Як ваша слова адгукнецца

Рэпартаж са святочнага Іванава, дзе ў першыя вераснёўскія
выхадныя краіна святкавала Дзень беларускага пісьменства

Антон БЕРАСТОК.
Фота аўтара і Святланы БЯЛЯК.

І. Прагучалі “на ўсю іванаўскую”,  альбо Дзень першы,
калі зліліся адразу некалькі святаў

СЯРОД ШЭРАГУ СВЯТАЎ, на якія год багаты, Першага верасня засёды вылучаецца. Бо ў гэты дзень, вядома ж, паўсюль у Беларусі назіраецца падобная карціна: прыгожа прыбраныя хлопчыкі і дзяўчынкі з букетамі яркіх кветак спяшаюцца павіншаваць сваіх настаўнікаў з чарговым навучальным годам.
Сёлета так надарылася, што свята першага званка супала з пачаткам святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да юбілейнага ХХV Дня беларускага пісьменства. Цэнтрам урачыстасцяў стала палескае Іванава, альбо гістарычнае Янава (ці Янаў і нават Янова). Нездарма сярод многіх зазыўных запрашэнняў на свята патрапіўся і такі: “Завітайце ў Іванава, каб пабачыць Янаў!”(Да слова, у гэтага горада два пабрацімы – расійскае Іванава ды польскі Янаў-Падляскі).
Сімвалічна, што стартаваў сёлетні Дзень пісьменства ў Іванаўскай СШ № 4. Вакол яе з гэтага часу будуць цягнуцца да сонечнага святла дрэўцы, пасаджаныя ў Садзе Малітвы. Школа і свята равеснікі – ім абодвум па 25! Ёсць і яшчэ агульнае: і на пляцоўках важнага рэспубліканскага мерапрыемства, і ў вучнёўскіх класах панавала роднае беларускае слова. Бо СШ № 4 – адзіная гарадская школа на Брэстчыне, дзе навучанне цалкам вядзецца на матчынай мове. Сюды на ўрок ведаў завітаў міністр інфармацыі (адначасова – слынны пісьменнік, вядомы сваімі краязнаўчымі і дзіцячымі творамі) Алесь Карлюкевіч. Ён нагадаў, што “гэты год, абвешчаны Годам малой радзімы, нібыта напамін усім нам не забываць, адкуль мы родам, паважаць бацькоў, шанаваць Бацькаўшчыну”. Гэтыя словы, бясспрэчна, адгукнуліся ў думках і сэрцах жыхароў старадаўняга горада. Бо тут, у глыбінцы Берасцейскага Палесся, спрадвеку паважалі пісьменных людзей – сапраўдных кніжнікаў-падзвіжнікаў, улюбёных у веды, здольных несці адукацыю ды асвету. Нездарма янаўскі край нарадзіў такую велічную асобу, як Напалеон Орда, стаў калыскаю роду Дастаеўскіх, скуль паходзіць сусветны класік Фёдар Дастаеўскі. Гэтая зямля прыняла ў сябе і цела каталіцкага святога Андрэя Баболі, забітага ў вайну 1648 года (касцёл, прысвечаны яму, знаходзіцца побач з праваслаўнай царквой на галоўнай гарадской плошчы).
Як заўважыў пісьменнік Андрэй Мазько (сам янавец па паходжанні), трэба нізка да зямлі пакланіцца той светлай галаве, у якую некалі (а з таго часу мінула вось ужо чвэрць веку) прыйшла думка ладзіць падобныя вялікія імпрэзы не ў сталіцах, дзе і так хапае святаў, а ў невялічкіх гарадках, колішніх мястэчках, падобных на Іванава. Гэта спрыяе іх уздыму і ў культурным, і ў матэрыяльным плане.
Што казаць – свята прыцягальнае. У ягоных межах вось ужо ў дванаццаты раз ладзіўся круглы стол “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго”. У гэтым сяброўскім коле пісьменнікі розных народаў здолелі яшчэ шчыльней пасябраваць і наладзіць дыялог. У Варацэвічы, на малую радзіму Напалеона Орды, сёлета прыехалі госці з Расіі і Казахстана, Украіны і Латвіі, Кыргызстана і Узбекістана, Польшчы і Літвы, нават з экзатычнага Эквадора. Цікава было даведацца, што беларускія творцы шырока вядомы ў свеце, а музей Янкі Купалы, напрыклад, паспяхова дзейнічае і ў далёкім Татарстане.
