Бывае, што пад Новы год здараюцца розныя цуды, якія шмат мяняюць у жыцці. Для Жабінкі і яе жыхароў такія змены наступілі ў самым канцы 1970 года, калі гарадскі пасёлак стаў афіцыйна горадам.

Вядома, Жабінка, як і многія гарады, вырасла з амаль непрыкметнага паселішча ў сутоцы Мухаўца і рэчкі Жабінкі. Тым больш радасна было прачытаць жыхарам населенага пункта 55 гадоў таму ў раённай газеце “Сельская праўда” прыемную навіну. Раёнка на сваёй першай старонцы коратка паведаміла пра важную падзею: з 23 снежня 1970 года Жабінка атрымала статус горада.

За такой навіной стаяў вялікі сэнс, паколькі новы салідны статус павінен быў моцна паспрыяць росту населенага пункта, што і здарылася. Прынамсі, за 55 гадоў насельніцтва ў горадзе вырасла ў два разы (з сямі тысяч да чатырнаццаці), а ў будаўніцтве, тэхніцы, развіцці інфрастуктуры лічбы, што пацвярджаюць развіццё, яшчэ больш значныя. Вось толькі адзін вельмі яскравы прыклад. Калі ў 1969 годзе жабінкаўцы мелі ва ўласным карыстанні ўсяго 18 аўтамабіляў, дык сёння колькасць машын і палічыць няпроста.

Увогуле, за некалькі стагоддзяў наша Жабінка ў сваім жыцці і імклівым развіцці прайшла шлях ад невялічкага хутара, вядомага з вясны 1746 года, да горада – значнага адміністрацыйнага, эканамічнага і культурнага цэнтра нашага краю.


Такая падзея не магла застацца па-за ўвагай работнікаў Жабінкаўскай цэнтралізаванай клубнай сістэмы. У дні, калі набліжаюцца прыемныя святы, іх намаганнямі была створана выстава “Навагодняе прывітанне з мінулага”. Гэта сапраўдная сустрэча з гісторыяй, здольная нагадаць наведвальнікам гарадскога Дома культуры адразу пра два юбілеі: 55-годдзе Жабінкі-горада і 90-я ўгодкі з часу, калі была адроджана традыцыя ўпрыгожваць святочныя ялінкі і разам адначаць вясёлы Новы год.


Як расказала метадыст сектара нестацыянарнага абслугоўвання Галіна Дулевіч, разлядаючы напярэдадні свята старыя паштоўкі, яна натхнілася ідэяй стварыць падобную выставу. У гэтым Галіна Генрыхаўна адразу знайшла падтрымку і дапамогу з боку таленавітай мастачкі Ірыны Грэчка.
Вельмі хутка дзякуючы неабыякавым людзям “Навагодняе прывітанне з мінулага” пачало пашырацца і ўжо не магло ўмясціцца ў адзін чароўны чамаданчык. Сапраўдная калекцыя, якая нагадвае пра савецкія часы, ахоплівае даволі працяглы час з сярэдзіны 50-х да 80-х гадоў мінулага стагоддзя.





Наведвальнікі з цікавасцю аглядаюць выставу. І нават могуць, як гэта зрабіў Аляксандр Высоцкі, палюбавацца чырвонай зоркай. Некалі яна ўпрыгожвала навагоднюю ялінку. Аляксандр Іванавіч нават паспрабаваў даць ёй, так бы мовіць, другое жыццё. І гэта ў яго атрымалася – зорка зазіхацела! Такі цудоўны экспанат на выставу ў ГДК перадала Алена Міхайлаўна Чыжэвіч.
Увогуле, у баку ад стварэння “Навагодняга прывітання з мінулага” не засталіся і іншыя жабінкаўскія жыхары. Да пазнавальнай справы, якая прыемна абуджае памяць пра найлепшае, з чым звязаны Новы год, акрамя непасрэдных стваральніц, далучыліся Вольга Казека і Святлана Грамакоўская.



Ёсць таксама магчымасць пазнаёміцца і з рознымі навагоднімі цацкамі ды святочнымі паштоўкамі. Галіна Дулевіч прынесла на выставу 17 паштовак і з задавальненнем расказае літаральна пра кожную з іх. Ведае яна шмат і пра савецкіх мастакоў – стваральнікаў гэтай прыгажосці: Уладзіміра Чацверакова, Івана Дзергілёва, Любоў Пахітонаву, чые творы выпускаліся ў Савецкім Саюзе мільённымі тыражамі. Найстарэйшае паштовае пасланне, аформленае акуратным каліграфічным почыркам, можна прачытаць з 1982 года. Гэта сапраўдны голас з мінулага, пачуты праз доўгія часы.






Не меншую цікавасць выклікаюць старыя фотаздымкі, здольныя расказаць, як у Жабінцы, навакольных вёсках ды іншых мясцінах нашай краіны раней адзначалі навагоднія святы. Найстарэйшае фота адсылае нас у сярэдзіну мінулага веку, калі ў Арэпіцкай школе сабраліся настаўнікі (многія з іх – былыя франтавікі), каб праводзіць стары і сустрэць чарговы год. На жаль, дакладная дата гэтай фотакарткі не вядома. Затое наступны здымак сведчыць сам за сябе: дзеці сустракаюць 1971-ы – першы год, калі Жабінка “прымярала” на сябе гарадскі статус. А гэта значыць, менавіта гэтым маленькім жабінкаўцам давялося будаваць і добраўпарадкоўваць, ствараць і развіваць родную Жабінку ў будучым. Пра гэта сведчаць сямейныя рарытэты, якімі падзяліліся для выставы Наталля Шаўчук, Ірына Леанцюк ды Галіна Дулевіч.







Акрамя таго, Галіна Генрыхаўна з асаблівай любасцю разглядае і расказвае пра вялікія шкляныя цацкі, якія сталі сапраўдным ўпрыгажэннем калекцыі. За імі нездарма замацавалася вызначэнне “крамлёўскія”, паколькі гэтыя гіганцкія цацкі вырабляліся для святочнага карнавала, што з 1935 года ладзіўся ў Маскоўскім Крамлі. Пазней гэта традыцыя прыжылася і ў іншых рэспубліках СССР, у тым ліку ў беларускай сталіцы. Ёсць на выставе і “модная” некалі цацка-гадзіннік, якую грамадзяне ахвотна набывалі пасля таго, як у свет выйшаў кінафільм “Карнавальная ноч” з надзвычай папулярнай песенькай у выкананні Людмілы Гурчанкі пра пяць мінут, што прынясуць абавязкова цуд. Са свайго боку і мы ўсім таго жадаем.


















Анатоль РОСТАЎ
Фота Дзіяны МЕЛЬНІКАВАЙ
