Закаханыя дуб і бярозка

Якая неверагодна прыгожая і цёплая восень выдалася ў гэтым годзе! Здзіўляла барвовымі, залатымі і нават ружовымі колерамі, песціла сонечнымі дзянькамі, адцягваючы патрэбу хутацца ў паліто ды шалікі. У добрае надвор’е разам са сваім дзядулем Міхаілам Міронавічам Кузічам адпраўлялася паблукаць па лесе, каб атрымаць асалоду ад прыгожага ўбрання чараўніцы-восені. Падчас такой прагулкі сустрэлі неразлучную парачку — дубка і бярозку, якія, нібыта закаханыя, спляліся ў абдымках. Дзядулю на памяць адразу прыйшлі словы знакамітай песні:

Как бы мне, рябине, к дубу перебраться,
Я б тогда не стала гнуться и качаться.
Тонкими ветвями я б к нему прижалась
И с его листвою день и ночь шепталась…

Толькі ў нас была не рабінка, а бярозка, якая гэтак жа шчыра “закахалася” ў маладзенькі дуб, злучыўшыся з ім каранямі, як яднаюць свае лёсы людзі. А мы развіталіся з “закаханымі” і адправіліся насустрач новым адкрыццям, якімі поўніцца восеньскі лес.
Тэкст і фота Ксеніі ГАДУЙКА, вучаніцы 6 “Б” класа трэцяй гарадской школы.