З гэтай хваробай можна жыць паўнавартасна

Больш за 4 % насельніцтва нашай краіны пакутуе ад псарыязу, пры гэтым колькасць хворых з кожным годам павялічваецца і захворванне працякае больш цяжка. Шмат вядомых і вялікіх людзей мелі ці маюць гэту хваробу: Іосіф Сталін, Бенджамін Франклін, Генрых Форд, Дэвід Ракфелер, Уінстан Чэрчыль, Брытні Спірс, Камеран Дыяз. Мужчыны і жанчыны хварэюць на псарыяз з аднолькавай частатой.
Псарыяз — гэта хранічнае захворванне скуры, суправаджаецца ўзнікненнем прыпаднятых чырвоных плям, на паверхні якіх маюцца серабрыста-белыя лускавінкі. Іншая яго назва — лускаваты лішай. Варта адзначыць, што псарыяз не з’яўляецца інфекцыйным захворваннем і заразіцца ім нельга! Асноўныя фактары, якія спрыяюць яго развіццю: спадчынная схільнасць, тонкая сухая скура, вонкавыя раздражняльныя фактары, шкодныя звычкі, прыём некаторых лекавых прэпаратаў, зніжэнне імуннай сістэмы, перанесеныя інфекцыйныя захворванні, стрэсы. Першасным элементам з’яўляецца плоская запаленчая папула, якая мае наступныя характарыстыкі: ружовая афарбоўка рознай інтэнсіўнасці, паверхня плоская, пакрытая серабрыста-белымі, дробнапласцінчатымі лускавінкамі, на свежых элементах яны размяшчаюцца ў цэнтры, пакідаючы свабодным вузкі яркі край. Тыповая лакалізацыя высыпанняў пры псарыязе: разгінальныя паверхні канечнасцяў (асабліва ў вобласці локцевага і каленнага суставаў), вобласць крыжа, валасістая частка галавы — асабліва па краі росту валасоў (“псарыятычная карона”). Традыцыйна вылучаюць дзве формы захворвання: зімовую (абвастрэнні часцей узнікаюць у асенне-зімовы перыяд) і больш рэдкую летнюю. У 40 % пацыентаў паражаюцца суставы, пераважна дробныя (суставы канечнасцяў), радзей буйныя. Адзначаецца прытуханне, балючасць, абмежаванне рухомасці суставаў. У 80 % пацыентаў з псарыязам пашкоджаны пазногці. Гэта прыводзіць да разнастайных змен знешняга выгляду пазногцяў на пальцах рук ці ног: наяўнасць зоны гіперэміі на ногцевай пласцінцы (сімптом масленай плямы), сімптом “напарстка” (у ногцевых пласцінках утвараюцца кропкавыя паглыбленні, характэрныя для рабочай паверхні напарстка).
Людзі, якія пакутуюць на псарыяз, могуць і павінны жыць паўнавартасным і актыўным жыццём. Пры рэгулярным лячэнні і адэкватнай тэрапіі псарыяз можа заставацца пад кантролем. Лячэнне заўсёды складаецца з цэлага комплексу сродкаў: вонкавых мазяў, вітамінатэрапіі, фізіятэрапеўтычных працэдур, агульнага рэжыму. Трэба ўлічваць таксама іншыя захворванні, якія маюцца, узрост, пол, уплыў прафесійных фактараў і агульны стан здароўя чалавека. Найбольшы эфект дасягаецца ў санаторыях дэрматалагічнага профілю, дзе праводзяцца водныя і фізіяпрацэдуры, святлолячэнне, фітатэрапія па методыках, якімі карыстаюцца дзесяцігоддзямі.
Аляксандра ЖАГАЛЬСКАЯ, урач-дэрматавенеролаг паліклінікі УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”.