Напаміны пра родны край, упрыгажэннем якога здаўна было роднае беларускае слова, сустракаліся літаральна на кожным кроку. Усялякі госць знаходзіў сабе па гусце тэматычныя выставы, размешчаныя ў шырокіх павільёнах. Цікавасць выклікалі “Кнігі і прэса Рэспублікі Беларусь”, дзе дэманстраваліся навінкі сучаснага друку – лепшыя выданні для дарослых, для юнацкай і самай маленькай чытацкай аўдыторыі. А пры жаданні апынуцца ў атмасферы мінуўшчыны і пабачыць, як нараджаліся першадрукі ў часы Скарыны ды Буднага, Цяпінскага і Радзівіла Чорнага, не патрабавалася ніякай машыны часу: дастаткова было наведаць “Друкарскі двор ХVI стагоддзя”. Там, на варштаце, што ў дэталях паўтараў скарынінскі, майстар на вачах гасцей ціснуў чорныя буквіцы на белыя папяровыя старонкі…
А побач гучаў Купала – вершы з ягонай “Жалейкі”, што пабачыла свет (а лепей сказаць – цудоўна загаманіла з чытачамі сакавітай беларускай мовай) роўна 110 гадоў таму. Купалаўскаму слову ва ўнісон гучалі сучасныя дзіцячыя галасы. Гэта сваё майстэрства паказвалі фіналісты рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, прысвечанага Году малой радзімы.
Асабліва трапяткую ўвагу янаўцы, вядома, удзялялі сваім палескім талентам. Для таго і былі арганізаваны краязнаўчыя чытанні па рукапісным творы ХІХ стагоддзя “Сяляне мястэчка Моталь і іх песні”, а рэдактар газеты “Янаўскі край” Ігар Гетман прэзентаваў кнігу, створаную да Дня пісьменства і прысвечаную асобам, што зараз праслаўляюць сваёй працай гэты непаўторны куток Беларусі.
Не-не ды назіралася і такая карціна: ад дружнай сябрыны берасцейскіх пісьменнікаў аддзяляўся той ці іншы янаўскі нараджэнец, а ўжо праз нейкую хвіліну-другую ягоныя вершы (а часам і гучны спеў) былі далёка чуваць з балконаў мясцовага Цэнтра культуры і традыцый. Гэтак праходзілі музычна-паэтычныя чытанні “Янаўскія замалёўкі”.
Увогуле, “прагучаць на ўсю іванаўскую”, як нехта жартам заўважыў, змог кожны майстар слова Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ. На працягу ўсяго першага святочнага дня павільён “Слова пісьменніка” быў прадастаўлены ў іх распараджэнне. Пляцоўка не пуставала ні на хвіліну, выклікаючы цікавасць у гасцей свята. Найбольш людна стала навокал, калі сюды завіталі высокія духоўныя асобы – архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан ды архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан. З іх удзелам адбылося ўганараванне лаўрэатаў літконкурсу “Духоўная веліч”, што ўпершыню праводзіўся епархіямі сумесна з аблвыканкамам і пісьменніцкай сябрынай. Былі агучаны імёны пераможцаў. Імі сталі празаік Мікола Елянеўскі (пасмяротна), пісьменніца Зінаіда Дудзюк у намінацыі “Дзіцячая літаратура” і паэтка са Століншчыны Галіна Бабарыка. Акрамя добрых слоў-пажаданняў, прамоўленых на роднай мове, абодва ўладыкі ўручылі найлепшым з удзельнікаў “Духоўнай велічы” шыкоўнае выданне “Бібліі”, летась перакладзенай з грэчаскай мовы на беларускую.
Прыгожым і надзвычай запамінальным акордам таго дня стала прыбыццё ў Іванава традыцыйнай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да Святыняў” з жыватворным агнём, што быў запалены ад Гроба Гасподняга. Міжволі, назіраючы, як іскаркамі свечак разлятаецца ён па горадзе ды наваколлях ад тутэйшай Свята-Пакроўскай царквы, згадваўся 2005 год, калі Дзень беларускага пісьменства святкаваўся ў Камянцы, а іерусалімскі агонь завітаў на сваім шляху ў храм Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў Жабінцы…

