Селета аграрыі раёна сабралі выдатны ўраджай хлеба: у засекі засыпана 47758 тон збожжа, што амаль на пяць тысяч тон болей, чем летась.
“Гэтая лічба павялічыцца яшчэ на 10 тысяч тон, калі восенню з палёў будзе сабрана кукуруза”, — запэўнівае намеснік начальніка аддзела вытворчасці райсельгасхарчу Людміла Грышко. Зараз збожжа даачышчаецца і частка ўраджаю адпраўляецца ў лік дзяржзаказу, каб на прылаўках магазінаў быў духмяны хлеб і крупы.
— Жабінкаўскія хлебаробы павінны выканаць дзяржзаказ на 6620 тон, — тлумачыць Людміла Мікалаеўна. — З іх 4670 тон будзе дастаўлена на ААТ “Брэстхлебапрадукт”, 150 — на ААТ “Мінскі камбінат хлебапрадуктаў”, 1600 тон піваваранага ячменю — на ААТ “Белсолад”. З пастаўленай задачай жабінкаўцы практычна справіліся. Трэба яшчэ накіраваць 200 тон кукурузы для вытворчасці крухмалу і крухмалапрадуктаў РУПП “Экзон-Глюкоза” і 300 тон пачаткаў кукурузы для вытворчасці насення на КУВТСП “Брэсттравы”.
Дарэчы, сельгасарганізацыі раёна паставілі 5031 тону збожжа на мясцовы камбікормавы завод, у тым ліку як давальную сыравіну — 4108 тон. Акрамя гэтага, прадалі 1157 тон збожжа іншым прадпрыемствам і арганізацыям за раней набытыя сродкі аховы раслін, камбікорм, запчасткі і г. д.
Зараз актыўна звозіцца з палёў салома і рыхтуецца глеба пад сяўбу азімых культур. Плённай працы вам, рупліўцы!
Святлана Кіслая
Фота аўтара
Главные новости
