Анатоль РОСТАЎ. Фота Андрэя ШЫМАНСКАГА.
Такое нярэдка адбываецца, калі звычайны будзённы дзень упрыгожваюць сваім выступленнем самадзейныя артысты з Крыўлян. Ужо далёка не першы год дорыць добры настрой землякам ды шматлікім гасцям Жабінкаўшчыны міні-тэатр песні і гумару “Спявай, душа”, што прапісаўся пры Крыўлянскім сельскім Доме культуры, але мае надзвычай насычаную геаграфію творчых вандровак.
Леанід Батура і Сяргей Паўловіч, Ганна Пілінкевіч і Алена Козел – гэты рухавы, каларытны, гарэзлівы квартэт любімы для многіх, хто шануе, паважае дый проста не ўяўляе нашай зямлі без палескіх народных жартаў, танцаў, спеваў. Як вядома, лічба сем – шчаслівая. Вось ужо сёмы год калектыў збірае ўраджай авацый і станоўчых эмоцый ад людзей усялякага веку ды з розных краін, хто праз іх творчасць знаёміцца з жабінкаўскай зямлёй.
Гэтае знаёмства – заўсёды ў асалоду, бо з крыўлянскімі самадзейнымі артыстамі душа насамрэч ні на хвіліну не застаецца маўкліваю – хуценька адгукаецца літаральна на першыя акорды ды гарэзлівыя ноты, падмацаваныя сакавітым народным гумарам.
Нярэдкімі гасцямі артысты становяцца ў санаторыях “Буг” і “Надзея”, гастралююць па Беларусі, а часам і за яе межамі (асабліва ў суседняй Польшчы).
Гасцявая кніга калектыву перапоўнена эмацыянальнымі запісамі. У іх – і падзяка, і станоўчыя пажаданні ад слухачоў з розных куткоў Беларусі, а таксама гасцей з расійскіх гарадоў Петразаводска і Таганрога, Паўлаўскага Пасада і Пскова, асабліва многа – з Масквы ды горада на Няве… У сваіх шматлікіх водгуках (іх і падлічыць няпроста!), пакінутых пасля “максі”-канцэртаў ад міні-тэатра з Крыўлян, удзячныя слухачы не скупяцца на падзякі.
“Мора задавальнення, радасці ды вяселля ад вашага выступлення”, – гэтак рыфмуюць свой настрой, што застаўся пасля яркага творчага спаткання, жыхары Лунінца, Жлобіна і Гомеля.
“Прафесійна, прыцягальна, хацелася кінуцца ў скокі, калі маглі – падпявалі. Брава!” – ва ўнісон ім пішуць госці са сталіцы ды з горада Заслаўя. Вялікую падзяку выказваюць і суседзі з Камянца ды Высокага, якія прызнаюцца: “Асаблівы дзякуй за песню “Мама”. Давялі да слёз. Удачы, творчых поспехаў. Якія ўсё ж вы малайцы!”
Не менш эмацыянальна выказалася мазыранка Святлана: “Вы зрабілі звычайны дзень святочным! Як хораша, як выдатна, што адра-
джаецца наша Беларусь і яе культура. На вашы канцэрты з павагай і захапленнем прыходзяць адпачываючыя з Беларусі, Германіі, Расіі, Украіны. Малайцы! Вы здолелі спалучыць і беларускія песні, і рускія, і тыя, што падабаюцца іншым народам. Разам з вамі ўсе спяваюць вашы песні. Так трымаць! Квітнець у творчасці! Мець паболей удзячных гледачоў!!!”
Адзін з апошніх водгукаў – ад жыхаркі Жабінкі Наталлі: “Спявай, душа”, дзякуй вам вялікі за арганізацыю купальскіх гулянняў у Крыўлянах, якія вы ладзіце шырокамаштабна апошнія тры гады. Вы далучаеце да чароўнага абраду Купалля вялікую колькасць людзей, захоўваеце народныя традыцыі, дорыце ўсім нам пазітыў і добры настрой. Не любіць вас немагчыма! Я вас люблю!!!”
Гэтыя шматлікія клічнікі – таксама шчыры голас душы, якая не засталася абыякавай. Справа, што робяць крыўлянцы, карысная ўсёй Жабінкаўшчыне. Паколькі гэтак, праз нашы самабытныя таленты, яшчэ больш адкрытым для астатняга свету робіцца наш край.
На здымку: артысты міні-тэатра песні і гумару “Спявай, душа” на падмурках старажытнага Крыўлянскага замка.
