Захад сонца

Неба ружавее. Увесь гарызонт навокал расплываецца ў румянцы. І так прыемна воку: фарбы не зіхацяць яскрава, яны лагодна ахутваюць зрок… Хочацца бясконца глядзець, як блакіт нябёсаў павольна перацякае ў колер яшчэ маладога, няспелага яблыка.
Неба спаласавана самалётамі. Жалезныя птушкі ўжо далёка, а сляды застаюцца… Стужкі шырэюць, становяцца рэдкімі, рыхлымі, сутыкаюцца з аблокамі і таксама ружавеюць. А вось ляціць самалёт адразу з ружовым зіхоткім хвастом — камету нагадвае.
Фарбы ў небе ўсё ж змешваюцца. Кладзецца на зямлю такі ж шэра-фіялетавы змрок.
У другім баку плывуць ружова-аранжавыя аблокі. Залатымі іскрамі блішчаць пад імі велічныя абрысы царквы…
А там, удалечыні, за суседскім хлявом пырскае чырванню само сонца. Яно прыцягвае погляд: барвовыя промні разыходзяцца далей, плывуць уздоўж гарызонту. Нібы Асоль, гля-джу ў неба, як у бяздоннае мора, і бачу пунсовы ветразь…
Паступова ўся прыгажосць знікае, хаваецца ў вячэрнім змроку. Ужо і месяц выйшаў і заззяў белым-бялюткім святлом. Ідзе ноч…
Вольга ДРУШЧЫЦ.