага пацыента. Ну і канечне, тэлемедыцына — за ёй будучыня!
Асаблівым клопатам у дзяржаве ахоплена сям’я — першасная і вельмі важная ячэйка грамадства. Каб яна яшчэ больш умацоўвалася, як расказала дэпутат, распрацоўваецца праграма “Шматдзетная Беларусь”. Прыемна зазначыць, што на Брэстчыне самы вялікі каэфіцыент нараджальнасці ў краіне. У Беларусі практычна не існуе смяротнасці сярод немаўлят. Разам з тым, патрэбна стымуляваць з’яўленне ў маладых сем’ях не толькі трэцяга, як гэта робіцца зараз, але і другога дзіцяці.
Ужо 2 красавіка беларускі парламент зноў сабярэцца на чарговую вясновую сесію. Наперадзе шмат заканадаўчай дзейнасці, у тым ліку дапрацоўка вельмі важнага закона, які тычыцца інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі ў грамадстве. Дэпутаты стараюцца ўлічыць інтарэсы ўсіх груп людзей, перад якімі жыццёвыя абставіны ўзвялі сапраўдныя бар’еры. Яны штодня змагаюцца з праблемамі, і абавязак народных абраннікаў зрабіць усё, што ад іх залежыць, каб закон і права дапамагалі людзям з абмежаванымі маг-чымасцямі рэалізаваць у жыцці свае здольнасці, атрымаць належную адукацыю, працу, лячэнне.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара