Жалобны мітынг-рэквіем адбыўся 11 верасня ў мемарыяльным комплексе “Драмлёва”
За іх, загінуўшых, жыву,
Учынкі мераю сурова,
А попел беліць галаву
Ад полымя твайго, Драмлёва.
Расціслаў БЕНЗЯРУК
Зноў Памяць паклікала жабінкаўцаў розных пакаленняў у Драмлёва. Нашай вогненнай вёскі не існуе ўжо 28855 дзён. Менавіта столькі часу мінула з таго страшнага ранку 11 верасня 1942 года, калі карнікі бязлітасна знішчылі дашчэнту мірнае паселішча. Пра тое злачынства сведчыў акт раённай камісіі, складзены ў студзені сорак пятага:
Наш боль і наша памяць
Згадваючы тыя падзеі, старыя людзі сведчылі: калі гарэла вогненная вёска, было цёпла, нават млосна. Сёння, праз 79 гадоў, таксама выдаўся спякотны дзень. І менавіта ў 10 гадзін раніцы распачаўся мітынг-рэквіем, прысвечаны памяці Драмлёва і драмлёўцаў.
Адкрыў жалобу намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр КУЧЫНСКІ, які прамовіў:
— Гарэлі гарады, вёскі, гарэла беларус-кая зямля… Жудасная вайна пакінула шмат цяжкіх знакаў бяды. Адным з іх стала Драмлёва. Гэта была звычайная невялічкая палеская вёска. 11 верасня 1942 года, на праваслаўнае свята Усячэння галавы Іаана Хрысціцеля, яна падзяліла лёс амаль дзвюх соцень беларускіх вёсак, якія так і не адрадзіліся пасля ліхалецця, стала адной з пясчынак у незлічонай колькасці зруйнаваных населеных пунктаў. Пакутніцкай смерцю загінулі 183 чалавекі, з іх 103 — ва ўзросце да трыццаці гадоў. Нешматлікім пашанцавала апынуцца за межамі вёскі, а таму выратавацца. Усяго чатыры падлеткі: Міша Данілюк, Міця Юрасік, Віталь Чахлоў і Коля Ярмашук — непасрэдна выйшлі жывымі з таго полымя.
Цішыня і ўзрушэнне апаноўваюць наваколле, калі Аляксандр Яўгенавіч зачытвае ўрыўкі з успамінаў аднаго з іх. Мікалаю ЯРМАШУКУ тады, у верасні сорак другога, было ўсяго пятнаццаць, але да самай смерці зарубкамі на сэрцы засталіся ўспаміны пра той трагічны ранак, калі карнікі знішчылі родную вёску. Нават праз дзесяцігоддзі нялёгка чуць яго словы, агучаныя Аляксандрам Кучынскім. Гэта цяжкія радкі, дзе кожнае слова кранае да глыбіні душы і маладых, і дарослых. Пасля вайны Мікалай Іванавіч жыў ва Украіне, ён гаварыў: “Некалькі разоў прыязджаў на малую радзіму, якой не стала. Заходзіў у сваю неіснуючую вёску, падаў на калені, цалаваў зямлю, перамешаную з попелам яе жыхароў, і плакаў”.
Крыху паводдаль заўважаю фігурку невялічкай жанчыны, якая слухае, не стрымліваючы слёзы. Сёння Веры КІРЫЛЬЧУК са Сцяпанак ужо 85 гадоў. Тады мела ўсяго шэсць. Але ў дзіцячай свядомасці назаўсёды адбіўся дзень, калі згарэлі яе бабуля Наста, цётка Аня, стрыечныя брат і сёстры — Тоня, Лёша, Людачка. (Люда Антанюк, якой ішоў 38 дзень ад нараджэння, была самай маленькай жыхаркай Драмлёва). Спрабую сказаць нешта суцяшальнае Веры Самсонаўне, а ў адказ — яшчэ больш горкіх слёз у старэчых вачах…
У гэта самае імгненне прамоўца вельмі слушна заўважае: Драмлёва — гэта наш культурны код, наш боль і наша памяць.
Каб ніколі не вярнулася бяда
Па традыцыі слова даецца людзям розных пакаленняў. Старшыня ветэранскай арганізацыі Анатоль СТАРЫЦКІ заўважыў:
— Для кожнага жыхара раёна гэта святое месца, куды мы штогод прыходзім, каб аддаць даніну памяці ўсім загінулым у жудасных пакутах ад куляў ворага і ў полымі агню, усім, каго забрала вайна… Сваё невялікае выступленне хачу завяршыць словамі сімвалічнага звароту тых, хто загінуў жывым, выбітага на мармуровым Вянцы Памяці ў “Хатыні”: “Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: няхай смутак і жальба ператворацца ў мужнасць Вашу і сілу, каб здолелі Вы зацвердзіць навечна мір і спакой на Зямлі. Каб з гэтага часу нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не памірала!”
Дапаўненнем ад імя маладых сталі словы інспектара аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Уладзіслава ДЖЫГІЛЫ:
— У першую чаргу хочацца звярнуцца да маладога пакалення. Зірніце на гэты мемарыял. Боль, жах, хваляванне — цэлая палітра адчуванняў, якія нас перапаўняюць. Але нашым аднагодкам тады было ў сотні разоў больш жудасна. Спадзяюся: нашы пакаленні ніколі не сутыкнуцца з бядой, падобнай на гэтую. І сёння наша галоўная задача — берагчы памяць пра нявінных ахвяр праклятай вайны.
…У сэрцах тых, хто завітаў на жалобны мітынг, адгукаюцца гулкія ўдары — метраном адлічвае хвіліну маўчання, якая прымушае кожнага задумацца над пачутымі словамі. Боль па нявінных ахвярах назаўжды застанецца ў нашых сэрцах. Ужо 39-ы раз падобным вераснёўскім днём у мемарыяльны комплекс “Драмлёва” прыходзяць людзі. Гэтая чалавечая плынь не перасыхае з году ў год. Людзі розных узростаў заўжды будуць ісці па закліку Памяці, каб больш ніколі на роднай зямлі не ўспыхнула падобнае полымя.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

