Якія дзіцячыя імёны найбольш папулярныя ў Жабінкаўскім раёне?

Мінулы год падарыў жабінкаўцам шмат радасных і памятных падзей. Што ж, зірнем на іх бліжэй.

Летась 128 пар пачалі сваю сямейную гісторыю, з іх для 115 гукі марша Мендэльсона пачуліся непасрэдна ў аддзеле загса. Самым шчодрым на вяселлі выдаўся верасень, калі ў раёне было зарэгістравана 25 шлюбаў.

Сярэдні ўзрост мужчын, якія надзелі залатыя пярсцёнкі сваім абранніцам, склаў 31 год (у жанчын гэты паказчык роўны 28). А вось максімальны ўзрост жаніха дасягнуў 69 гадоў (нявесты – 58).

На Жабінкаўшчыне зарэгістравана 95 нованароджаных хлопчыкаў і 84 дзяўчынкі. Самым ураджайным на дзяцей выдаўся жнівень, калі было зарэгістравана 25 немаўлятак. Непасрэдна ў аддзеле загса зарэгістраваны 128 “нашых сонейкаў”, а сярод сельвыканкамаў найбольшая колькасць нараджэнняў у Ленінскім (18 дзяцей) і Крыўлянскім (12).

Што цешыць, значна павялічылася колькасць шматдзетных сем’яў. Акрамя таго, 49 пар радаваліся з’яўленню першынца, у 67 сем’ях нарадзілася другое дзіця, у 36-ці – трэцяе. Яшчэ 13 пар займелі чацвёртага сына ці дачку, у дзевяці сем’ях з’явілася пятае немаўлятка, а ў дзвюх – шостае. Нарэшце, па адной сям’і на Жабінкаўшчыне абагаціліся адпаведна сёмым, восьмым і дзявятым дзіцём. Акрамя таго, дзве сям’і, у якіх нарадзіліся двайняты, без перабольшвання займелі падвойнае шчасце!

А вось і самыя папулярныя імёны мінулага года: мужчынскія – Мацвей, Арцём, Павел, Раман, Аляксандр, Іван і Мірон; жаночыя – Ева, Ганна, Вікторыя, Сафія, Анастасія, Ксенія і Марыя.

Былі, вядома, і рэдкія імёны: Сэмуэль, Дамір, Радзіён, Даніэль, Ціхан (для хлопчыкаў) і Тая, Мар’яна, Ільвіна, Інгрыд, Беата (для дзяўчынак).

Хочацца пажадаць, каб гэты год прынёс шмат светлых падзей у кожную сям’ю. Міру вам, шчасця і дабрабыту. Няхай сям’я для кожнага застаецца найвялікшым багаццем!

Галіна АКСЮЦІК,начальнік аддзела загса Жабінкаўскага райвыканкама; Анатоль БЕНЗЯРУК

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav