За кожным вынікам — карпатлівая праца

Цэлым сузор’ем таленавітых адораных навучэнцаў можа пахваліцца ліцэй горада Жабінкі. Калі гэтыя зорачкі — пераможцы алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, творчых конкурсаў — сабраліся за круглым сталом, каб падзяліцца сваімі ўражаннямі і вопытам ад удзелу ў іх, у кабінеце нібыта стала святлей і цяплей — ад эмоцый ды шчырых усмешак.
Намеснік дырэктара па навучальнай рабоце Ганна Васілюк адзначыла, што на працягу 15 гадоў ва ўстанове існуе ліцэйскае навуковае таварыства навучэнцаў. Ліцэй супрацоўнічае з Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам імя А.С. Пушкіна, механіка-матэматычным факультэтам БДУ, Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам, абласным ліцэем імя П.М. Машэрава, ліцэем № 1 Брэста. Ліцэісты паспяхова прымаюць удзел у канферэнцыях, якія праводзяць дадзеныя навучальныя ўстановы, і, што прыемна, вяртаюцца з узнагародамі: дыпломамі і сертыфікатамі.
Калегу дапоўніла намеснік дырэктара Алена Цаль, якая заўважыла: акрамя таго, што навучэнцы ліцэя штогод прымаюць удзел у навукова-практычных канферэнцыях раённага і абласнога ўзроўняў, летась яны паўдзельнічалі ў абласным конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ, абласной завочнай алімпіядзе па журналістыцы сярод навучэнцаў старэйшых класаў, у завочным этапе рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару па астраноміі, біялогіі, інфарматыцы, матэматыцы, фізіцы, хіміі і многох-многіх іншых разумовых спаборніцтвах. Напрыклад, Рэгіна і Рыма Каракозавы былі ўзнагароджаны дыпломам ІІ ступені ў міжнароднай канферэнцыі даследчых работ навучэнцаў “Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”. Падрыхтавала дзяўчат педагог Эліна Чарнецкая. Пад яе ж кіраўніцтвам навучэнцы Уладзіслаў Страха і Вераніка Раманюк заваявалі дыплом І ступені па гісторыі на канферэнцыі, што праходзіла ў брэсцкім ліцэі імя А.С. Пушкіна, а таксама прынялі ўдзел у V рэспубліканскай студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі “Крок у навуку”.
Сёлета жабінкаўскія ліцэісты прадставілі свае даследчыя работы на ХVІ адкрытую навукова-практычную канферэнцыю “З навукай — у жыццё”, што праходзіла ў завочным фармаце ў абласным ліцэі імя П.М. Машэрава, годна іх абаранілі і атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Дыпломам І ступені адзначаны вышэйзгаданыя навучэнкі 11 “А” класа Рэгіна і Рыма Каракозавы (кіраўнік Э.У. Чарнецкая), дыпломамі ІІ ступені — вучні 11 “Б” Анастасія Бабінец (кіраўнік К.Ф. Місіюк) і Максім Казакоў (кіраўнік А.М. Дамасевіч). Дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджана іх аднакласніца Ксенія Сысоева, якую падрыхтавала Ніна Захараўна Старыцкая.
Напрыканцы красавіка Ана-стасія, Максім і Ксенія прынялі ўдзел у 72-й навукова-практычнай канферэнцыі студэнтаў, магістрантаў і навучэнцаў “Першы крок у навуку” ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце ў Мінску. Цяпер з гонарам прыгадваюць, што сам дэкан паціскаў ім руку, уручаючы сертыфікаты ўдзельнікаў. Дарэчы, матэрыялы дакладаў размешчаны на сайце БДТУ.
А Ксенія Сысоева да таго ж завочна паўдзельнічала ў ХХІІІ Міжнароднай канферэнцыі навукова-тэхнічных работ школьнікаў “Старт у навуку” Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута.
