Крысціна СЕМЯНЮК.
Фота Наталлі УРБАН.
На Жабінкаўшчыне працягваецца збор ураджаю. З самай раніцы і да позняга вечара аграрыі раёна рупяцца на палях. Каб падбадзёрыць іх перад выхадам на працу, Жабінкаўскі райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі сумесна з аддзелам па адукацыі пры падтрымцы раённага аб’яднання прафсаюзаў арганізавалі для працаўнікоў вёскі, удзельнікаў сёлетняй уборачнай кампаніі, канцэрт-ушанаванне “Хвала і гонар вам, хлебаробы!”.
На мехдвары ААТ “Ракітніца” для вадзіцелей, механізатараў, камбайнераў, рабочых зернятока і адмі-ністрацыі сельскагаспадарчага прадпрыемства пад акампанемент Івана Пішчука выконвалі песні ўдзельнікі народнага хору “Тонус”: Раіса Саванюк і Ігар Свалаў, ветэраны педагагічнай працы Марыя Бахарава і Вера Мандрэнка. Усе творы гучалі на беларускай мове, а кампазіцыю “Сустрэча з домам” спевакі прысвяцілі Году малой радзімы. Працаўнікі падтрымалі артыстаў апладысментамі.
Напрыканцы сустрэчы са словамі ўдзячнасці за нялёгкую працу на хлебаноснай ніве і з пажаданнямі шчасця, моцнага здароўя да ракітчукоў звярнуліся старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Урбан і старшыня аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская.
