З Нязнайкам весела і… пазнаваўча

На мінулым тыдні ў вёсцы Вежкі бібліятэкары Крыўлянскай сельскай і перасоўнай бібліятэк Алена Балюк і Людміла Ісаева ў межах акцыі “З кнігай на колах” правялі гульню-падарожжа “Па старонках любімых кніг” для юных жыхароў Крыўлянскага сельсавета.
Дзетак у той дзень чакала нямала сюрпрызаў. Спачатку яны з задавальненнем разглядвалі кніжную выставу “Канікулы без суму”, у якой былі сабраны прыгожа аформленыя кніжкі па правілах паводзінаў пры пажары і на дарогах.
Затым удзельнікі аматарскага аб’яднання “Аленький цветочек” правялі для дзяцей гульні. Вядучая Юля Піліпцэвіч і Нязнайка (Андрэй Мароз) вучылі дзетвару, як трэба паводзіць сябе ў доме і на вуліцы, і тлумачылі, чаму запалкі для малечы не забава.
Пасля да хлопчыкаў і дзяўчынак звярнуліся прадстаўнікі МНС і ДАІ. Сяргей Пятручык, які часова выконвае абавязкі начальніка АДАІ Жабінкаўскага РАУС, пагутарыў з дзецьмі наконт небяспекі, якая можа здарыцца на дарозе; пазнаёміў малечу з дарожнымі знакамі, высветліў, як яны ведаюць правілы дарожнага руху. Самым кемлівым ён уручыў памяткі па ПДР, а затым кожнаму маленькаму падарыў флікер і параіў быць заўжды ўважлівым на дарозе.
Затым Ганна Усцьянчык, спецыяліст групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Жабінкаўскага РАНС, пагуляла з дзецьмі ў гульню “Дым. Пажар. Вуліца”, паказала пажарны апавяшчальнік і растлумачыла прынцып яго дзеяння, правяла віктарыну з уручэннем прызоў. На свята прыехалі таксама і выратавальнікі ПАВП № 12 вёскі Сцяпанкі на пажарнай машыне. Было сапраўднае шоу для малых, калі пажарныя прадэманстравалі сваю работу. Хлопчыкі змаглі прымераць баявую амуніцыю, паўдзельнічаць у конкурсе разгортвання пажарных рукавоў, а самыя смелыя патрымалі сапраўдны брандспойт. Усім вельмі спадабаўся “фантан”, створаны пажарнымі.
Пасля выступлення гасцей з раёна ўвагай дзетвары зноў завалодалі бібліятэкары. Разам пайшлі ў “паход” – гулялі ў эстафету. У выніку перамагло сяброўства.
…Такое выдатнае свята атрымалася таксама і дзякуючы падтрымцы старшыні Крыўлянскага сельвыканкама Анатоля Марчука, дырэктара ААТ “Вазнясенскі” Надзеі Кандрацюк, мастацкага кіраўніка Крыўлянскага СДК Леаніда Батуры. Дарослыя і дзеці выдатна адпачылі на зручнай летняй пляцоўцы ў Вежках і атрымалі новыя веды.
Таццяна РАМАНАВА, бібліятэкар.
Фота Святланы БЯЛЯК.