Дар’я НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Кожнаму жыццё даруе такія сустрэчы, пасля якіх ягоная дарога можа павярнуць у самы нечаканы бок. Напрыклад, для Ларысы Харс лёсавызначальным стала знаёмства з настаўніцай Верай Мацвееўнай Шумавец. Яшчэ ў школьныя гады педагог разгледзела ў дзяўчыне здольнасці да замежнай мовы і дапамагла вызначыцца з будучай прафесіяй, якой гераіня прысвяціла амаль палову свайго жыцця.
Гэта сёння мы ведаем Ларысу Уладзіміраўну Харс як старшыню Азяцкага сельвыканкама, а спачатку 24 гады яна адпрацавала ў школе гэтага аграгарадка настаўніцай англійскай мовы. Неверагоднае жаданне стаць студэнткай Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў нарадзілася падчас свята адчыненых дзвярэй ва ўстанове.
— Вось так у дзясятым класе, прыслухаўшыся да парады Веры Мацвееўны, я адправілася на ўрачыстую сустрэчу ў Мінск, — дзеліцца Ларыса Уладзіміраўна. — Мяне вельмі ўразіла сталіца, яе вуліцы, людзі і дамы, рытм вялікага горада, але не менш спадабаўся сам інстытут. Нас правялі па аўдыторыях і калідорах, расказалі пра асаблівасці навучання, і я зразумела, што хачу вучыцца менавіта тут. У 1985-м прывезла сюды дакументы і як медалістка, здаўшы першы экзамен “на пяць”, была залічана ў кагорту студэнтаў. Збылася запаветная мара!
Ларыса Уладзіміраўна і зараз з агеньчыкам у вачах расказвае, якой цікавай была вучоба, з якім задавальненнем выконвала ўсе заданні. Група складалася з 10 чалавек, таму “жылі” дружна, а выкладчыкі маглі кожнаму ўдзяліць належную ўвагу. Заўважае: нягледзячы на тое, што прыехала ў сталіцу з ведамі, атрыманымі ў сельскай Хмелеўскай школе, адчувала сябе на адным узроўні з іншымі аднагрупнікамі. За гэта суразмоўніца зноў дзякуе любімай школьнай настаўніцы нямецкай мовы Веры Мацвееўне.
— Дарэчы, з нашага класа не адна я абрала шлях педагога, — кажа Ларыса Уладзіміраўна. — Многія паступілі ў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна. Я хаця і вывучала англійскую і нямецкую мовы ў сталіцы, пасля размеркавання вельмі хацела вярнуцца дадому. За гэтым справа не стала, бо на той час ужо выйшла замуж, нарадзіла сыночка.
Так, з 1990-га пачалася працоўная дзейнасць маёй гераіні ў Азяцкай школе і доўжылася амаль чвэрць веку. Ларыса Уладзіміраўна шчыра прызнаецца, што ніколькі не шкадуе аб тым, што менавіта са школай звязала столькі гадоў свайго жыцця. З задавальненнем бегчы на працу і ўваходзіць з усмешкай у клас дапамагалі зацікаўленыя вочы вучняў. Заўсёды знаходзіліся тыя дзеці, якія жадалі ведаць больш, засыпалі пытаннямі, здзіўлялі сваімі здольнасцямі і нестандартным бачаннем сітуацыі.
У наступным годзе Ларыса Уладзіміраўна адзначыць першы юбілей на пасадзе старшыні Азяцкага сельвыканкама. Здаецца, гэтая місія вельмі адрозніваецца ад працы настаўніка, але толькі на першы погляд. У класе дапамогі і мудрай парады чакалі вучні, а зараз не толькі аднавяскоўцы, але і жыхары іншых населеных пунктаў, якія ўваходзяць у склад сельсавета.
— Што б ні здарылася, яны тэлефануюць у сельвыканкам, — расказвае жанчына. — То мэблю трэба перавезці, то абрэзаць галіны дрэў ці нешта падрамантаваць — усяго і не пералічыш! Прыемна, калі людзі разлічваюць на маю дапамогу, але прыемней удвая, калі адразу атрымліваецца дапамагчы і ўбачыць радасныя вочы, пачуць шчырыя словы ўдзячнасці. Для гэтага цесна супрацоўнічаю з нашай гаспадаркай, рознымі службамі раёна — з узнікаючымі цяжкасцямі спраўляемся разам.
Як і ў школе, так і на новым месцы Ларысе Уладзіміраўне даводзіцца падбіраць ключыкі да людскіх сэрцаў. Яе ж сэрца радуецца, калі бярэ ў рукі пруткі для вязання ці перачытвае любімы твор Брантэ “Джэйн Эйр” у арыгінале, а яшчэ калі дом напаўняецца галасамі дзяцей і ўнукаў. Так сталася і ўчора: павіншаваць Ларысу Уладзіміраўну з юбілеем прыехалі з Брэста сыны Максім і Аляксандр з сем’ямі, у якіх гадуюцца маленькія Мікітка і Варвара, а таксама малодшы брат Анатоль з Жабінкі.
— Кастрычнік наогул багаты на святы, — заўважае суразмоўніца. — Спачатку віншуюць з Днём настаўніка, потым з Днём маці, затым збіраемся на мой дзень нараджэння, а ў мінулым годзе ў канцы гэтага месяца на свет з’явілася ўнучка. Калі ўважліва прасачыць за дарогамі-сцяжынкамі, якімі мяне да гэтай пары вяло жыццё, можна ўпэўніцца: кожны месяц быў шчодры на святы, радасці і добрыя падзеі. Трэба толькі прыкмячаць.
