З чыстым сэрцам — пра Нараджэнне Хрыстова!

Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.
Выхаванцы нядзельнай школы храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы з нецярпеннем чакалі Раства Хрыстова. Штогод яны рыхтуюць тэатральныя пастаноўкі, якія з радасцю дэманструюць іншым дзецям у яслях-садах і школах.
На гэты раз юныя вернікі паказвалі музычны спектакль “Снежная каралева”. Вучні малодшых класаў нядзельнай школы разам з настаўнікамі Юліяй Галавейка, Ірынай Макарук, Ірынай Захарчук, Ірынай Волк, Ксеніяй Клундук, Ірынай Паляшчук прадэманстравалі сваё акцёрскае майстэрства перад юнымі гледачамі ў яслях-садах №№ 1, 2, 3, 4, школах №№ 1 і 2 і карэкцыйным цэнтры. Дзецям вельмі спадабалася мэтанакіраванасць галоўнай гераіні Герды, якая з малітваю на вуснах, не спалохаўшыся холаду, Снежнай Каралевы, Разбойніцы, абышла паўсвета, каб знайсці і вярнуць дадому свайго названага брата Кая. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем і ўвагай сачылі за падзеямі ў спектаклі, хваляваліся за герояў.

***

Вучні старэйшых класаў нядзельнай школы таксама падрыхтавалі віншаванні з Раством Хрыстовым. Спектакль “Снежная Каралева” прадумалі, дапамаглі вучням “ужыцца” ў ролі выкладчыкі Галіна Лагота, Ірына Волк, Святлана Арэхава і Вольга Быкава. Юных хрыстаславаў цёпла прымалі вучні першай, трэцяй гарадской і спецшколы-інтэрната.
У нядзелю, 13 студзеня, спектакль у клубе цукровага завода змаглі пабачыць усе жадаючыя. Гледачы шчыра ўзнагароджвалі юных акцёраў бурнымі апладысментамі.
Дадалі святочнага настрою спевакі дзіцяча-юнацкага хору “Пакровы” пад кіраўніцтвам Наталлі Маркоўскай. Чыстыя, звонкія галасы выканаўцаў славілі ў песнях немаўля Хрыста.
Напрыканцы канцэрта сакратар епархіяльнага ўпраўлення, дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі протаіерэй Сергій Петрусевіч падзякаваў удзельнікам святочнай дзеі за выдатнае выступленне і пажадаў, каб радасць гэтая захавалася ў сэрцы кожнага як мага даўжэй.