Шчырыя каханне ды згода — добрая нагода, каб стаць героямі “Сямейнага агменю”. Тым больш, калі ён і яна побач — поруч — разам ужо больш за 65 гадоў. Атрымліваецца моцная гадавіна вяселля — нездарма яе жалезнай клічуць! Да часу, калі па суседстве з залатымі пярсцёнкамі можна насіць ужо і жалезныя, далёка не кожнай пары дажыць шчасціць. Васіль Мікалаевіч і Марыя Васільеўна Амельчукі такога шчасця дачакаліся.
Слова пра дзеясловы
Відаць, дзеяслоў “дачакаліся” не самы лепшы: быццам сядзелі ён ды яна склаўшы рукі ды чакалі моўчкі тое шчасце ці на рамонку бесклапотна варажылі… Лепш сказаць: яны стваралі яго штодня, а цяпер адзін за аднаго надзейна трымаюцца.
Яны абодва веснавыя. Марыін дзень нараджэння амаль красавік пачынае, Васілёў — сакавік завяршае. Да таго ж сёлета гаспадар дома адсвяткаваў ні больш, ні менш — 90!
З гэтай паважанай датай ветэрана-педагога прыходзілі павіншаваць з другой гарадской школы, а таксама старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Валетава. Яна і падказала адрас, дзе тое шчасце прапісалася…
“Калі былі мы маладыя”
— Ды што там: усяго дзевяноста! — з усмешкай адмахваецца юбіляр. — І не заўважыў, як дажыў. Асабліва хутка гады мільгалі паміж 80 і 90: зіма-лета, зіма-лета, як верставыя слупы мяняліся. Вось дасягнуў яшчэ аднаго жыццёвага прыпынку — трэба далей рухацца! Хоць пра старое не скажаш благое, ды яно ўжо не тое…
Свайму Васілю ў такт дадае і Марыя Васільеўна:
— Добрае пра старасць не скажаш…
— Тады давайце, калі ласка, пра вашу маладосць.
Як былі яны малыя, прыйшла вайна, за ёй — пасляваенная бяда. Васіль Мікалаевіч так і кажа:
— Усё дзяцінства ў мяне забраў ліхі час.
Тры разы, лічы, хадзіў у першы клас. Яшчэ да вайны наведваў у Бухавічах польскую школу, дзе настаўнічала пані Марыя Алядоўская. Пры немцах вучыліся патаемна па-ўкраінску ў Сцепаніды Шокун. Свой дом пад школу прапанаваў яўрэй Мошка. Як новыя ўлады пра тое даведаліся, выгналі дзяцей і настаўніцу з хаты. Зноў, каб вучыцца, давялося тайна збірацца на хутарах.
Там і сустрэліся ўпершыню Васіль і Марыя. Яна была на тры гады маладзейшая. Усе класы вучыліся разам, і хлопчык, бывала, сваволіў або спрабаваў нешта ў яе даведацца ці са стала сцягнуць. Калі цярпення не ставала, дзяўчынка брала торбу ў рукі ды трохі астуджвала “кавалера”. Ён супакойваўся, але ж надоўга не хапала…
Як прыйшло вызваленне, чакала Васіля ўжо беларуская школа. Аднак ад вучобы нярэдка адрывала праца.
— Маці Фёкла Якаўлеўна праводзіла тату Мікалая Васільевіча на фронт, — успамінае юбіляр. — Чакала — дачакалася. З ордэнамі, медалямі, дзякуй Богу, жывога, хоць і параненага. Правую руку, скалечаную мінай, дактары хацелі адняць, ды ён не дазволіў. Перанёс-выцерпеў шэсць аперацый. Рука “жывая”, ды ўжо не тая, каб цяжкую гаспадарку весці. Так я стаў у сям’і галоўнай “дзеючай сілай”. Тым больш, што брат Сцяпан маладзейшы за мяне на сямнаццаць гадоў. Трэба было бацькам дапамагаць араць-сеяць, па дровы ездзіць. Быў, помню, у нас малады працавіты конь. Яго ўласаўцы ці кабардзінцы забралі, а пакінулі старога, але дужага бельгійскага цяжкавоза. Які ж разумны быў той ламавік! Неяк змарыўся я ад працы ў лесе, дык конь сам дамоў прывёз і толькі на падворку пачаў будзіць малога гаспадара…
Дарогай педагога
Значна пазней хтосьці прыдумаў насмешлівую прыказку: “Няма другой дарогі — рухай у педагогі”. Пасля вайны ўсё было інакш: настаўніцкі хлеб, які лёгкім не назавеш, лічылі ганаровым, амаль высакародным.
