Айчынныя парламентарыі ў першым чытанні прынялі змяненні ў Працоўны кодэкс краіны. Адным з распрацоўшчыкаў законапраекта стала Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Яе кіраўнік Міхаіл Орда патлумачыў:
– Працоўны кодэкс для прафсаюзаў – асноватворны дакумент. Галоўная задача, якую мы, як нацыянальны прафцэнтр, ставілі пры рабоце над ім, – забяспечыць у працоўных адносінах абарону інтарэсаў людзей. Пагэтаму ў закон, што распрацоўваецца, намі ўнесена каля 40 прапаноў. Усе яны сфармулявны на падставе запытаў і праблем, з якімі да нас звяртаюцца сябры прафсаюза ды працоўныя калектывы.
Прынамсі, лідар нацыянальнага прафцэнтра адзначыў: айчынныя прафесійныя саюзы дабіліся, каб быў захаваны тэрмін папярэджання за 30 дзён работніка аб змяненні істотных умоў працы (першапачатковая рэдакцыя законапраекта прадугледжвала скарачэнне гэтага часу ўсяго да 7 каляндарных дзён).
Справа ў тым, што пасля папярэджання аб істотных змяненнях умоў працы (заробак, працягласць працоўнага дня і інш.) работнік павінен прыняць рашэнне: або працягваць працу на новых умовах, або звальняцца.
Такім чынам, зазначыў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, калі работнік прымае апошняе рашэнне, больш працяглы перыяд папярэджання дае яму больш магчымасцяў для пошуку новага месца працы.
– Важна для нас і ўключэнне ў законапраект палажэнняў, паводле якіх будзе забяспечана магчымасць для прафсаюзнай арганізацыі прымаць удзел у абмеркаванні кантракта з работнікам – членам прафсаюза. Гэта дапаможа пазбегнуць сітуацый, калі людзям прапануюць заведама нявыгадныя ўмовы працы ды нормы, якія ў нечым ідуць у разрэз з заканадаўствам. Прадугледжваецца таксама паведамленне прафсаюзу пры намеры наймальніка не працягваць кантракт з работнікам, – адзначыў кіраўнік ФПБ.
Сярод іншых прапаноў нацыянальнага прафцэнтра, якія ўвайшлі ў законапраект, – абмежаванне матэрыяльнай адказнасці працаўнікоў. Федэрацыя неаднойчы ўзнімала гэту праблему на сустрэчах з сацыяльнымі партнёрамі. Законапраектам прадугледжана таксама, што штрафы, якія накладваюцца за парушэнні на наймальніка, пазней не будуць спаганяцца з работнікаў.
Паводле прапановы айчыннай Федэрацыі прафсаюзаў, у новай рэдакцыі Працоўнага кодэкса стала магчыма захаваць права за пенсіянерамі, якія патрабавалі скасавання працоўнага дагавора з прычыны вінаватых дзеянняў наймальніка, на атрыманне кампенсацыі ў памеры трохмесячнай заработнай платы. У першапачатковай рэдакцыі законапраекта гэтая норма ўвогуле адсутнічала.
Ніна КАЛЫБСКАЯ, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў.
Главные новости
