Прыгожымі агнямі зіхацяць сёння вуліцы і плошчы. Ёсць прадчуванне непазбежных святочных цудаў, якія кожны раз прыходзяць напярэдадні Раства ды Новага года. І вельмі хочацца, каб сярод гэтых прыемных турбот, чакання радасці і шчасця жабінкаўцы не забыліся прамовіць віншавальныя словы ў адрас роднага паселішча. І гэта зусім нездарма, паколькі Жабінка зноў юбілярка. Менавіта сёння спаўняецца 50 гадоў з часу, калі яна набыла статус горада.
Гэтая надзвычай важная падзея адбылася 23 снежня 1970 года. У той дзень свет пабачыла Пастанова Вярхоўнага Савета Беларускай ССР аб прысваенні гарадскому пасёлку Жабінка катэгорыі горада раённага падпарадкавання. Усяго некалькі радкоў афіцыйнага тэксту, а наколькі яны змянілі лёс Жабінкі і яе жыхароў!
Старажылы згадваюць, якім было пасе-лішча ў першыя дзесяцігоддзі пасля таго, як стала горадам. Хоць у сталіцы і распрацавалі хутка план яго развіцця ажно да пачатку новага тысячагоддзя, змены прыходзілі нетаропка. Яшчэ доўга ў населеным пункце захоўваўся вясковы ўклад жыцця.
Карціна не вельмі радавала вока. Вялізныя таполі стаялі паабапал дарог і, нібыта снегам, засыпалі пухам вузкія вулачкі. Не было нават галоўнай плошчы, затое існаваў неўладкаваны парк, а ў самым цэнтры — паўсюль зарослыя кустоўем месцы. Нават помнік савецкаму воіну-вызваліцелю на вуліцы Кірава доўга патанаў у зарасніках. Патрэбна было горад, намаляваны на паперы мінскімі планіроўшчыкамі, ствараць у сапраўднасці.
Вырасталі дамы, будаваліся школы
Першым крокам стала рэканструкцыя вуліцы Свабоды, дзе расшырылі праезную частку. Узніклі тратуары, праводзілася асвятленне, асфальтаваліся дарогі — і пачала пакрысе вымалёўвацца перспектыва. А затым адбылося абнаўленне і добраўпарадкаванне помніка на вуліцы Кірава, вакол якога ладзіліся найбольш значныя гарадскія мерапрыемствы. Неўзабаве добраўпарадкаванне дайшло да райбальніцы. Яе будынак раней сіратліва стаяў на ўскрайку, а тутэйшы мікрараён складаўся з лічаных дамоў. Цяпер у тое нават паверыць няпроста!
Неўзабаве адкрыўся прыгожы ўезд з боку моста праз Мухавец. Узніклі такія знакавыя аб’екты, як будынак новай раённай бальніцы, трэцяя гарадская школа, пачалося ўзвядзенне “Бадзёрасці”.
Вырасталі будынкі не толькі грамадскія, але, што вельмі важна, жылыя, у тым ліку індывідуальныя. Адным словам, Жабінка развівалася, набывала рысы, уласцівыя раённаму цэнтру. Узводзіліся кварталы сядзібнай жыллёвай забудовы: “Паўночны”, “Паўднёвы”, “Усходні”, “Абрамавічы”, “Пралеска”.
Раней у Жабінцы фактычна не было гістарычнага цэнтра. Сапраўдным “акном у свет” ад самых пачаткаў паселішча была чыгунка. Але ж нават станцыя і плошча навокал былі закрытыя высачэзнымі старымі дрэвамі. Каб адбыліся змены да лепшага, добраўпарадкавалі прывакзальную плошчу. Такім чынам, горад атрымаў твар, які не сорамна і гасцям паказаць, і самім, бы ў люстэрка, паглядзецца.
Рух у будучыню
У памяці многіх гараджан на ўсё жыццё яркай падзеяй застаецца 2007 год. У тую восень Жабінка вітала шыкоўны абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі”. Ад наплыву гасцей насельніцтва райцэнтра амаль падвоілася ў святочныя дні. І што вельмі важна: свята завяршылася, а абнаўленне не спынілася, найбольш прыкметнае добраўпарадкаванне працягвалася ў мікрараёне цукровага завода. З часам колькасць вуліц у Жабінцы перавысіла паўтары сотні, а колькасць жыхароў складае ўжо амаль 14 тысяч.
Увогуле, нават цяжка пералічыць усё тое, што было зроблена за паўвека для горада і гараджан. Трэба проста выйсці на нашы плошчы і вуліцы, паглядзець на дамы — і многае стане зразумелым. І калі сёння бачыш, як ачышчаецца плынь рэчкі, што некалі дала імя нашаму гораду, а побач з ёю ўзносяцца да неба паверхі шматкватэрных сучасных будынкаў, сэрца міжволі напаўняюць гонар і радасць за дасягненні, створаныя талентамі жабінкаўцаў, іх працавітымі рукамі.
Таму не толькі мясцовыя жыхары, але й шматлікія госці захапляюцца Жабінкай, калі бачаць, як падтрымліваецца парадак і чысціня ў нашым горадзе. Асабліва прывабна выглядае цэнтральная плошча, дзе штогод запальваецца яркімі агнямі навагодняя ялінка.
Яшчэ адзін важны гістарычны вузельчык “завязаўся” на гістарычнай стужцы часу ў маі 2014 года. Тады Жабінка была абвешчана горадам-спадарожнікам абласнога цэнтра. Зноў, як і паўвека таму, “Беларускі навукова-даследчы інстытут па праектаванні гарадоў” распрацаваў Генеральны план развіцця Жабінкі. На падставе гэтага ўзнікла Схема комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі раёна менавіта ў прывязцы да развіцця горада над Бугам.
Гэткім чынам, Жабінка ўпэўнена рухаецца ў будучыню і год ад году набывае ўсё больш сучаснае аблічча, уласцівае сапраўднаму еўрапейскаму гораду.
Анатоль БЕНЗЯРУК
