Юбілейны дзень Мацеевіцкай царквы

У святочны дзень 7 ліпеня храм, які за доўгія стагоддзі перажыў не адно адраджэнне, наведаў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, каб разам з вернікамі падзяліць іх вялікае агульнае свята. У той дзень у Мацеевічах злучыліся адразу некалькі юбілейных дат.

Храм не раз сустракаў іерархаў

На працягу доўгай гісторыі гэты храм неаднойчы наведвалі кіраўнікі Брэсцкай епархіі. У іх ліку – епіскап Ігнацій (Жалязоўскі) і Канстанцін (Хоміч). Першы – нараджэнец суседніх Вялікіх Сяхновічаў – праявіў вялікую апеку пры аднаўленні гэтага Божага Дома ў замінулым стагоддзі. Другі паспрыяў адраджэнню Мацеевіцкага храма пасля няпростых часоў занядбання і летам 1993 года ўрачыста асвяціў царкоўны прастол ў гонар Раства Іаана Прадцечы.

Аднак найчасцей сюды прыязджаў епіскап (з 2016 года – архіепіскап) Брэсцкі і Кобрынскі Іаан (Хама). Роўна два дзясяткі гадоў таму (7 ліпеня 2003-га) ён здзейсніў у Мацеевічах літургію з нагоды прастольнага свята і 285-годдзя храма, а праз пяцігодку з удзелам уладыкі настаяцель Алексій Петрусевіч і прыхаджане адзначалі 290-ю гадавіну сваёй царквы.

21 чэрвеня 2014 года Іаанапрадцечанскі храм зноў наведаў уладыка Іаан, каб павіншаваць з 35-годдзем служэння ў свяшчэнным сане айца Алексія, які адначасова быў адзначаны за значны асабісты ўнёсак у адраджэнне духоўнасці, выхаванне маральных каштоўнасцяў і традыцый праваслаўя граматай райвыканкама.

У 2018 годзе Мацеевіцкі храм адзначаў 300-я ўгодкі з часу першай пісьмовай згадкі. Такі вялікі юбілей не мог абмінуць сваёй увагай архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі, які адслужыў Боскую літургію з нагоды цудоўнай святочнай даты.

І вось зараз надышоў год, звязаны для мацеевіцкіх прыхаджан з шэрагам важных гістарычных падзей, якія прыкметна паўплывалі на развіццё гэтага кутка жабінкаўскай зямлі.

Перш-наперш, сёлета спаўняецца 305 гадоў з перыяду першай пісьмовай згадкі царквы ў Мацеевічах. Прыйшоў таксама час для святочных урачыстасцяў, знітаваных са 160-мі ўгодкамі асвячэння храма і 30-годдзем з таго дня, як гэты ўтульны Дом Божы перажыў сваё сучаснае адраджэнне.

З нагоды такіх знакавых падзей падчас службы уладыка Іаан і настаяцель храма архімандрыт Алексій не раз нагадвалі пра асноўныя вехі, звязаныя з гісторыяй старажытнага населенага пункта і царквы, што больш за 300 год месціцца амаль у сэрцы жабінкаўскай зямлі.

Ёсць сэнс крыху пагрузіцца ў мінулае, скуль бярэ вытокі наша памяць, што нараджае падзяку да тых, хто здаўна нёс асвету і духоўнасць нашаму краю.

Погляд у гістарычную далеч

Само паселішча Мацеевічы мае надзвычай паважаны ўзрост і ўпершыню ўзнікае на старонках пісьмовых крыніц з пачатку 1502 года. На той час населены пункт быў у складзе вялікага Здзітаўскага маёнтка, уладанні якога цягнуліся ўздоўж Мухаўца ад Пятровічаў да Мацеевічаў, уключаючы землі, дзе цяпер месціцца горад Жабінка.

Часы былі неспакойныя, і паміж шматлікімі ўласнікамі нярэдка адбываліся памежныя і маёмасныя спрэчкі. У гэтых спрэчках часам нараджалася ісціна і міжволі са старонак судовых спраў упершыню ўзнікалі згадкі пра нашыя мясціны, людзей і іх справы.