Навучэнцы 10 “Б” класа фізіка-матэматычнага профілю Юлія Бакун, Павел Ярашук, Марыя Грынёва і Багдана Шкадзюк у красавіку прынялі ўдзел у алімпіядзе для абітурыентаў, якая прайшла на механіка-матэматычным факультэце БДУ (педагог Г.І. Васілюк). Павел Ярашук 22 мая прыняў удзел у міжрэгіянальным анлайн-конкурсе “Гартаючы памяці старонкі…”, што праводзіў спецыялізаваны ліцэй пры Універсітэце грама-дзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь сумесна з Інавацыйным адукацыйным інтэрнэт-парталам “ЯКлас”.
Падчас размовы за круглым сталом кожны з юнакоў і дзяўчат выказаўся, наколькі цікава яму вучыцца ў ліцэі, удзельнічаць у алімпіядах і канферэнцыях, у грамадскім жыцці ўстановы. “Тут мы раскрыліся па-новаму, і ў гэтым нам дапамаглі таленавітыя педа-гогі”, — гаварылі ліцэісты.
Адзінаццацікласнік Юрый Піліповіч прызнаўся, што, пас-тупіўшы ў ліцэй, ён значна вырас у сваіх вачах, зразумеў, у якім накірунку хоча рухацца далей. І, што цікава, тут Юра ўпершыню змог паўдзельнічаць у алімпіядзе па хіміі (дагэтуль яго ўвесь час накіроўвалі на алімпіяду па біялогіі) і заняць першае месца на раённым этапе летась, другое — сёлета.
Максім Казакоў перайшоў у ліцэй у 11 класе. Яго здольнасці да англійскай мовы заўважыла педагог Алена Дамасевіч — кіраўнік ліцэйскага навуковага таварыства — і прапанавала напісаць навукова-даследчую работу, з якой Максім і заваяваў дыплом ІІ ступені на раённай НПК. Юнак таксама прымаў удзел у алімпіядзе па англійскай мове разам з Насцяй Піліпук, якая прыйшла ў ліцэй з аграгарадка Ленінскі.
Алена Мікалаеўна заўважыла: “За кожным вынікам — карпатлівая, часам тытанічная праца і навучэнцаў, і педагогаў. Наша мэта — навучыць юнакоў і дзяўчат пісаць навукова-даследчыя работы, шукаць тэмы, перапрацоўваць і аналізаваць матэрыялы. Вельмі важна, каб навуковая работа мела практычную карысць. Што тычыцца алімпіяд, то не менш важна, чым даць трывалыя, глыбокія веды па прадмеце, падтрымліваць, падбадзёрваць вучняў, усяляць у іх упэўненасць, што ўсё атрымаецца, “Алімп ведаў” скарыцца. А калі й не скарыцца, то вопыт у жыцці згадзіцца”.
Прыгадалі падчас круглага стала і гонар ліцэя — выпускніцу Вольгу Чарнецкую, якая паспяхова выступала на алімпіядах па нямецкай мове і заваявала дыпломы І ступені на абласным і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды па гэтым прадмеце. Рыхтавала дзяўчыну настаўнік Святлана Пташнік. Да таго ж, думаю, многія нашы чытачы прыгадаюць, што Вольга ў 2017-м была намінантам конкурсу “Малады чалавек года” і гераіняй матэрыялу “Бліжэй да мары” ў раённай газеце “Сельская праўда”.
І такіх выпускнікоў, якімі ганарыцца гарадскі ліцэй, шмат. А сёння ўстанову праслаўляюць новыя імёны, жыццё не стаіць на месцы.
Падводзячы вынік работы круглага стала, Ганна Васілюк падзякавала ўсім удзельнікам за шчырасць і адкрытасць, стараннасць і таленавітасць.
Педагогі гарадскога ліцэя ўжо хутка выпусцяць сваіх дарослых “птушанят на крыло” і прымуць новы набор дзесяцікласнікаў-“жаўтароцікаў”. Прыём даку-ментаў у ліцэй адкрыты да 15 чэрвеня. Далучайцеся да дружнай ліцэйскай сям’і!
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота аўтара