Юбілеі і святы, на якія новы год багаты

Юбілеі і святы, на якія новы год багаты

Здаецца, не так шмат мінула з тае пары, як мы сустракалі ды ўслаўлялі 2025 год. А вось ужо прабеглі месяцы і дні, надышоў час з ім развітвацца. Адначасова даводзіцца і наступны, 2026-ы, вітаць. Ён на сваім чырвоным вогненным кані ўжо спяшаецца, ляціць, вязе ў падарункі добрыя надзеі, а разам з імі і выдатны настрой. А яшчэ – скарбонку памятных датаў, на якія 2026 год будзе багаты.

Гэткім чынам жыхары горада-спадарожніка і вёсак Жабінкаўшчыны ў чарговы раз упэўняцца: край наш мае вялікую і цікавую гісторыю, якую трэба ведаць ды шанаваць.

Год распачынаецца юбілеем выдатнага земляка, Героя Сацыялістычнай Працы Фёдара Валасюка (1921 – 2000). Фёдар Канстанцінавіч нарадзіўся 6 студзеня 1921 года ў вёсцы Багуславічы (сённяшняе Залуззе). Ён паўдзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, а пасля яе заканчэння працаваў у органах правапарадку, а затым – старшынёй перадавога калгаса “XXI з’езд КПСС”. За поспехі ў жывёлагадоўлі вясной 1966-га (альбо 60 гадоў назад) Фёдар Валасюк атрымаў Зорку Героя.

Наступная дата прымушае нас зазірнуць у гістарычныя глыбіні. У самым пачатку наступаючага года два суседнія вялікія паселішчы – Старое Сяло і Азяты – адзначаюць надзвычай салідныя юбілеі. Першаму населенаму пункту (нездарма ж заснавальнікі назвалі сяло старым!) спаўняецца ажно 515 гадоў. А вось сённяшні аграгарадок крыху маладзейшы. Азяты адлічваюць сваё мінулае з канца студзеня 1516 года. Менавіта ў тыя дні кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Стары падараваў за верную службу маёнтак Азяты з наваколлямі заможнаму роду Гайкаў.

А праз паўвека, у 1566 годзе, названыя паселішчы зноў трапілі на старонкі дзяржаўных дакументаў, паколькі ў той час праводзіўся першы ў гісторыі афіцыйны перапіс насельніцтва на жабінкаўскіх землях. Тады яны ўваходзілі ў склад Берасцейскага ваяводства (прычым, кашталянам горада над Бугам з’ўляўся ў тыя часы прадстаўнік азяцкага роду, вядомы дыпламат Мікалай Гайка, які ездзіў на мірныя перамовы да цара Івана Грознага).

У студзені споўнілася б 115 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Шаўчука. Ён прыйшоў на свет 13 студзеня 1911 года ў Вялікіх Якаўчыцах. Міхаіл Макаравіч – вядомы савецкі разведчык, паплечнік легендарнага Героя Савецкага Саюза Мікалая Кузняцова, з кім адважна змагаўся ў тыле ворага супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Подзвігі Міхаіла Шаўчука былі адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, прычым не толькі савецкімі, але й замежнымі.

Першы месяц года стане святочным таксама для жыхароў Ленінскага сельсавета. Гэтая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, размешчаная ў цэнтральнай частцы нашага раёна, атрымала сваю сучасную назву 55 гадоў таму, 21 студзеня 1971 года, пасля скасавання і перайменавання былога Рагазнянскага сельсавета.

У апошні вясенні месяц споўнілася б 95 гадоў кандыдату медыцынскіх навук Васіль Вашчуку. Васіль Васільевіч нарадзіўся 10 мая 1931 года ў Сцяпанках, быў кіраўніком групы савецкіх урачоў у краінах Экватарыяльнай Афрыкі.

Акрамя таго, у майскія дні 395-я ўгодкі свайго населенага пункта могуць адзначаць сакалоўцы. Упершыню іх вёска згадваецца на старонках дакументаў Вялікага Княства Літоўскага 14 мая 1631 года. У той дзень сяляне з Сакалова прысутнічалі на капе (сялянскім судзе), дзе разбіраліся, між іншым, спрэчныя крымінальныя моманты, звязаныя з надзеламі і крадзяжамі маёмасці.

17 мая 1946 года (альбо 80 гадоў таму) ў вёсцы Федзькавічы нарадзіўся самабытны паэт Васіль Гадулька (1946 – 1993). Пры жыцці талент Васіля Уладзіміравіча не быў раскрыты цалкам і ацэнены. Аднак дзякуючы сябрам, якія пасмяротна выдалі кнігі федзькавіцкага паэта, зернейкі яго паэтычнага дару прараслі і далі плён. Працяг будзе.

Анатоль БЕНЗЯРУК