Так мы і даведаліся, што сярод іншых шляхціцаў над невялічкім надзелам у Мацеевічах з XVIII стагоддзя ўладарылі Касцюшкі-Сяхновіцкія – род вядомы і аўтарытэтны ў Берасцейскім ваяводстве. Адзін з прадстаўнікоў гэтай разгалінаванай сям’і – Антоній Янавіч Касцюшка – у ліпені 1718 года і склаў фундуш (або даравальную грамату) на Мацеевіцкую царкву.

З дакумента вядома, што храм у той час быў названы “ў імя святых Іаана Хрысціцеля, Сімяона Стоўпніка і вялікамучаніцы Варвары”. Дарыцель прызначаў у царкву першага настаяцеля айца Самуіла Нарукевіча і надзяліў святара зямельнымі надзеламі ды іншымі прывілеямі з умовай, каб айцец Самуіл ды яго пераемнікі “кожную нядзелю штогод служылі па дзве святыя літургіі за душы памерлых”, асабліва высакародных бацькоў і сваякоў пана Антонія. За тое ўласнік абяцаў ад уласнага імя і імя сваіх нашчадкаў садзейнічаць адраджэнню храма, калі той будзе пашкоджаны ў час пажару ці нейкага ліхалецця. Гэтак і паступіў праз пэўны час адзін са спадчыннікаў Антонія Касцюшкі, калі зразумеў у 1782 годзе, што царкве неабходна абнаўленне.

Аднаўленні ў новы і найноўшы час

Аднак адчувалася, што касметычны рамонт ужо не ў стане належна падтрымліваць храм, дзе ўсё больш адчуваліся сляды заняпаду. Недзе ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя храм у сяле Мацеевічы стаў прыпісным да Свята-Мікалаеўскай царквы ў Вялікіх Сяхновічах, а таму клопат па яго адраджэнні ўзяў на сябе сяхновіцкі настаяцель Іаан Лявіцкі. Пры гэтым ён абапіраўся на прыхаджан, ахвяраванні розных, у тым ліку замежных, добразычліўцаў і падтрымку епіскапа Ігнація Жалязоўскага.

Між іншым у Мацеевіцкай царкве з’явіўся “добры новы іканастас, з былых абразоў застаўся толькі адзін – Багародзіцы ў горнем (верхнім) месцы”. Гэта быў цудатворны спіс Божай Маці “Леснінскай”. Веруючыя нярэдка ўпрыгожвалі гэты абраз сярэбранымі прывескамі з выявамі сэрцаў, рук ці ног, калі атрымоўвалі палёгку ад пакутаў ды хвароб.

Асвячэнне перабудаванага храма было здзейснена пяццю святарамі 14 (26) верасня 1863 года, на Крыжаўздзвіжанне. На свята сабраліся да сямі тысяч вернікаў. Ніколі больш у гэтых краях не здараўся такі наплыў вернікаў, вельмі многія прыходзілі, каб памаліцца цудатворнай іконе.

Справы іерэя Іаана Лявіцкага працягнуў яго наступнік – айцец Васіль Любінскі. Той, адзначаны сваёй набожнай ахвярнай працай, вясной 1883 года атрымаў архіерэйскае блаславенне “за стараннасць да храма Божага, асабліва праяўленае пры рамонце Мацеевіцкай царквы”. Не звачаючы на беднасць тутэйшых сялян, храм сапраўды будавалі ўсім светам. І ён прыгажэў дзень пры дні.

Аднак набліжалася ХХ стагоддзе – час няпростых выпрабаванняў, якія прыйшлі разам з рэвалюцыйнымі ўзрушэннямі і сусветнымі войнамі, што моцна закранулі наш край. Не засталіся ў баку ад ліхалецця і Мацеевічы. Хоць знешне мясцовая царква не пацярпела ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і ў ёй па-ранейшаму праводзіліся службы, усё ж напрыканцы 1960 года гэты Дом Божы ў ліку многіх паводле рашэння Савета Міністраў СССР быў зачынены.

Храм прастаяў у заняпадзе трыццаць гадоў. За гэты час дах прыйшоў у поўную непрыдатнасць, прагнілі ды абрынуліся столь і паддахавае перакрыццё. Вонкава і ўнутрана Мацеевіцкая царква да пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя мела прыгнечаны выгляд.

