У мікрараёне цукровага завода ў паветры адчуваецца саладкавата-прытарны пах патакі і бураковага жому. Кожныя суткі тут трапляе ў перапрацоўку 10,4—10,5 тысячы тон караняплодаў, з якіх атрымліваюцца бялюткія салодкія крышталікі правільнай агранкі. Чарговы сезон нарыхтоўкі сыравіны падыходзіць да завяршэння: сельгасарганізацыі спяшаюцца да маразоў вывезці з палёў салодкія карэньчыкі, таму раніцай яшчэ можна бачыць аўтамабільныя чэргі з вялікагрузных аўтамабіляў (частка дастаўляецца вагонамі па чыгунцы). На палях Брэсцкай вобласці выкапана ўжо звыш 779 тысяч тон цукровых буракоў (год таму гэтая лічба была вышэйшай на 90 тысяч тон), 98 % ураджаю дастаўлена на прыёмныя буракапункты. Найлепш урадзілі караняплоды ў Пінскім і Брэсцкім (звыш 600 ц/га), Пружанскім, Ляхавіцкім, Кобрынскім (звыш 520 ц/га) і Жабінкаўскім (496 ц/га) раёнах. Самыя салодкія буракі выраслі на палях Баранавіцкага (утрыманне цукру — 16,52 %),
Ляхавіцкага (16,43 %) і Івацэвіцкага раёнаў (15,66 %). Самая чыстая сыравіна дастаўлялася з Бярозаўскага і Івацэвіцкага раёнаў (забруджанасць — 7,42 і 7,79 %
адпаведна).
Жабінкаўскія аграрыі таксама ўнеслі свой уклад у забяспечанасць краіны салодкай прадукцыяй — здалі на мясцовы перапрацоўчы завод 48 з паловай тысяч тон цукровых буракоў (летась — амаль 67 тысяч тон). Найбольш іх вырасцілі ў ААТ “Вазнясенскі” і “Жабінкаўскі” — звыш 12 тысяч тон, у “Рагазнянскім” — звыш 11 тысяч тон. Яны ж — лідары па ўраджайнасці: “жабінкаўцы” накапалі 862 цэнтнеры буракоў з кожнага гектара, “вазнясенцы” — 826, “рагазнянцы” — 447. Пры гэтым выканаць дзяржзаказ на цукровыя буракі сёлета ўдалося толькі “Вазнясенскаму”.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара
Главные новости
