Анатоль РОСТАЎ. Фота аўтара.
9 лістапада Валерыю Мігелю споўнілася б 55. Аднак юнаку з пасёлка Ленінскі назаўсёды засталося дзевятнаццаць, бо ў верасні 1982 года ён склаў галаву далёка ад роднага дома — на гарачай афганскай зямлі.
Ён нарадзіўся ў Івацэвіцкім раёне. Вёска, дзе 9 лістапада 1963 года прыйшоў на свет Валерый Мігель, завецца Заполле. Хлопчыку ішоў шосты год, калі сям’я перасялілася ў пасёлак Ленінскі. У той час хутка будаваўся і сам населены пункт, і торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскае”, куды Валеравы бацькі — Надзея Андрэеўна і Уладзімір Раманавіч — уладкаваліся на працу. Неўзабаве хлопчык пайшоў у першы клас Рагазнянскай школы, заканчваць давялося ўжо Ленінскую СШ. Як пазней прыгадвалі і колішнія аднакласнікі, і настаўнікі, Валерый, выхаваны на ідэалах свайго часу, аднойчы абурыўся ўголас: “Як шкада, што зараз няма месца подзвігу! Вось раней, у вайну, кожны дзень здзяйсняліся подзвігі!” Свой гераічны ўчынак, як аказалася, ён усё ж паспеў здзейсніць. Але адбылося гэта далёка ад роднага парога.
Пасля апошняга званка, развітаўшыся з роднаю школай, юнак уладкаваўся манцёрам пуцей на торфабрыкетны завод. На “Гатча-Осаўскім” склалася новая працоўная сямейная дынастыя. Аднак позняй восенню 1981 года Валерый Уладзіміравіч атрымаў позву з ваенкамата. З Жабінкі яго чакала дарога спачатку на поўнач — у вучэбную роту, што месцілася ў Прыбалтыцы, у Каўнасе, а затым — на поўдзень, дзе ішла неаб’яўленая Афганская вайна.
Ужо восенню 1982 года дамавіна з целам юнака прыбыла дамоў. Гэта быў першы выпадак, калі загінулы ў Афгане вярнуўся ў труне на малую радзіму. Пазней у 1983-м спіс прадоўжыў Васіль Дудар, яшчэ праз год да самотнага пераліку далучыўся Мікалай Мароз, а распачаў гэты рэквіем 16 верасня 1982-га менавіта Валерый Мігель. Пра яго подзвіг расказалі баявыя таварышы, якія прывезлі ў Ленінскі страшны “груз 200”.
У той дзень, 16 верасня, паблізу кішлака Сай разведка выявіла цэлую групу душманаў. Каб ліквідаваць бандытаў, была створана група ахвотнікаў, у якую увайшоў і гвардыі яфрэйтар Валерый Мігель, лепшы ў батальёне наводчык-аператар. Аднак, хоць сілы аказаліся няроўныя, у час бою ні разу не змоўк кулямёт у руках адважнага салдата. Валерый заўсёды знаходзіўся там, дзе было найцяжэй. Захопленыя боем, ніхто не заўважыў, як у тыл зайшла група мяцежнікаў. Не раздумваючы ні секунды, Мігель прыняў агонь на сябе і цаною ўласнага жыцця выратаваў таварышаў.
Цела Валерыя Уладзіміравіча было пахавана на Рагазнянскіх могілках. Пасмяротна ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. У памяшканні школы, якую заканчваў воін-інтэрнацыяналіст, абуладкаваны мемарыяльны куток з помнікам-бюстам Валерыя Мігеля.
На здымку: у Ленінскай сярэдняй школе беражліва захоўваюць памяць пра былога свайго выпускніка Валерыя МІГЕЛЯ.
