Захавальніца сямейнага дабрабыту

Крысціна СЕМЯНЮК. Фота Святланы КІСЛАЙ.
Традыцыйна да Дня горада на Жабінкаўшчыне праводзіцца конкурс “Малады чалавек года”. І 2018-ы не стаў выключэннем. Самых працавітых, мэтанакіраваных і таленавітых маладых людзей адзначылі гэтым ганаровым званнем. Пераможцай конкурсу ў вобласці сацыяльнай сферы стала сацыяльны педагог Жабінкаўскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Лідзія Лінік. Дзяўчына расказала пра сваё жыццё, працу і тое, што дапамагае ёй дасягаць пастаўленых мэт.
Лідзія нарадзілася ў 1991 годзе ў мястэчку Садовы Новасібірскага раёна. Адтуль родам яе мама, там дагэтуль жыве і бабуля. Бацька Лідзіі – нараджэнец аграгарадка Ленінскі. Два невялікія населеныя пункты – у Жабінкаўскім раёне і Новасібірскім – раздзяляюць 4405 кіламетраў.
Аднак, як кажуць, чаму наканавана адбыцца, тое абавязкова здарыцца. Бацькі Лідзіі Лінік пазнаёміліся падчас навучання ў Санкт-Пецярбургу. Пажаніліся, нара-дзілася Ліда. Спачатку жылі ў Садовым, але праз некалькі гадоў пераехалі на радзіму бацькі, у аграгарадок Ленінскі. Там дзяўчынка пайшла ў школу. Пазней сям’я перабралася ў Жабінку. Лідзія вучылася ў сярэдняй школе № 3, а потым у ліцэі.
Пасля адзінаццатага класа паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна на сацыяльна-педагагічны факультэт. У дзяўчыны хапала часу не толькі на вучобу, але і на грамадскае жыццё. Лідзія была актывісткай БРСМ, уступіла ў валанцёрскі атрад, увесь час выступала на святах, удзельнічала ў КВЗ.
Першым месцам працы Лідзіі Вітальеўны стаў жабінкаўскі ліцэй. Туды яна ўладкавалася псіхолагам. Галоўным чынам займалася планавай работай – праводзіла трэнінгі, тэсты, аднак часам дзеці звярталіся да яе і з асабістымі праблемамі. Малады спецыяліст спагадліва ставілася да вучняў і заўсёды імкнулася дапамагчы ім парадамі.
Потым Лідзія выйшла замуж і нарадзіла сына Марка. У 2016 го-дзе, пасля дэкрэтнага адпачынку, уладкавалася на працу ў сацыяльна-педагагічны цэнтр і адразу зразумела, што зараз знаходзіцца на патрэбным месцы. Апроч таго, яшчэ падчас навучання ва ўніверсітэце Лідзія Вітальеўна праходзіла тут практыку.
Сёння ў СПЦ працуюць чатыры чалавекі: дырэктар, псіхолаг, педагог сацыяльны і юрыст. Асноўныя задачы цэнтра – наладзіць адносіны ў няўдалых сем’ях і паклапаціцца пра тое, каб дзеці раслі ў бяспецы і камфорце. Апроч таго, СПЦ каардынуе работу школ і дзіцячых садоў, бо не ва ўсіх установах адукацыі ёсць сацыяльныя педагогі.
Сацыяльна-педагагічны цэнтр удзельнічае ў розных мерапрыемствах. Нядаўна стартавала акцыя “Добрае сэрца”. Усё пачалося з таго, што настаяцель храма Раства Іаана Прадцечы ў Мацеевічах мітрафорны протаіерэй Аляксей Петрусевіч дапамог сабраць прадукты для тых, хто жыве ў нястачы. Супрацоўнікі цэнтра перадалі іх маламаёмасным і шматдзетным сем’ям. Неабыякавыя жабінкаўцы таксама часта прыносяць у СПЦ адзенне, цацкі і іншыя карысныя рэчы.
Сумесна з МНС праводзіцца акцыя “За бяспеку разам”. Выратавальнікі правяраюць надзейнасць сістэмы ацяплення і электраправодку ў дамах нядобранадзейных і шматдзетных сем’яў.
Лідзія Лінік кіруе клубамі “Гармонія” для бацькоў, дзеці якіх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і “Падлетак” для непаўнагадовых, у дачыненні да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Таксама ў СПЦ пад кіраўніцтвам псіхолага дзейнічае клуб “Выхоўваем разам” для прыёмных бацькоў і апекуноў. Сумесныя сходы праводзяцца ў форме дыялогу, у гутарках часта ўдзельнічаюць спецыялісты: урачы-нарколагі, псіхіятры, святары. “Мы імкнёмся дапамагчы бацькам, паказаць ім правільную дарогу, каб дзеці выраслі ў добрых умовах. Радуе, што многія прыслухоўваюцца да нас і шчыра імкнуцца палепшыць атмасферу ў сваіх сем’ях, – расказвае Лідзія Вітальеўна. – Цяжка глядзець на пакуты чужых дзяцей, асабліва калі ва ўласнай сям’і падрастае сын”.
Дома Лідзіі дапамагаюць муж Аляксандр і чатырохгадовы сын Марк, бо ў яе заўсёды шмат праектаў і ідэй. Як актывістка БРСМ Лідзія Лінік стала намінанткай ад Жабінкаўскага раёна ў рэспубліканскім праекце “У саюз з сябрамі”. У 2017 годзе ўзнагароджана граматай раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Падчас святкавання Дня Незалежнасці ўдзельнічала ў гарадскім конкурсе “Аўталэдзі–2018”.
Аб’яву пра конкурс “Малады чалавек года” Лідзія ўбачыла ў раённай газеце і адразу прыняла рашэнне паўдзельнічаць. Са складаннем заявы дзяўчыне дапамагла старшыня Жабінкаўскага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Урбан. На конкурс Лідзія рыхтавала прэзентацыю, у якой з ноткай гумару расказала пра сябе, сваё штодзённае жыццё і працу. Збіраць інфармацыю і выбіраць фатаграфіі дапамагалі калегі, канчатковы вынік праверыў уважлівы да дэталяў муж Аляксандр. Журы ацаніла старанні мэтанакіраванай дзяўчыны, яе таленты і прафесійныя якасці, а таму падчас святкавання Дня горада яна атрымала запаветную статуэтку “Малады чалавек года” і дыплом пераможцы (на здымку).
Лідзія лічыць, што сваёй актыўнасцю паказвае добры прыклад сыну, бо маленькі Марк заўсёды дапамагае маме. Маладая жанчына ўпэўнена, што можна ўсяго дабіцца, калі не баяцца дзейнічаць. Яе дэвізам у апошні час стала знакамітае выказванне Генры Форда: “Калі я працую па 16 гадзін у суткі, мне пачынае дзіўна шанцаваць!”
Лідзія любіць праводзіць час з сям’ёй на прыродзе. Разам яны часта ездзяць на вадаёмы каля Булькова і Белаазёрска, начуюць у палатцы. Аляксандр захапляецца рыбалкай, а жонка і сын яго падтрымліваюць. У маленькага Марка ўжо нават ёсць уласная вудачка!
Лідзія ўпэўнена, што кожны чалавек павінен клапаціцца пра сваю сям’ю і асабліва пра дзяцей, бо яны безабаронныя. Сама яна аберагае сваіх родных і імкнецца наладзіць жыццё іншых людзей. Задача няпростая, але яна па сілах неабыякавай, чулай і добразычлівай Лідзіі Лінік.