У 1949 годзе арганізаваліся калгасы. Трэба было дапамагаць па гаспадарцы. Бацька на Васіля спадзяваўся, а хлопца цягнула ў вялікі свет. Патаемна запісаўся на бухгалтарскія курсы, а затым падаўся ў Брэсцкае педвучылішча. Дома сказаў, быццам калгас накіраваў. Як тата даведаўся пра такое самавольства, вельмі сварыўся, а маці хлеб дала ды блаславіла.
Пасля арміі, якая закінула ажно на Далёкі Усход, і педвучылішча малады педагог трапіў у вёску Стрыгава пад Тэўлямі. Хоць і меў дыплом настаўніка пачатковых класаў, стаў выкладаць фізічную культуру. Меў цэлую “калекцыю” спартыўных узнагарод, вызначаўся на лыжні, веласіпедзе, добра страляў, гэтаму і сваіх выхаванцаў вучыў.
І зараз нярэдка бывае ў вясковай школе, што аднаму настаўніку даводзіцца весці некалькі прадметаў. Вось і Васіль Мікалаевіч не толькі фізкультуры вучыў — выкладаў ваенную справу, машыназнаўства, але асабліва захапляўся маляваннем.
Некалі ў дзяцінстве сусед Андрэй паказаў яму свае карціны. Ад твораў мастака-самародка Васіль быў у захапленні. Паспрабаваў сам — і атрымалася! Быццам талент, закладзены недзе ўнутры, раптам прачнуўся і прымусіў не толькі пабачыць маляўнічы свет наўкола, але й занатаваць яго пры дапамозе яркіх фарбаў. І сёння памятае Амяльчук, як маці ткала кросны, а ён рабіў на іх першыя малюнкі.
З гадамі хлопчык рос, а разам з ім мацнеў і талент. Гэта павінна было знайсці выйсце, і ў трыццаць гадоў Васіль Мікалаевіч паступіў у Маскоўскі педагагічны інстытут на мастацка-графічны факультэт.
Будынак ВНУ стаяў у цэнтры, на Ленінскім праспекце, дзе нярэдка адбываліся цікавыя падзеі. У аб’ектыў Васілёвага фотаапарата (яшчэ адна яго навінка-захапленне) траплялі і савецкі лідар Мікіта Хрушчоў, і першая жанчына-касманаўт Валянціна Церашкова.
Сям’я ды работа — агульная турбота
Марыя Васільеўна, як і муж, абрала ў жыцці настаўніцкі шлях. Разам з Васілём Мікалаевічам скончыла факультэт пачатковых класаў у Брэсцкім педвучылішчы і, у адрозненне ад яго, прысвяціла сябе самым маленькім вучням. Нават, быў час, загадвала Сцяпанкаўскай пачатковай школай.
У сямейным календары шмат агульных святочных дат. Адна з самых яркіх — 11 жніўня 1955 года. У гэты дзень нарадзілася іх сям’я. Адзін аднаго ведалі з дзяцінства, трымаліся разам у юнацтве, таму і вырашылі: ніякай лішняй пампезнасці і сведкаў не трэба… Проста селі на ровар і рушылі ў бліжэйшы сельсавет, у Астромічы. Там, дзе прашчуры спрадвеку “вострымі мячы трымалі”, там Амельчукі сям’ю стваралі. На дзясяты дзень, вядома, і бяседу згулялі: спачатку ў маладой, а затым у маладога.
А наступным летам іх было ўжо… чацвёра.
— Саша і Вова нарадзіліся 27 ліпеня 1956 года, — гаворыць Марыя Васільеўна, — паміж сынамі ўсяго дзесяць хвілін розніцы, ды любім, канечне, іх аднолькава.
А неўзабаве шчаслівы бацька паехаў у Мінск на з’езд настаўнікаў БССР, дзе атрымаў медаль “За працоўную доблесць”. Працаваў Амяльчук у Кобрыне, выкладаючы любімае маляванне. Там хацеў і застацца, аднак у 1964 годзе зусім нечакана ў сямейнай біяграфіі Амельчукоў раптам “намалявалася” Жабінка.
