
Сёлетні год вельмі важны для Арцёма Марачука і Маргарыты Аксёнавай. У маі яны, выпускнікі дзіцячых садоў, развіталіся са сваімі выхавальнікамі і роднымі дашкольнымі ўстановамі, а ў Дзень ведаў у якасці першакласнікаў пераступяць парог сярэдняй школы №1 у Жабінцы.
Хто ведае, магчыма Арцём і Маргарыта будуць вучыцца ў адным класе і, можа, нават сядзець за адной партай. Па дарозе ведаў іх павядуць вопытныя педагогі першай школы, якія рэалізуюць інавацыйныя праекты, на іх уроках дзецям дакладна не сумна.
Настрой у без пяці хвілін першакласнікаў Арцёма і Маргарыты святочны і ўзнёслы. Яны ў прадчуванні цікавага, займальнага падарожжа па Краіне ведаў. А яшчэ іх чакае сустрэча з новымі сябрамі.
У першай гарадской школе вучацца старэйшыя браты Рыты Аксёнавай сямікласнік Тарас і трэцякласнік Раман, таму дзяўчынка ідзе ў школу ўпэўнена і смела: калі што, браты дапамогуць з падрыхтоўкай дамашніх заданняў і не дадуць у крыўду.
Зазначым: першы званок 2 верасня прагучыць упершыню не толькі для нашых герояў, а яшчэ для больш як 280 першакласнікаў Жабінкаўскага раёна.
Наталля КАВЯРГОВІЧ
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК
Больше новостей о своем районе и городе
Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
