За руль матацыкла — у адпаведнасці з правіламі

Матацыкл — транспарт, які прываблівае лёгкасцю, магутнасцю і хуткасцю. Аднак, у той жа час гэта малаўстойлівая машына. Прычым і кіроўца, і пасажыр практычна не абаронены, што ў шмат разоў павялічвае цяжар наступстваў пры дарожна-транспартных здарэннях. Згодна са статыстычнымі дадзенымі з усіх ДТЗ з удзелам матацыклістаў у 70 % выпадкаў вінаватыя вадзіцелі двухколавых машын. Пра прычыны здарэнняў, у якіх вінаваты матацыклісты, і адміністрацыйную адказнасць, што чакае іх за парушэнне Правілаў дарожнага руху, расказаў старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Жабінкаўскага РАУС Раман Крупко.
— Асноўныя прычыны здарэнняў па віне матацыклістаў — перавышэнне хуткасці, адсутнасць навыкаў ваджэння і права кіравання транспартнымі сродкамі катэгорыі “А”, кіраванне ў нецвярозым стане, парушэнне правілаў абгону і праезду скрыжаванняў, эксплуатацыя няспраўнага ці пераабсталяванага матацыкла.
Пры кіраванні двухколавай машынай неабходна быць уважлівым і разважлівым, умела і абдумана карыстацца яе хуткаснымі магчымасцямі. Больш за тое, матацыкл павінен быць зарэгістраваным і тэхнічна спраўным. Выкарыстанне моташлема абавязковае, бо ён дазваляе знізіць колькасць цяжкіх і смяротных траўмаў галавы на 45 %.
За парушэнне патра-баванняў Правілаў дарожнага руху прадугле-джана адміністрацыйная адказнасць: за нясвоечасовую рэгістрацыю ці непрадастаўленне матацыкла без уважлівай прычыны для дзяржтэхагляду — папярэджанне ці штраф ад адной да трох базавых велічыняў. За парушэнне правілаў карыстання моташлемамі вадзіцеляў чакае папярэджанне або штраф да адной базавай. За кіраванне матацыклам у стане ап’янення ці перадачу кіравання нецвярозай асобе — штраф ад 50 да 100 базавых велічыняў з пазбаўленнем права кіравання транспартным сродкам на тры гады. Калі за рулём матацыкла асоба, якая не мае права кіравання ім, або яно перададзена таму, хто не мае такога права, гэта прывядзе да штрафу ад 5 да 20 базавых. За тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні чакае штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў ці адміністрацыйны арышт.
Запісала Алёна НІКАНЧУК