Чаго толькі на вайне не здаралася! Былыя ветэраны, вядома, найчасцей пра цяжкасці распавядалі, але часам згадвалі і пра тое, што падтрымлівала на баявым маршы ды ў франтавым акопчыку — пра кур’ёзныя выпадкі ды жыватворны смех. Нездарма ж папулярнымі былі кемлівы весялун-баец Вася Цёркін, жартаўлівыя прыпеўкі ды анекдоты, у якіх ворагу шчодра даставалася на арэхі.
Памятаеце, у іскрамётнай камедыі Георгія Данэліі “Трыццаць тры” ёсць дыялог галоўнага героя, якога іграў былы франтавік Яўген Лявонаў, з маладзенькай журналісткай.
— Скажыце, вы былі за граніцай?
— У Берліне, Празе.
— Вы ездзілі туды па службовых справах? — не сунімаецца дзяўчына.
— Я не ездзіў, я пехатою.
— У якасці турыста?
— Не, у пяхоце.
У падобнай замежнай “каман-дзіроўцы” пабывалі і каля дзвюх тысяч жабінкаўцаў. Вось некалькі забаўных і павучальных, на наш погляд, гісторый, што адбыліся з імі на вайне.
Пехацінец Мікалай Ігнатавіч МАРТЫНЧУК (1924-2001), як і Лявонаўскі герой, дакрочыў да Перамогі на сваіх дваіх.
Пазней расказваў: “Нездарма жартавалі: “Пяхота сто вёрст прайшла — яшчэ ахвота!” Ды трапляліся такія, якім адолець штодня 60 і болей кэмэ неверагодна цяжка. Быў сярод нас салдат з Чарнігава. Ледзь ногі валачыў, здавалася, спаў на хаду. Як яму не нукай — у аброць не возьмеш. Ад таго і астатнія ледзь паўзлі. І што думаеце, аднойчы на прывале мы “забыліся” пра ціхахода. Нічога, не прапаў: артылерыя рушыла за намі — прыгрэлі, падабралі, справу для яго адшукалі. Затое мы ўсё пехам ды пехам, а ён, як барын, на лафеце!”
Антон Пятровіч КАВАЛЕЎСКІ (1914-2009) з Рагозна згадваў, як пасля аднаго з напружаных гарадскіх баёў, калі вораг чапляўся літаральна за кожны дом, чырвонаармейцы пачулі крык з варожага боку:
— Навучылі, рускі Іван, мы цябе ваяваць!
“Іваны” за словам у кішэню не палезлі і пракрычалі ў адказ:
— А цябе, нямецкі Ганс, мы ваяваць адвучым!
Жыцінец Іван Якаўлевіч КОЗІК (1920-2013) сорак пяты год сустрэў пад Варшавай. Рыхтавалася маштабнае наступленне, пайшла чутка, што камандаванне правярае пазіцыі. Не паспела вестка даляцець да Іванавага акопчыка, як пабачыў баец перад сабой у суправаджэнні “світы” генералаў Чуйкова і Жукава. Георгій Канстанцінавіч па-бацькоўску пацікавіўся ў маладога салдата:
— Позавтракали?
— Не яшчэ. Пайшлі па сняданак, — адказаў той.
Пачуўшы беларускую гаворку, Жукаў пасміхнуўся:
— Так “па сняданак” или “за завтраком”?
— Відаць, усё ж па сняданак, — адказаў Іван.
Генералы пайшлі далей, а калі ежу згатавалі, кашавары ўжо паклапаціліся, каб хлопец, які адважыўся самога Жукава мове вучыць, і паснедаў, і “позавтракал”.
Каб падняць баявы дух салдат на перадавую час ад часу наведваліся артыстычныя брыгады, у тым ліку надзвычай папулярнага Леаніда Уцёсава.
Ды і самі байцы, як легендарны Вася Цёркін, не цураліся песень, едкіх куплетаў. Вось адзін са здымкаў, зробленых у партызанскім атрадзе імя Чарнака фотакарэспандэнтам агенцтва БелТА Уладзімірам Лупейкам. Той выбраў час, калі партызаны адпачывалі, адклаўшы ўбок зброю. Замест ружжаў і аўтаматаў у іх руках — музычныя інструменты.
Над пазіцыямі ворага раскі-дваліся карыкатурныя партрэты верхаводаў Рэйха (тут, так бы мовіць, першую скрыпку ігралі вядомыя Кукрыніксы). Яшчэ адной сатырычнай “зброяй”, якая дапамагала біць ворага, былі з’едлівыя анекдоты. Ну, прыкладам, такі.
Сядзіць Гітлер у бункеры, ад бомбаў хаваецца, у свайго партрэта пытаецца: “Скажы, што будзе, калі Чырвоная Армія зойме Берлін?” Уздыхнуў партрэт ды сумленна адказаў: “Мяне, мой фюрэр, здымуць, а цябе павесяць”.
Амаль так і атрымалася.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Главные новости