ІІ. Узброеныя “Янавым словам”, альбо Дзень другі, калі не абмінула Брэст узнагарода

ТРАДЫЦЫЙНА ДРУГІ дзень лічыцца галоўным. Тады й адбываюцца найбольш значныя мерапрыемствы, у тым ліку афіцыйнае адкрыццё свята, ды вырашаецца галоўная інтрыга: хто ж на гэты раз стане лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі?
Зноў жа па традыцыі сталіцы культурных форумаў, іх жыхары ды госці і пасля фінальных фанфар маюць своеасаблівыя прыемныя падарункі – гарады прыгажэюць і нават крыху маладзеюць, атрымліваючы новы імпульс для развіцця.
Іванава, канечне, не стала выключэннем. Тут адчыніла свае дзверы кнігарня з сімвалічнай назвай “Верасень”, быў прыкметна адноўлены гарадскі парк (у ім ладзіліся адкрыццё і закрыццё юбілейнага Дня пісьменства). А ў самым сэрцы горада – на вуліцы 17 Верасня, якая цяпер цалкам аддадзена пад уладу пешаходаў, – адлік часу распачаў сонечны гадзіннік. Ён быў урачыста адкрыты ў прысутнасці шматлікіх гасцей свята. Гэты памятны знак адразу прыйшоўся даспадобы аматарам фотасесій, атрымаўшы назву “Янава слова”. Ён уяўляе сабою вялікае гусінае пяро, якім спрадвеку стваралі свае бессмяротныя творы класікі прыгожага мастацтва. Рухаючыся па сонцы (а надвор’е, тэба сказаць, трымалася ўвесь час гарачым, бясхмарным), тое пяро за дзень сваім ценем апісала кола, прыгадаўшы пазначаныя ўнізе ўсе гарады-сталіцы Дня беларускага пісьменства з 1994-га па сёлетні год.
Для берасцейскіх пісьменнікаў другі дзень распачаўся з прыемнай неспадзяванкі. Ад імя Саюза пісьменнікаў Беларусі шэраг творцаў былі ўзнагароджаны Лістамі падзякі за подпісам старшыні грамадскага аб’яднання Мікалая Чаргінца. Мікалай Іванавіч адзначыў іх унёсак у папулярызацыю Года малой радзімы. У ліку ўганараваных – жабінкаўцы Анатоль і Расціслаў Бензерукі, якія далёка не першы дзень надзейна абрабляюць краязнаўчую ніўку.
Аднак галоўная інтрыга чакала ўсё ж наперадзе: ці застанецца хоць адна вышэйшая ўзнагарода на Берасцейшчыне? Нагадаем, Нацыянальная літаратурная прэмія, створаная ў 2015 годзе, пакуль абыходзіла нашых землякоў. Так бы мовіць, па вусах цякло, ды ў рот аніяк не трапляла… Таму было спадзяванне, што ў час, калі свята завітала на палескую зямлю, узнагарода можа не абмінуць кагосьці з землякоў.
Уганараванне распачалося адразу пасля вялікай мастацка-тэатральнай дзеі “Малой радзіме пакланюся!”.
На гэты раз журы давялося выбіраць найлепшыя творы з паўсотні кніг, дасланых на конкурс. Толькі кожны дзясяты павінен быў стаць пераможцам.
…Нібыта для таго, каб інтрыга цягнулася як мага даўжэй, спачатку на сцэну ўзнімаюцца сталічныя мэтры, чые творы прызнаны лепшымі ў намінацыях “Паэзія”, “Проза” і “Драматургія”. Іх імёны добра вядомы аматарам роднага слова. Гэта Казімір Камейша, Васіль Шырко і Георгій Марчук. Кожны з іх ведае, як можа адгукнуцца слова, пакінутае прафесійным пісьменніцкім пяром. Кожны даўно ў літаратуры, мае не адзін дзясятак выдадзеных кніг.
Нарэшце, гучыць прозвішча прызнанага майстра слова з Брэста Зінаіды Дудзюк. Зінаіда Іосіфаўна названа аўтарам лепшых твораў у жанры публіцыстыкі, аб’яднаных у кнігу “Пара высокага сонца”. Такім чынам, упершыню ў гісторыі Нацыянальная літпрэмія ўсё ж такі едзе ў горад над Бугам.
Напрыканцы – яшчэ колькі слоў пра пераможцу. Зінаіда Дудзюк добра знаёмая чытачам з Жабінкі. Неаднойчы яна выступала на творчых вечарынах у нашых бібліятэках. Друкуецца аўтарка больш за паўвека, піша – яшчэ даўжэй, з юнацкіх часоў. Вынікам такога вялікага шляху ў пісьменстве сталі амаль чатыры дзясяткі кніг, створаных і ўкладзеных у самых розных жанрах – ад дзіцячай літаратуры да прозы, паэзіі, драматургіі. Яе творы выходзілі не толькі ў Брэсце і Мінску, але нават у канадскім горадзе Таронта. Да шматлікіх узнагарод, якія ўжо мела раней Зінаіда Дудзюк, сёння дадалася мо найгалоўнейшая – Нацыянальная літаратурная прэмія.
…І колькі слоў напрыканцы.
Працяг абавязкова будзе.
Бо яшчэ не паспелі адгучаць апошнія акорды свята, а ўжо міжволі атрымалася зазірнуць наперад.
– А ці праўда, што на наступны год такое ж свята завітае да нас? – прагучала пытанне ад жанчыны, што гандлявала сувенірнымі вырабамі з выявамі айчыннай сімволікі.
Давялося спыніцца ля яе палаткі. Тамара (так назвалася прадпрымальніца) аказалася з Гародні, амаль выпадкова патрапіла ў Янава-Іванава і была прыемна здзіўлена, наколькі тут глыбока адчуваецца непадробны палескі каларыт.
Жанчыну вельмі ўзрадавала, калі пацвердзіў: літаральна паўгадзіны мінула, як эстафету сталіц Дня беларускага пісьменства падхапіў Слонім – горад, што адлічыў з часу заснавання больш за 1100 гадоў.
Гэткім чынам наступны прыпынак свята – цудоўны і загадкавы Прынёманскі край. Можна не сумнявацца: ён умее ўзрушыць душу і сэрца дзівоснымі краявідамі, старажытнымі замкамі-вежамі ды вялікім працалюбствам людзей, а яшчэ – сваім надзвычай прыгожым, без перабольшвання скажу, шляхетным пісьменствам.