У Жабінкаўскай раённай арганізацыі ветэранаў педагагічнай працы, на жаль, застаўся толькі адзін удзельнік тылу — Ганна Пракопаўна Давыдоўская. Напя-рэдадні Дня Перамогі яе павіншавалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк, намеснік начальніка аддзела па адукацыі Іна Тарасевіч, аўтарка гэтых радкоў і вучні трэцяй гарадской школы.
Ганна Пракопаўна была прыемна ўражана прыходам гасцей, словамі віншавання з Днём Перамогі. Яна запрасіла за стол, каб за кубачкам чаю з саладосцямі даць волю сваім успамінам.
…Нарадзілася яна на Смаленшчыне. Ёй, як лічыць жанчына, вельмі пашанцавала вучыцца ў школе-сямігодцы, дзе выкладаў настаўнік гісторыі Андрэй Зорын. Дзяўчына абрала жыццёвы шлях, дзякуючы яму — стала настаўнікам, намагалася ва ўсім быць падобнай на яго. Паступіла ў педагагічнае вучылішча ў суседнім сяле, ды паспела закончыць усяго два класы: пачалася вайна.
У чэрвені 1941-га ўсіх вясковых юнакоў і дзяўчат паклікалі на фронт, капаць супрацьтанкавыя равы на аўтастрадзе Мінск — Масква. Было жудасна, калі над галовамі шаснаццацігадовых (лічы, дзеці яшчэ) завывалі “мессершміты” пры налётах.
Ганна з сяброўкамі вырашылі вярнуцца дадому. Па дарозе сустракалі салдат, ехалі з імі на грузавіках. Падчас паветраных трывог хаваліся ў прыдарожных канавах. Да дому засталося зусім крышку, аднак іх не пусцілі — там ужо гаспадарылі немцы.
На чыгуначнай станцыі дзяўчаты аказаліся ў цяплушцы і іх накіравалі далей ад фронту. Так Ганначка са старэйшай сястрой На-дзеяй і сяброўкай апынуліся ў Алтайскім краі. Уразілі дзяўчат надзвычай прыгожыя горы вакол вёскі і незвычайныя іх назвы — Піла і Грабніца.
Дзяўчаты пасяліліся ў сям’і Іонавых. Ім даводзілася спаць на набітых саломай матрасах. Убіралі ўраджай, сціртавалі, малацілі хлеб. Абаграваліся толькі саломай — нічога больш для цяпла не было, елі падмерзлую бульбу.
Ужо ў жніўні 1943 года Ганна вярнулася ў Смаленскую вобласць. Яе накіравалі сакратаром райкама камсамола ў Дарагабуж з заданнем набраць людзей і адпраўляцца на лесанарыхтоўкі.
Слухаючы аповед Ганны Пракопаўны, мне цяжка было ўявіць, як дваццаць пяць дзяўчатак у фуфайках і ватных штанах валілі лес ва Урзе, бо крапежны лес быў неабходны ў шахтах Данбаса… Стараліся дзяўчаткі на сумленне. Атрымлівалі талоны на тавары. У 1945 годзе грудзі Ганны Пракопаўны ўпрыгожыў медаль “За высакародную працу ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.
У пачатку 1947-га Ганна прыехала да сяброўкі ў Жабінку, ёй вельмі спадабаліся мясцовыя людзі, вырашыла тут і застацца. Была дырэктарам Глыбокскай пачатковай школы, сямігадовай школы ў Саках, працавала ў першай гарадской. Больш за сорак гадоў жыцця гэтая цудоўная жанчына аддала педагагічнай працы, і сёння ў свае 94 гады яна з’яўляецца ідэалам дабра і справядлівасці, цярпення і мужнасці. На кволыя плечы такіх людзей у гады Вялікай Айчыннай легла задача забяспечыць фронт усім неабходным: зброяй, ваеннай тэхнікай, боепрыпасамі, палівам, харчаваннем, абуткам, вопраткай і іншым. Усё гэта стваралася работнікамі савецкага тылу, якія праяўлялі сапраўдны працоўны гераізм.
У 2019 годзе Ганну Пракопаўну Давыдоўскую ўзнагародзілі нагрудным знакам “Ганаровы ветэран”.
Наталля УРБАН, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Фота Святланы БЯЛЯК.
Главные новости