Ініцыятыва адраджэння храма належала святару Алексію Петрусевічу, які знайшоў жывую падтрымку ў асобе старшыні калгаса імя Куйбышава (сучаснае ААТ “Мацеевічы”) Валерыя Парафенюка. Праз два гады будаўніцтва храма было завершана, і ў чэрвені 1993 года ўрачыста асвечана.

На сваім доўгім гістарычным шляху храм у Мацеевічах не раз праходзіў перыяды не толькі росквіту, але і заняпаду. І ўсё ж насуперак усялякім цяжкасцям ды нягодам кожны раз ён адраджаўся, каб несці святло веры ўсё новым пакаленням сваіх прыхаджан.

Пра тое не раз было сказана падчас урачыстасці, на якую сабраліся праваслаўныя вернікі і святары на чале з уладыкам Іаанам.

Раскіне сваё покрыва над нашай зямлёй

Мінулае мае трывалую сувязь з сённяшнім днём, а таму – і працяг у нашыя дні. Гістарычныя крыніцы наталяюць нас, каб больш упэўнена рухацца далей, адчуваючы надзейную падтрымку ад прашчураў, што жылі ў сівых вяках, ствараючы месцы духоўнай асветы. Адным з іх і сталі больш за тры стагоддзі таму Мацеевічы.

У той пятнічны дзень, калі ў праваслаўнай царкве адзначалася Раство прарока Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана, архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі здзейсніў у тутэйшым храме літургію з нагоды прастольнага свята і 305-х угодкаў першага асвячэння Мацеевіцкай царквы.

Уладыку Іаану саслужылі сакратар Брэсцкага епархіяльнага ўпраўлення, дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі протаіерэй Сергій Петрусевіч, настаяцель Мацеевіцкага храма архімандрыт Алексій, клірык храма іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць” у Брэсце іерэй Міхаіл Дзяркач, настаяцель храма Ціхвінскага абраза Божай Маці ў Брэсце іерэй Андрэй Петрусевіч. Дыяканскі чын узначальваў клірык кафедральнага сабора дыякан Іаан Шкулепа.

У час літургіі былі ўзнесены малітвы аб адзінстве праваслаўнай царквы, захаванні яе ад падзелаў і расколу, аб спыненні каранавіруснай інфекцыі.

Пасля хрэснага ходу ўладыка Іаан нагадаў вернікам пра біблейскія паданні, звязаныя з Іаанам Прадцечай. Асоба святога прапаведніка, які хрысціў самога Ісуса Хрыста, настолькі значная ў хрысціянстве, што яму прысвечаны ў праваслаўі ажно сем святаў (у тым ліку дні Раства Іаана Хрысціцеля і Адсячэнне яго галавы ўваходзяць у лік вялікіх святаў), акрамя таго кожны аўторак тыдня адносіцца да гэтага святога.

Прыхаджане, якія найбольш парупіліся ў справе сённяшняга абнаўлення храма, атрымалі з рук архіепіскапа Іаана юбілейны медаль “1030-годдзе Праваслаўя на беларускіх землях” і Лісты падзякі.

Са свайго боку, да тых, хто прыйшоў, каб разам узнесці свае малітвы ў гонар вялікага свята, з прыветнымі словамі звярнулася намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Іна Тарасевіч.

Адным з найбольш запамінальных момантаў таго ўрачыстага дня стала асвячэнне ўладыкам іконы Божай Маці “Ляснінскай”, якая спрадвеку шанавалася ў гэтым прыходзе. Яе апісанне ў ХІХ стагоддзі пакінулі епіскап Брэсцкі Іосіф Сакалоў і протаіерэй Іаан Катовіч. Больш за стагоддзе цудатворны абраз з Мацеевічаў, які прыцягваў шматлікіх багамольцаў, лічыўся страчаным. Магчыма, ён знік у час акупацыі Брэст-Літоўска і яго наваколляў германскімі войскамі ў перыяд Першай сусветнай вайны.

У пачатку гэтага года пры падрыхтоўцы сённяшняга свята настаяцелем храма айцом Алексіем было прынята рашэнне аб адраджэнні гістарычнай памяці і пра напісанне абраза Божай Маці “Ляснінскай”. Зроблена гэта ад бязмежнай любові да Багародзіцы, якая заўжды рассцілае сваё ахоўнае покрыва над цудоўнай жабінкаўскай зямлёй.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК