Верасень 1982-га. Мінула роўна чатыры дзясяткі гадоў з часу трагедыі, і на месцы Драмлёва нарэшце паўстаў велічны мемарыял. Як гэта адбывалася, расказваюць непасрэдныя ўдзельнікі.
Ад ідэі да ўвасаблення
Ініцыятыва належна ўшанаваць трагічную старонку нашай гісторыі прыйшла, як гаворыцца, “з нізоў”.
Успамінае хмелевец Аляксей ДОШЧЫК:
— Згадваю верш земляка Івана Арабейкі, дзе ёсць і такі радок: “Цяпер тут памяць і трава…” Не, памяць наша зараз адліта ў бронзе і бетоне, увекавечана ў кургане і валунах, асвечана крыжам і сагрэта цяплом рук дбайных людзей. Яна — у нашых сэрцах.
А пачынаўся сённяшні мемарыял так. Я меў усяго 27 гадоў, калі ў жніўні сем-дзесят чацвёртага, незадоўга да чарговай гадавіны драмлёўскай трагедыі, быў абраны старшынёй калгаса “Усход”.
…Вось сабраліся 11 верасня на мітынг каля невысокага кургана і каменя на ім з памятным надпісам, выбітым мясцовым кавалём. Высокія выступоўцы з райцэнтра адзін за адным казалі: тут павінен быць помнік, тут будзе помнік… На другі год паўтарылася тое самае, а справа не распачыналася. Неяк не па сабе стала: гэта ж на тэрыторыі твайго калгаса вогненная вёска, трэба брацца самому.
Я выхоўваўся патрыётам і ў роднай Хмелеўскай школе, і ў сям’і. Мой тата Раман Сямёнавіч у сорак чацвёртым апрануў шынель, дайшоў з баямі да Берліна, вярнуўся з салдацкім ордэнам Славы і медалём “За адвагу”. Бачыў я і франтавікоў-аднавяскоўцаў: хто без рукі, хто без нагі, а то і дзвюх… Не заставалася ніякіх ваганняў: трэба годна ўшанаваць жыхароў Драмлёва.
Сваім намерам падзяліўся з былым суседам Васілём Куліком. Той працаваў у Міністэрстве культуры Беларусі, акурат у аддзеле, што займаўся гістарычнай спадчынай. Васіль Паўлавіч падтрымаў ідэю адразу. Узнікла мо адно з самых галоўных пытанняў: хто зробіць скульптуру, якая стане цэнтральнай у комплексе? Кулік пазнаёміў мяне з загадчыкам кафедры скульптуры тэатральна-мастацкага інстытута Анатолем Анікейчыкам. Славуты майстра паклікаў свайго вучня Уладзіміра Вараб’ёва, для якога мемарыял “Драмлёва” стаў магчымасцю ярка заявіць пра сябе. Хлопец загарэўся ідэяй і вырашыў спыніцца на матыве вечнасці жыцця, увасобленым у фігурах жанчын трох пакаленняў. Пазней выкладчык кафедры архітэктуры Беларускага політэхнічнага інстытута Юрый Казакоў зрабіў архітэктурны накід будучага мемарыяла.
Тым часам у інстытуце маладому скульптару выдзелілі прасторнае памяшканне для работы. А ў калгасе нашы цесляры змайстравалі для яго вялікі і трывалы драўляны подыум, што круціўся на шарыкавых падшыпніках, каб разьбяр мог бачыць свой твор з усіх бакоў. Гліну таксама заказвалі мы — у Брэсце на цагельным заводзе, а потым завезлі яе на самазвалах у Мінск.
Пакуль рыхтавалася скульптурная кампазіцыя, калгас пачаў ажыццяўляць архітэктурны праект. Займаўся гэтым вызвалены ад іншых абавязкаў інжынер-будаўнік Іван Філіманюк. Адначасова намеснік старшыні райвыканкама Сцяпан Антановіч дамовіўся з Баранавіцкім заводам сянажных вежаў, каб выдзелілі спецыяльныя пліткі. Да насыпкі кургана падключыўся цукровы завод, які ўзначальваў Генадзь Вялько — будучы Ганаровы грамадзянін Жабінкаўскага раёна. Ён выдзеліў магутныя КрАЗы, экскаватар, і механізатары разабралі пясчаную гару па дарозе на Сцяпанкі, а заводскі бульдазерыст узвёў курган, які потым падраўнялі ўручную. Бетонныя падмуркі пад камень і знак “Драмлёва” зрабіла міжкалгасная будаўнічая арганізацыя (цяперашняя ПМК-10).
Тым часам Уладзімір Вараб’ёў выканаў у гліне кампазіцыю, спецыяльная дзяржаўная камісія вынесла станоўчае заключэнне і разам з выкладчыкамі інстытута ацаніла на выдатна аўтарскую работу.
На адліўку помніка з бронзы калгас “Усход” заключыў дагавор з эксперыментальным заводам мастацкага ліцця ў Калядзічах. Дэфіцытны сплаў меўся толькі для помнікаў Марксу і Леніну перад будынкам ЦК КПБ. Доўга расказваць, колькі разоў давялося ездзіць у сталіцу, грукацца ў шматлікія высокія кабінеты, даказваць, наколькі патрэбную справу робяць людзі. Нарэшце лёд зрушыўся — “выбіў” тую бронзу (балазе, скульптуры правадырам пралетарыяту яшчэ не былі падрыхтаваныя). Давялося таксама “вырываць” з войска скульптара, якога прызвалі на тэрміновую службу. Нарэшце работа была закончана, і ў хуткасці, 12 верасня 1982 года, мемарыял “Драмлёва” быў урачыста адчынены.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымку: Аляксей ДОШЧЫК разам са Святланай ФІЛІМОНАВАЙ (жонкай скульптара Уладзіміра Вараб’ёва) у “Драмлёве”.
