Святлана КІСЛАЯ. Фота аўтара.
Сёлета ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” распачаў чарговы — юбілейны — сезон перапрацоўкі. Хто думаў тады, 55 гадоў таму, што праз паўстагоддзя прадпрыемства ўтрая наросціць свае магутнасці, і з 2,3 тысячы тон перапрацоўкі салодкіх каранёў у суткі дасягне 9 тысяч тон? Тады аб такім не маглі і марыць, а цяпер гэта рэальная з’ява. Хоць і дадзеная “планка” — не мяжа: згодна з рэспубліканскай праграмай развіцця цукровай галіны, сутачная перапрацоўка салодкіх караняплодаў у Жабінцы да 2020 года павінна скласці 10 тысяч тон, што адпавядае еўрапейскаму ўзроўню.
На прадпрыемстве ў чарговы этап мадэрнізацыі ўкладзена каля Br 20 млн. крэдытных рэсурсаў і ўласных сродкаў. У бягучым сезоне, напрыклад, ужо прайшлі “абкатку” ўстаноўленыя два новыя вертыкальныя апараты варкі ўтфелю другога і трэцяга прадукта, прыёмныя замешвальнікі, крышталізатар, помпавае абсталяванне. Адначасова манціруецца новае — дыфузійная ўстаноўка і яшчэ адна лінія сушкі цукру.
Жабінкаўскую прадукцыю ведаюць не толькі спажыўцы-беларусы. Прыкладна палова вырабленага на жабінкаўскім заводзе цукру адпраўляецца ў Расію, Узбекістан, Кыргызстан, Казахстан. Цікава, што дзякуючы сёлетняму ўраджаю зрабіць сабе жыццё крышку саладзейшым змогуць і жыхары Манголіі — туды была адпраўлена пробная партыя салодкага тавару. Варта адзначыць, што вось ужо на працягу дзесяцігоддзя жабінкаўскі цукровы пясок адпраўляецца ў ЗША — штогод да 40 тон. У магазінах Брайтан-Біч можна таксама сустрэць наш цукар, які карыстаецца попытам.
Ну, а пакуль маркетолагі шукаюць новыя рынкі збыту, завод напружана працуе, запаўняючы акругу своеасаблівым, характэрным пахам патакі. Сёлета завадчанам неабходна здабыць цукар з аднаго мільёна тон салодкіх каранёў. Юбілейны “салодкі” 55-ты сезон завершыцца ў першай дэкадзе новага года. У цэлым па краіне плануецца сабраць пяць мільёнаў тон цукровых буракоў. Іх перапрацоўкай будуць заняты, акрамя Жабінкаўскага завода, Гарадзейскі, Скідзельскі цукровы і Слуцкі цукроварафінадны камбінаты. Гэтыя прадпрыемствы ўваходзяць у склад канцэрна “Бел-дзяржхарчпрам”. Яны поўнасцю задавальняюць патрэбу Беларусі ў цукры і пастаўляюць яго ў 15 краін свету.

На здымках: аператар лініі Юрый ДЗЕМІДЗЮК, лабарант Святлана ЧЫЖЭВІЧ.
