З новым годам, школа!

Сёння ва ўсіх школах Жабінкаўшчыны празвінеў першы званок, паклаўшы пачатак вялікім поспехам і новым адкрыццям. За парты ў 2021/2022 навучальным годзе селі больш за 3100 школьнікаў, з іх 346 першаклашак (у тым ліку 9 — у школе-інтэрнаце).
Адзін з тых, для каго залівісты званок празвінеў упершыню, — Давід Царук, першакласнік другой гарадской школы. Хлопчык умее бегла чытаць, рашае матэматычныя прыклады ў межах сотні і вельмі хоча вучыцца, спасцігаць нешта новае, як гэта з задавальненнем робіць яго старэйшая сястра Соф’я. Яе першая настаўніца Аксана Валер’еўна Сысоева будзе вучыць і Давіда, а Сафія перайшла ў пяты клас, дзе яе чакаюць новыя прадметы і настаўнікі.
Пасля ўрачыстай лінейкі, слоў з цёплымі пажаданнямі радасныя ад таго, што іх прынялі ў вялікую і дружную школьную сям’ю, першаклашкі з хваляваннем адправіліся ў клас на свой першы ўрок. Свята першага званка працягнулі тэматычныя ўрокі па фарміраванні грамадзянскасці і патрыятызму, выхаванні ў падрастаючага пакалення пачуцця гонару за краіну, неабходнасці яе адзінства.
Мяркуючы па тым, як хлопчыкі і дзяўчынкі ўважліва гарталі кнігу “Беларусь — наша Радзіма” — падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, адказваючы на пытанні настаўніцы, пачатак іх яркім поспехам пакладзены.
Пажадаем Давіду ды іншым першакласнікам цікавай дарогі ў Краіну ведаў. З новым годам, школа! У добры шлях, дарагія навучэнцы!
Наталля ВАЛОШКА
Фота Святланы БЯЛЯК