Зямляку Пятру Грыцуку, які быў дырэктарам другой гарадской школы, не хапала настаўніка выяўленчага мастацтва. Вось і дабіўся Пётр Міхайлавіч, каб Амельчука перавялі ў пасёлак цукровага завода. Той прыехаў з сям’ёй. Давялося стаць не толькі настаўнікам малявання ды чарчэння, вёў урокі працы, быў педагогам-арганізатарам па пазашкольнай рабоце. Знайшлася праца і для Марыі Васільеўны.
Улетку семдзесят першага Пятра Грыцука перавялі дырэктарам у СШ № 1. Амельчука, якога ён рэкамендаваў на сваё месца, падтрымала кіраўніцтва раёна. Праз чатыры гады Васіля Мікалаевіча, у сваю чаргу, змяніў ля капітанскага штурвала другой гарадской школы Васіль Раманавіч Дошчык.
У хуткім часе Амяльчук развітаўся з настаўніцтвам. Апошні тузін працоўных гадоў ён быў мастаком-афарміцелем на заводзе. Ніводнае свята ў пасёлку не абыходзілася без яго. Рукі творцы перад урачыстасцямі ўпрыгожвалі вуліцы, дамы, галоўную плошчу.
Сакрэты даўгалецця
Сынам перадаўся бацькаў талент. Абодва закончылі педінстытут у Віцебску, факультэт малявання і чарчэння, займаліся працоўным навучаннем. Аляксандр выкладаў у Чарнаўчыцах, Уладзімір — у Полацкім педвучылішчы і Жабінкаўскай школе-інтэрнаце.
Сустрэўся з жонкай апошняга Таццянай Усціновіч. Яна таксама працягвае педагагічную дынастыю, узначальвае дзіцячы сад, які жабінкаўцы дасюль пяшчотна завуць “Званочкам”. У яе і пацікавіўся, у чым бачыць сакрэт даўгалецця, у тым ліку сямейнага, свёкра і свякроўкі.
Першае слова, пачутае ў адказ, было: “гармонія”. Амельчукі дасягнулі вельмі шаноўнага ўзросту, маюць шырокі кругагляд, цікавяцца сённяшнім жыццём, у абодвух — выдатнае адчуванне гумару, які лечыць жыццёвыя нягоды. А яшчэ — адказнасць, дабрыня і спакой вызначаюць гэтых людзей. І, канечне, павага ды клопат адзін да аднаго.
— Васіль Мікалаевіч — чалавек з моцнай сілай волі, — упэўнена дадае Таццяна Вадзімаўна. — Тры гады таму меў сур’ёзную траўму. Амаль пяцьдзясят дзён адляжаў у бальніцы на расцяжцы. У родных — стрэс: ці паправіцца? А ён не сумняваўся — узяў сябе ў рукі. Калі не зойдзеш — абавязкова прыбраны, паголены, парфумам надушаны. Загадаў сабе зноў пачаць хадзіць — і пайшоў, за-тан-ца-ваў! Уяўляеце, дасюль на аўто ездзіць! На вадзіцельскім, а не пасажырскім месцы! Штодня ля крэсла — зарадка. І Марыя Васільеўна прытрымліваецца здаровага ладу жыцця, ходзіць са скандынаўскімі палкамі. Разам выконваюць кожную раніцу фізкультурныя практыкаванні. Амельчукі заўжды поруч: у багатым кветніку, на шчодрым агародзе або калі робяць яблычныя ды абляпіхавыя сокі. Шырокай душы і магчымасцяў людзі. Не-не ды скажуць: “Ой! Як хочацца пабачыць, якім далей будзе жыццё”. Для іх сямейнае шчасце — справа агульная і пры гэтым ціхая. У ёй няма месца для пахвальбы…
Хоць хваліцца Васілю Мікалаевічу і Марыі Васільеўне ёсць кім: яны маюць ужо выдатную па сённяшніх мерках “адзнаку” — дзясятку. Столькі агулам унукаў-праўнукаў у дзядулі і бабулі.
На здымку: такімі маладымі памятаюць іх многія жабінкаўцы. Фота з архіва Амельчукоў, 1970-я гады.
