Першы месяц бягучага года прынёс безліч радасці ў жабінкаўскія сем’і, дзе з’явіліся немаўляткі. Студзень выдаўся на іх даволі ўраджайным: у загсе і сельсаветах зарэгістраваны па восем хлопчыкаў і дзяўчынак.

Па выніках гэтага зімняга месяца супрацоўнікі аддзела загса райвыканкама і рэдакцыі газеты “Жабінка актуальна” з вялікім задавальненнем віншуюць бацькоў ажно 16-ці маленькіх жыхароў горада-спадарожніка і Жабінкаўскага раёна.
Пры гэтым усе імёны, дадзеныя бацькамі сваім нованароджаным, даволі арыгінальныя і вельмі непаўторныя. Хіба што часцей таты і матулі звярталі ўвагу на прыгожыя рэдкія імёны – жаночае Ясенія ды мужчынскае – Савелій. Прынамсі, імі названы дзеці адразу ў некалькіх жабінкаўскіх сем’ях.
А вось і астатнія імёны зусім юных прынцэс (акрамя дзвюх Ясеній): Аляксандра, Ангеліна, Валерыя, Васіліса, Кіра і Марыя.
Да гэтага спісу далучым і студзеньскіх хлопчыкаў, якія (акрамя двух Савеліяў) былі названыя Аляксандрам, Андрэем, Ягорам, Кірылам, Максімам і Сілай. Так, ёсць у нас цяпер Сіла – носьбіт вельмі рэдкага старадаўняга славянскага імені. Яно зразумела кожнаму і без перакладу.
Няхай Бог даруе маленькаму Сіле і ўсім дзеткам, што нарадзіліся ў пачатку Года беларускай жанчыны, моцнага здароўя, шмат розуму і жыццёвых сіл!
Наталля ВАРАТНІКОВА, начальнік Жабінкаўскага загса; Анатоль РОСТАЎ
