Юля + Юля = Букет!

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Што казаць, рабіць падарункі прыемна. Асабліва арыгі-нальныя, зробленыя ўласнымі рукамі. Пра тое з ахвотай распавяла бібліятэкар Юлія Андрасюк. Прычым не толькі расказала, але і паказала…
ГЭТУ ЎСМЕШЛІВУЮ і крыху сарамлівую дзяўчыну кожны можа пабачыць на абанеменце, як толькі завітае ў раённую бібліятэку. Яна любіць кніжкі не толькі чытаць, але і выдаваць. І пры гэтым Юлія Генадзьеўна — сапраўдная скарбніца талентаў.
— З дзяцінства захапілася ўсім прыгожым, што можна стварыць уласнаручна, — дзеліцца дзяўчына. — Прага да гэтага была закладзена яшчэ на школьных уроках працы. Раней вырабляла мужчынскія гальштукі-“бабачкі”, упрыгажэнні для цудоўнай і мілай паловы чалавецтва ды шмат чаго іншага, што ператварае наша жыццё ў радасны ўсмешлівы фестываль!
Нездарма падарункі ад Юлі атрымліваюць найперш блізкія і дарагія ёй людзі — тата Генадзь Міхайлавіч, матуля Вольга Аляксееўна, малодшыя сястрычкі Аня ды Насця. (Да слова, талентамі Бог і іх не абдзяліў: Ганна ажыццявіла колішнюю матуліну мару і цяпер студэнтка-першакурсніца Гродзенскага медуніверсітэта, а чацвёртакласніца Насцечка іграе ў спектаклях, наведвае нядзельную школу пры Пакроўскім храме, выступае ў “Каруначках” і спявае ў “Вясёлкавым міксе”).
Аднак вернемся да нашай гераіні і яе сённяшняга арыгінальнага захаплення. Неяк Юля пабачыла ў інтэрнэце цікавую падказку для будучых надзвычай мастацкіх (да таго ж “смачных”) твораў — ядомых букетаў. Зацікавілася і вырашыла паспрабаваць. Як гаворыцца, не богі ж гаршкі апальваюць! Тым больш, што набліжалася Раство. А якое свята без эксклюзіўных падарункаў?! Першымі ўладальніцамі “смачных” букетаў былі любімыя цёці — Галіна Аляксееўна і Галіна Фёдараўна. Словамі не перадасі, якое захапленне выклікаў такі падарунак.
А між тым наблізілася і новая нагода. У аўторак 22 студзеня свой дзень нараджэння святкавала сяброўка, таксама Юлія, толькі Ліпская. У такі дзень ніякую дзяўчыну ці жанчыну цяжка ўявіць без кветак… Што ж, будзе табе букецік, даражэнькая, з… рахат-лукума і зефіра, мармелада і вафельных трубачак! Да чатырох гадзін раніцы шчыравала над сваім шэдэўрам. Затое ў дзень N Юлін букет выклікаў сапраўдны фурор і ў віноўніцы ўрачыстасці, і ва ўсіх, хто прыйшоў яе павіншаваць.
Вядома, за трэцім букетам будуць і іншыя. Ужо цяпер у задумках Юліі Андрасюк пачаць вырабляць падобныя кулінарныя цуды на заказ. І не толькі для ласуноў, але й для мужчынскай аўдыторыі. Бо здаўна вядома: шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз страўнік. Што вы скажаце, шаноўныя прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва, калі замест усялякіх саладосцяў у букет будуць уплецены смачныя каўбаскі ды салёненькая рыбка, перац ды часначок, розныя арэшкі ды сыры — усё тое, што для мужчынкі мілае?!
На здымку: Юлія Ліпская, Юлія Андрасюк і “той самы” букет.