Вось і скончыўся 2018-ы год. Сведкамі і радасных, і сумных падзей сталі супрацоўнікі аддзела загса.
У мінулым годзе 165 пар пачалі сваю сямейную гісторыю. У аддзеле загса чароўныя гукі вясельнага марша прагучалі для 140 маладых сем’яў. Сапраўдным “месяцам кахання” стаў верасень: у ім было зарэгістравана 30 шлюбаў! Сярэдні ўзрост мужчын, якія ўпершыню ўступілі ў шлюб, склаў 25 гадоў, жанчын — 22,5 года. Зарэгістравана 15 сямейных саюзаў з замежнымі грамадзянамі — выхадцамі з Украіны, Расіі, Арменіі, Узбекістана і Малдовы.
Не ўсе сямейныя гісторыі працягваюцца доўга. Так, летась было скасавана 69 шлюбаў. Кожная трэцяя пара распісвалася паўторна, гэта значыць, што муж, жонка або абодва раней ужо знаходзіліся ў шлюбе.
На жаль, упершыню з 2007 года ў горадзе лічба памерлых перавысіла колькасць народжаных. Усяго ў 2018-м годзе ў раёне зарэгістравана 260 нованароджаных (у 2017-м — 305), з іх у Жабінцы — 172. Сваім з’яўленнем на свет родных парадавалі 157 хлопчыкаў і 103 дзяўчынкі. Самым “ура-джайным” на дзетак месяцам стаў ліпень: у раёне быў зарэгістраваны 31 малыш. Сярэдні ўзрост матуль склаў 28 гадоў, а бацькоў — 30.
У мінулым годзе 63 сям’і атрымалі статус шматдзетнай. У 90 сем’ях з’явіліся першынцы, у 87 — другія дзеці, у 20 — чацвёра і больш дзяцей. Некалькі шчаслівых пар сталі бацькамі ў сёмы раз: ва Уладзіміра і Ніны Дзянішчычаў нарадзіўся сын Уладзімір, у Вячаслава Варны і Таццяны Бічук — сын Міхаіл. У раёне зарэгістравана дзве пары двайнятак: у сям’і Аляксандра і Ганны Сідзюкоў — дочкі Лізавета і Кацярына, у Яўгенія і Вікторыі Вабішчэвічаў — сыны Давід і Марк.
Самымі папулярнымі хлапечымі імёнамі ў 2018 годзе сталі Міхаіл, Аляксандр, Данііл і Арцём, дзявочымі — Сафія, Вікторыя, Кацярына і Ульяна. Бацькі называлі сваіх дзяцей і рэдкімі імёнамі: Оскар, Яніслаў, Эрык, Савелій, Севасцьян, Лаўрэнцій, Пелагія, Таісія, Эвеліна, Міра, Авігея, Алана, Зара, Стэфанія.
За год аддзелам загс зарэгістраваны чатыры усынаўленні, выдадзена 117 паўторных пасведчанняў пра рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану, сем чалавек вырашылі памяняць прозвішчы і імёны па бацьку па прычынах, якія былі прызнаны ўважлівымі.
У Жабінкаўскім раёне летась здзейснена 337 запісаў пра смерць: 182 аддзелам загс і 155 сельвыканкамамі. Больш за ўсё памерлых зарэгістравана ў красавіку —
44 чалавекі. Сярэдні ўзрост мужчын-нябожчыкаў склаў 66 гадоў, жанчын — 80.
Хачу пажадаць кожнай сям’і міру, дабра і дабрабыту. Чакаем вас у новым годзе з радаснымі і шчаслівымі падзеямі.
Галіна АКСЮЦІК, начальнік аддзела загса.
Главные новости
